КАВАЛЕ́ЎСКІ (Восіп Міхайлавіч) (9.1.1801, г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. — 21.10.1878),

гісторык, адзін з заснавальнікаў манголазнаўства ў Расіі. Акад. Пецярбургскай АН (1847), праф. (1834). Скончыў Свіслацкую гімназію (1817), Віленскі ун-т (1821). З 1821 выкладаў у Віленскай гімназіі. У 1825 арыштаваны за ўдзел у тайных т-вах, высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1829—30 наведаў Манголію і Кітай. З 1833 выкладаў у Казанскім ун-це, заг. першай у Еўропе кафедры манг. мовы. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 у Варшаве, выкладаў усеаг. гісторыю ў Гал. школе (з 1869 ўн-т). Аўтар прац «Кароткая граматыка мангольскай кніжнай мовы» (1835), «Мангольская хрэстаматыя» (т. 1—2, 1836—37), «Мангольска-рускафранцузскі слоўнік» (т. 1—3, 1844—49, Дзямідаўская прэмія Пецярбургскай АН) і інш.

Літ.:

Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 5.

У.​М.​Міхнюк.

т. 7, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)