Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІРЫЗА́ЦЫЯ (ад грэч. iris вясёлка),

каляровы водбліск на гранях і плоскасцях спайнасці некат. мінералаў (напр., кальцыту, лабрадору, апалу) пры праходжанні святла. Выклікана субмікраскапічнымі арыентаванымі часткамі розных металаў. Назіраецца таксама на краях т. зв. ірызуючых воблакаў (высокакучавых або слаіста-кучавых, часам перламутравых), якія знаходзяцца з боку ад Сонца, але не закрываюць яго. Звычайна можна распазнаць чырвоныя і зялёныя колеры. З’ява І. воблакаў тлумачыцца дыфракцыяй святла ў воблачных кропельках.

т. 7, с. 325

ІРЫ́НІН (сапр. Бурштын) Барыс Сяргеевіч

(10.8.1893, в. Заплюссе Лужскага р-на Ленінградскай вобл., Расія — 4.4.1964),

рускі паэт-перакладчык. Скончыў Маскоўскі ун-т (1918). Друкаваўся з 1913. З 1938 перакладаў на рус. мову творы ўкр. (А.​Малышкі, М.​Рыльскага), літ. (А.​Венажындзіса, Майроніса), чув. (К.​Іванова) і інш. паэтаў. З бел. мовы пераклаў паэму Я.​Коласа «Рыбакова хата» (з С.​Гарадзецкім і П.​Сямыніным, 1949), асобныя творы Я.​Купалы, М.​Багдановіча (у кн. «Выбраныя вершы», 1940), П.​Броўкі (у кн. «Выбранае», 1949), М.​Танка (у кн. «Вершы. Казкі. Паэмы», 1953) і інш. Аўтар успамінаў пра Я.​Купалу і Я.​Коласа.

т. 7, с. 325

ІРЭДЭНТЫ́ЗМ (ад італьян. irredento нявызвалены),

палітычны і грамадскі рух у Італіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. за далучэнне да Італіі пагранічных зямель Аўстра-Венгрыі з італьян. насельніцтвам — Трыеста, Трэнціна і інш. На пачатку быў прадстаўлены дэмакр. апазіцыяй. У 20 ст. італьян. ўлады выкарыстоўвалі І. для апраўдання сваіх тэр. дамаганняў на Балканах і Адрыятыцы.

т. 7, с. 326

ІРЭЗІ́НЭ (Iresine),

род кветкавых раслін сям. аксамітнікавых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Амерыцы, Аўстраліі, на а-вах Галапагас. У культуры 3 віды, інтрадукаваныя і на Беларусі: І. Гербста (I. herbstii) мае стракаталістыя і нізкарослыя формы з чырв. лісцем; у І. Ліндэна (I. lindenii) лісце чырв., жоўтае або карычнева-чырв.; І. Валіса (I. wallisii) нізкарослая з акруглым, карычнева-чырв. лісцем.

Шматгадовыя павойныя або з прамастойным каляровым сцяблом травяністыя, радзей кустовыя ці дрэвавыя расліны выш. да 40 см. Лісце каляровае, супраціўнае. Кветкі белаватыя або зеленаватыя, двухполыя ці раздзельнаполыя ў коласападобных або галоўчатых суквеццях. Выкарыстоўваюцца ў дэкар. мэтах як дывановыя і бардзюрныя расліны.

т. 7, с. 326

І́СА,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Слонімскім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 554 км². Пачынаецца каля в. Серабрышча Баранавіцкага р-на. Асн. прытокі Пляхоўка і Рудня (справа). Пойма чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае, шыр. яе 100—180 м. Рэчышча ў верхнім і ніжнім цячэнні на пра цягу 15 км каналізаванае; яго шыр. ў межань 4—8 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с. На рацэ каля г. Слонім і в. Нагуевічы Слонімскага р-на плаціны; каля Слоніма зона адпачынку Іса.

т. 7, с. 326

І́СА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 40 км на Пн ад г. Гарадок. Пл. 0,38 км², даўж. больш за 1 км. найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 1,3 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 30,5 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі сплавінныя. Пойма шыр. да 100 м, забалочаная. Дно выслана сапрапелем. 3 астравы агульнай пл. 0,4 га. Зарастае. Праз возера цячэ ручай Чарнуя.

т. 7, с. 326

ІСАА́КС ((Isaacs) Хорхе) (крас. 1837, г. Калі, Калумбія — 17.4.1895),

калумбійскі пісьменнік. Прымаў удзел у барацьбе супраць кансерватыўнага ўрада Калумбіі, быў дэпутатам парламента. Аўтар зб. «Вершы» (1864) і паэмы «Саул» (1881), якія належаць да лепшых узораў рамантызму. Самы папулярны твор лац.-амер. л-ры — раман І. «Марыя» (1867), прысвечаны гісторыі кахання, апісанай на фоне маляўнічай прыроды і сельскага жыцця. Творчасць І. прадвызначыла пераход ад рамантызму да рэалізму ў калумбійскай л-ры.

т. 7, с. 326

ІСААКЯ́Н (Аветык Саакавіч) (31.10.1875, Казарапат, каля г. Гюмры, Арменія — 17.10.1957),

армянскі паэт. Акад. АН Арменіі (1943). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай семінарыі «Геваркян» (1889—92). У 1911—36 жыў пераважна за мяжой. Друкаваўся з 1892. Творчасць цесна звязана з гісторыяй і культурай арм. народа, прасякнута гуманізмам і павагай да чалавечай годнасці. Першы зб. вершаў «Песні і раны» (1897) вылучаецца лірызмам і напеўнасцю. У філас. паэме «Абул Ала Маары» (1909—11) тэма трагічнага адзіноцтва моцнай асобы. Аўтар гіст. балады «Нашы продкі» (1917), паэмы «Сасма Мгер» (1919, перапрацавана ў 1937), зб. вершаў і апавяданняў «Люлька цярпення» (1928), цыклаў вершаў «Нашы гісторыкі і нашы гусаны» (1939), «Маёй радзіме» (1940), «Армянская архітэктура» (1942), патрыят. вершаў гадоў Вял. Айч. вайны (Дзярж. прэмія СССР 1946), рамана «Уста Каро» (незакончаны). На бел. мову творы І. перакладалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Э.​Валасевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Кветкі Арарата. Мн., 1964;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1975.

Літ.:

Ахвердян Л.О. Жизнь и дело Аветика Исаакяна. М., 1975.

т. 7, с. 326

ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),

бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.

Г.Ісаевіч. Дэкаратыўны набор «Лета». 1971.

т. 7, с. 326

ІСАЕ́ВІЧ (Леанід Аляксандравіч) (н. 29 3.1943, в. Ляды Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне апрацоўкі металаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПА (1967), дзе і працуе з 1970. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі пракаткі і прасавання парашковых і грануляваных матэрыялаў. Распрацаваў спосабы формаўтварэння высокадакладных стужак і перыяд. профіляў з металаў і сплаваў.

Літ.:

Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980 (разам з А.​В.​Сцепаненкам);

Обработка давлением порошковых сред. Мн., 1993 (разам з А.​В.​Сцепаненкам, В.​Я.​Харланам).

т. 7, с. 326