Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),

расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл. Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.

Тв.:

Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;

Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;

Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;

Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;

Социология. Т. 1—2. М., 1910.

Літ.:

Сафронов Б.Г. М.​М.​Ковалевский как социолог. М., 1960.

М.М.Кавалеўскі.

т. 7, с. 392

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Уладзімір Ануфрыевіч) (14.8.1842, с. Шусцяны Прэйльскага р-на, Латвія — 28.4.1883),

расійскі прыродазнавец, заснавальнік эвалюц. палеанталогіі. Брат А.А.Кавалеўскага. Паслядоўнік і прапагандыст вучэння Ч.​Дарвіна. У 1869—74 працаваў у Францыі, Германіі, Англіі, з 1875 у Пецярбургскім ун-це, з 1880 дацэнт Маскоўскага ун-та. Аўтар працы па гісторыі развіцця канечнасцей капытных жывёл. Першым з палеантолагаў дастасаваў эвалюц. вучэнне да праблем філагенезу пазваночных. Адкрыў узаемасувязь марфалогіі і функцыян. змен у залежнасці ад умоў існавання, адзначыў, што існуе залежнасць узаемасувязі з геал. пераўтварэннямі. Пераклаў на рус. мову шэраг работ Дарвіна.

Тв.:

Собр. науч. тр. Т. 1—2. М., 1950—56.

т. 7, с. 393

КАВАЛЕ́ЎСКІ (Ягор Пятровіч [18.2.1809) (па інш. крыніцах, 1811),

с. Ярошаўка Харкаўскай вобл., Украіна — 2.10.1868], расійскі падарожнік і пісьменнік. Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1857, чл.-кар. 1856). Скончыў Харкаўскі ун-т (1828). Даследаваў Паўн.Усх. Афрыку (1847—48), адзін з першых вызначыў дакладнае геагр. становішча вытокаў Белага Ніла. Друкавацца пачаў як паэт (1832), пісаў таксама раманы і аповесці, але найб. вядомасць меў як аўтар нарысаў аб паездках у Сярэднюю Азію, Афрыку, па Пд Еўропы і інш. Склаў апісанне Манголіі і Кітая («Падарожжа ў Кітай», ч. 1—2, 1853) на аснове матэрыялаў, якія сабраў у час падарожжаў у Пекін (1849—50 і 1851).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. СПб., 1871—72.

т. 7, с. 393

КАВА́ЛЕЦ ((Kawalec) Юльян) (н. 11.10.1916, мяст. Вжавы Тарнабжэскага ваяв., Польшча),

польскі празаік і публіцыст. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це. Першы зб. апавяд. «Сцежкі сярод вуліц» (1957). У зб. навел «Звалены вяз» (1962), мікрараманах «Да зямлі прыпісаны» (1962), «Танцуючы ястраб» (1964), «Шэры арэол» (1973), раманах «Вясельны марш» (1966), «Пераплывеш раку» (1973), аповесцях «Шукаю дом», «Заклік» (абедзве 1968), «Выкрасці брата» (1982), зб. апавяд. «Гітара з райскай чарэшні» (1990) паказаў жыццё вёскі ў складаных гісторыка-сац. умовах, змены ў побыце і свядомасці сялян пасля 1945, пошукі гармоніі з сял. светам і інш. Прозе ўласцівы сімволіка, часовыя інверсіі, біблейская стылізацыя. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.​Гапава, Я.​Брыль, А.​Бажко, П.​Стафановіч.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1986.

Літ.:

Гапава В.І. Зменлівае і спрадвечнае. Мн., 1975.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 7, с. 393

КАВАЛЁВА (Галіна Аляксандраўна) (7.3.1932, г. Гарачы Ключ Краснадарскага краю, Расія — 8.1.1995),

расійская спявачка (каларатурнае сапрана), педагог. Нар. арт. Расіі (1967), нар. арт. СССР (1974). Скончыла Саратаўскую кансерваторыю (1958). Дэбютавала ў 1958 у Саратаўскім т-ры оперы і балета. З 1960 салістка Марыінскага т-ра. З 1971 выкладала ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (праф. з 1981). Сярод партый: Антаніда, Людміла («Іван Сусанін», «Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Марфа («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.​Вердзі), Анастасія («Пётр I» А.​Пятрова). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе маладых оперных спевакоў (Сафія, 1961), 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1962). Дзярж. прэмія Расіі 1978.

т. 7, с. 393

КАВАЛЁВА (Яўгенія Антонаўна) (н. 28.8.1924, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1989). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1949); працавала ў гэтым тэатры ў 1949—94. Створаныя ёю вобразы адметныя шчырасцю, праўдзівасцю, нар. гумарам. З лепшых роляў: Поля («Характары» паводле В.​Шукшына), Дама («Цытадэль славы» К.​Губарэвіча), Аксана («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Альжбета, Жанчына («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Акуліна («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Суседка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.​Чарота), Маці Мотэла («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема) і інш.

М.​А.​Бартніцкая.

т. 7, с. 393

КАВАЛЁНАК (Уладзімір Васілевіч) (н. 3.3.1942, в. Белае Крупскага р-на Мінскай вобл.),

савецкі касманаўт. Ген.-палк. авіяцыі (1993). Двойчы Герой Сав. Саюза (1978, 1981), Герой ГДР (1978), Герой МНР (1981). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд. ваен. н. (1985), праф. (1991). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваен. авіяц. вучылішча (1963), Ваен.-паветр. акадэмію імя Ю.​А.​Гагарына (1976), Ваен. акадэмію Генштаба (1984). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. З 1984 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, з 1986 у ВПС. З 1988 у Ваен. акадэміі Генштаба, з 1991 нач. Цэнтр. НДІ авіяц. і касм. тэхнікі Мін-ва абароны Расіі. З 1992 нач. Ваен.-паветр. інж. акадэміі імя М.​Я.​Жукоўскага. 9—11.10.1977 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-25» (як камандзір); 15.6—2.11.1978 з А.С.Іванчэнкавым — на КК «Саюз-29» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся грузавыя трансп. караблі тыпу «Прагрэс», К.К «Саюз-30», з П.І.Клімуком і М.Гермашэўскім, «Саюз-31» з В.Ф.Быкоўскім і З.Енам; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-31»); 12.3—26.5.1981 з В.П.Савіных — на КК «Саюз Т-4» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (як камандзір; да станцыі прыстыкоўваліся КК «Саюз-39» з У.А.Джанібекавым і Ж.Гурагчам і «Саюз-40» з Л.А.Паповым і Д.Прунарыу). Правёў у космасе 216,38 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

У.В.Кавалёнак.

т. 7, с. 393

КАВАЛЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (31.12.1915, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 18.12.1991),

украінскі скульптар. Нар. мастак СССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1942). Майстар станковага і манум. партрэта (П.​Чайкоўскага, Л.​Равуцкага, абодва 1945; А.​Фёдарава, 1985, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнай пластычнай прапрацоўкай і жывапіснасцю форм. Аўтар помнікаў А.​Пушкіну ў Кіеве (1962) і Нью-Йорку (1970), М.​Лысенку ў Кіеве (1965), М.​Гогалю ў с. Гогалева Палтаўскай вобл. (1984) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

Літ.:

Янко Д. О.​О.​Ковальов. Київ, 1964.

Аляксандр Аляксандравіч Кавалёў. Помнік А.​Пушкіну. 1962. Кіеў.

т. 7, с. 393

КАВАЛЁЎ (Анатоль Анатолевіч) (н. 13.1.1939, г. Гомель),

бел. фізік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989). Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1961). З 1964 у Ін-це фізікі, з 1971 у Ін-це электронікі Нац. АН Беларусі (з 1982 нам. дырэктара). Навук. працы па лазернай фізіцы, нелінейнай оптыцы вадкіх крышталёў, апрацоўцы аптычнай інфармацыі. Развіў метады кіравання параметрамі выпрамянення цвердацелых лазераў для задач атрымання і апрацоўкі інфармацыі; устанавіў асн. заканамернасці палярызацыі выпрамянення лазераў на фарбавальніках і нелінейна-аптычных з’яў, што ўзнікаюць у вадкакрышт. анізатропных асяроддзях пад уздзеяннем выпрамянення цвердацелых лазераў. Дзярж. прэмія СССР 1985. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптические квантовые генераторы с просветляющимися фильтрами. Мн., 1975 (разам з У.​А.​Піліповічам);

Поляризация излучения, генерируемого растворами сложных молекул (з ім жа) // Проблемы современной оптики и спектроскопии. Мн., 1980;

ОВФ в нематиках, активированных красителями, в поле импульсного излучения рубинового лазера (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1995. Т. 22, № 8.

А.А.Кавалёў.

т. 7, с. 394

КАВАЛЁЎ (Анатоль Фёдаравіч) (н. 10.5.1926, в. Даўгаполле Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастацтвазнаўца, жывапісец, дызайнер. Канд. мастацтвазнаўства (1973). Праф. (1992). Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.-прамысл. вучылішча імя В.​Мухінай (1958). З 1963 у Віцебскім ун-це. Даследуе тэорыю і практыку дызайну. Сярод жывапісных работ: «Бацька Мінай» (1980), «Бацькава хата», «З вогненнай вёскі» (абедзве 1986), «Сафія Полацкая» (1987), «Позняя восень», «Вёска Даўгаполле» (абедзве 1988), «Дарога да Пушкіна» (1992), «Віцебская даўніна», «Зімовая казка», трыпціх «Гімн старому Віцебску» (усе 1996). Распрацаваў эмблему Ульянаўскага аўтазавода, шэраг юбілейных медалёў і інш.

Тв.:

Сяргей Селіханаў. Мн., 1978.

В.​В.​Шамшур.

Анатоль Фёдаравіч Кавалёў. Вёска Даўгаполле. 1988.

т. 7, с. 394