Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІСААКЯ́Н (Аветык Саакавіч) (31.10.1875, Казарапат, каля г. Гюмры, Арменія — 17.10.1957),

армянскі паэт. Акад. АН Арменіі (1943). Вучыўся ў Эчміядзінскай духоўнай семінарыі «Геваркян» (1889—92). У 1911—36 жыў пераважна за мяжой. Друкаваўся з 1892. Творчасць цесна звязана з гісторыяй і культурай арм. народа, прасякнута гуманізмам і павагай да чалавечай годнасці. Першы зб. вершаў «Песні і раны» (1897) вылучаецца лірызмам і напеўнасцю. У філас. паэме «Абул Ала Маары» (1909—11) тэма трагічнага адзіноцтва моцнай асобы. Аўтар гіст. балады «Нашы продкі» (1917), паэмы «Сасма Мгер» (1919, перапрацавана ў 1937), зб. вершаў і апавяданняў «Люлька цярпення» (1928), цыклаў вершаў «Нашы гісторыкі і нашы гусаны» (1939), «Маёй радзіме» (1940), «Армянская архітэктура» (1942), патрыят. вершаў гадоў Вял. Айч. вайны (Дзярж. прэмія СССР 1946), рамана «Уста Каро» (незакончаны). На бел. мову творы І. перакладалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Я.​Брыль, Э.​Валасевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Кветкі Арарата. Мн., 1964;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1975.

Літ.:

Ахвердян Л.О. Жизнь и дело Аветика Исаакяна. М., 1975.

т. 7, с. 326

ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),

бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.

Г.Ісаевіч. Дэкаратыўны набор «Лета». 1971.

т. 7, с. 326

ІСАЕ́ВІЧ (Леанід Аляксандравіч) (н. 29 3.1943, в. Ляды Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне апрацоўкі металаў ціскам. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПА (1967), дзе і працуе з 1970. Навук. працы па тэорыі і тэхналогіі пракаткі і прасавання парашковых і грануляваных матэрыялаў. Распрацаваў спосабы формаўтварэння высокадакладных стужак і перыяд. профіляў з металаў і сплаваў.

Літ.:

Непрерывное формование металлических порошков и гранул. Мн., 1980 (разам з А.​В.​Сцепаненкам);

Обработка давлением порошковых сред. Мн., 1993 (разам з А.​В.​Сцепаненкам, В.​Я.​Харланам).

т. 7, с. 326

ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1974). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр. Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял. Айч. вайны на Беларусі.

Тв.:

Археологическая карта Белоруссии. Вып. 1, 3. Мн., 1968, 1976;

Неолит Припятского Полесья. Мн., 1976.

т. 7, с. 326

ІСА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (н. 1.2.1955, г. Ягор’еўск Маскоўскай вобл.),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Краснаярскі ін-т мастацтваў (1986). З 1986 артыст т-ра муз. камедыі ў Растове-на-Доне, з 1991 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Сярод партый у бел. т-ры; містэр Ікс, Эдвін, Тасіла («Прынцэса цырка», «Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Барынкай, князь Арлоўскі («Цыганскі барон», «Лятучая мыш» І.​Штрауса), Мікіта Батурын («Халопка» М.​Стрэльнікава). У яго канцэртным рэпертуары вак. творы рус. і замежнай класікі, сучасных, у т. л. бел. (І.​Лучанка, Э.​Зарыцкага), кампазітараў, рус. нар. песні.

т. 7, с. 326

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

ІСА́ЕЎ (Ягор) (Георгій) Аляксандравіч (н. 2.5.1926, в. Коршава Баброўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),

рускі паэт. Герой Сац. Працы (1986). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1955). Друкуецца з 1945. Аўтар лірычных вершаў, балад, паэмы «Над хвалямі Дуная» (1953). Лірыка-філас., антыфаш. дылогія «Суд памяці» (1962) і «Даль памяці» (1977, за абедзве паэмы Ленінская прэмія 1980) аб прычынах узнікнення фашызму ў Германіі, эмацыянальнае сведчанне сучасніка пра час, мір, працу і нар. спадзяванні, роздум пра лёс пасляваен. Еўропы. Творы вызначаюцца маштабнай вобразнасцю, сімвалічнасцю, абагульненасцю, вострадрам. успрыняццем жыцця, трагічным гратэскам, філас.-публіцыстычнай глыбінёй. Тэмы лірычнай сац.-філас. трылогіі з паэм «Мае асеннія палі», «Дваццаць пятая гадзіна», «Паляўнічы забіў жураўля» (1980-я г.) — вайна і мір, лёс чалавека і чалавецтва. Аўтар празаічных твораў, кніг пра псіхалогію творчасці, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Жизнь прожить М., 1979;

Колокол света. М., 1984, Чувство глагола. М., 1985;

Миг вечности: Поэмы. М., 1986.

Літ.:

Числов М.М. Егор Исаев. Очерк творчества. 2 изд. М., 1990.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 327

Ісаеў Аляксей Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 395

ІСАЁНАК (Марыя Іванаўна) (н. 24.10.1949, в. Кісялі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1969). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа. У творчасці імкнецца да выяўлення гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем, адлюстравання стану прыроды праз стрыманую) каляровую гаму. Асн. работы: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Партрэт у інтэр’еры» (1995), «Нацюрморт з чорным вінаградам», «Адчыненае акно», «Змрок» (усе 1996), «Настрой», «Бабіна лета», «Пліса», «Жанчына ў чырвоным», «Нацюрморт з птушкай», «Нацюрморт з жоўтымі кветкамі» (усе 1997) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

Марыя Іванаўна Ісаёнак. Нацюрморт з жоўтымі кветкамі. 1997.

т. 7, с. 327

ІСАЁНАК (Мікалай Іосіфавіч) (н. 21.3.1947, в. Чарневічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1973). Працуе ў быт., пейзажным, партрэтным жанрах, нацюрморце. Сярод твораў: «Хлябы» (1976), «Памяці бацькі» і «У азёрным краі» (1978), «Песня аб маёй зямлі» (1979), «Адна», «Гусоўскаму прысвячаецца», «Нацюрморт з рэшатам», «Зімовы нацюрморт» (усе 1980), «Лён Беларусі», «На роднай зямлі. Памяць», «Салдаткі. Адраджэнне» (усе 1981), «Беларускі краявід» і «Касьба» (1982), «Браслаўскія прасторы» і «Восеньскія дажджы» (1984), серыя «Алеі», «Дарога да храма», «Сад мастака», «Гладышы», «Яблынька майго дзяцінства» (усе 1990-я г.), «Калядны марозік» (1996).

Мікалай Іосіфавіч Ісаёнак. Калядны марозік. 1996.

т. 7, с. 327