ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНАЕ МА́СЛА,
дыстылятнае нафтавае масла малой і сярэдняй вязкасці. Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял пераважна ў вузлах трэння станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, тэкст. машын, вентылятараў, помпаў і інш. механізмаў, а таксама як аснову пры прыгатаванні гідраўл. вадкасцей, пластычных і тэхнал. змазак. Вырабляюць І.м. з комплексам прысадак (антыакісляльнай, антыкаразійнай і інш.), якія захоўваюць дэталі ад іржаўлення, зніжаюць іх знос, павялічваюць даўгавечнасць вузлоў трэння.
т. 7, с. 238
ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНА-ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
галіновая група вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў, якія рыхтуюць выкладчыкаў для сістэмы прафес.-тэхн. адукацыі, а таксама для прац. і прафес. падрыхтоўкі вучняў агульнаадук. школ. Першая ВНУ у гэтай групе — Маскоўскі індустр.-пед. ін-т (1923—43). У 1930—33 індустр.-пед. ін-ты ўтвораны ў інш. гарадах. З 1943 сярэднюю спец. адукацыю па гэтым профілі даюць індустр.-пед. тэхнікумы. У Беларусі створаны індустр.-пед. тэхнікумы ў Мінску (з 1947), Пінску (1955), Віцебску (1969), якія 1.9.1996 пераўтвораны ў навуч. ўстановы павышанага тыпу — індустр.пед. каледжы (гл. Віцебскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум, Мінскі індустрыяльна-педагагічны каледж, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж).
т. 7, с. 238
ІНДУЦЫ́РАВАНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
тое, што вымушанае выпрамяненне.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІ́Д (ад лац. individuum непадзельнае, асобіна),
індывідуум, адзіночнае як процілеглае сукупнасці, масе. 1) У філасофіі асобны прадстаўнік сац. супольнасці (народа, грамадства, сац. групы і інш.), сац. істота, якая самастойна вызначае ўласныя паводзіны і псіхічныя працэсы; трэба адрозніваць ад паняццяў «індывідуальнасць», «асоба».
2) У біялогіі істота, кожны самастойна існуючы жывы арганізм.
3) У логіцы адзіночны аб’ект, які супрацьпастаўляецца віду, класу прадметаў, мноству.
Літ.:
Человек: Филос. аспекты сознания и деятельности. Мн., 1989.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУАЛІ́ЗМ,
светапогляд і лад жыцця, у аснове якога ляжыць прызнанне самакаштоўнасці індывіда, яго правоў і свабод, вызначэнне асабістых інтарэсаў і актыўнай дзейнасці па іх рэалізацыі.
У стараж.-грэч. філасофіі сафісты (Пратагор) абвясцілі чалавека мерай усіх рэчаў, а Платон гэтую ролю адводзіў полісу, дзяржаве. У багаслоўскіх канцэпцыях дамінуючым пачаткам выступае бажаство, а чалавечы індывід — яго бледнай копіяй. У канцэпцыях Адраджэння і Новага часу І. становіцца сінонімам разняволення асобы ад феад. пут, сцвярджэння роўнасці, свабоды і годнасці людзей. Асновы навук.-тэарэт. аргументацыі І. закладзены асветнікамі (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Вальтэр, Ш.Л.Мантэск’ё, П.Гольбах, Д.Дзідро, К.Гельвецый, Ж.Ж.Русо і інш), якія даказвалі, што свабода прыватнай уласнасці, ініцыятывы, думкі і дзейнасці чалавека адпавядае яго прыродзе і неад’емным правам. З узнікненнем тэхнагеннай цывілізацыі, бюракратыі ў жыцці зах. грамадстваў узмацняліся антыіндывідуалістычныя тэндэнцыі, маніпуляцыя людзьмі з боку сац. ін-таў, дамінаванне арг-цый над асобай. сацыялізацыі над індывідуалізацыяй. Марксісцкае вучэнне надае прымат грамадству, калектыву над індывідам, І. з’яўляецца крыніцай фарміравання аўтаномнай, ініцыятыўнай асобы. Такая лінія развіцця і паводзін індывіда не процістаіць, а цесна ўзаемадзейнічае з разумнымі формамі калект. дзеянняў, элементамі грамадзянскай супольнасці.
Літ.:
Индивидуализм и солидарность в трактовке западногерманских социал-демократов. М., 1991;
Рэнд А Концепция эгоизма: Пер. с англ. СПб., 1995.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст. брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.
В.С.Болбас.
т. 7, с. 238
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАСЦЬ,
непаўторная своеасаблівасць якой-н. з’явы, асобнай істоты, чалавека; процілегласць агульнага, тыповага. Узнікненне ідэі І. звязана з распрацоўкай стараж.-грэч. філосафамі Леўкіпам і Дэмакрытам паняцця «атам», што азначала самыя дробныя, непадзельныя адзінкі быцця, якія маюць пэўную «форму» і «становішча», г. зн. выступаюць як І. Разуменне І. як асобнай істоты закладзена Сенекам; у сярэдневяковай схаластыцы яно абмяжоўвалася толькі чалавечай асобай. Культ І., што пераходзіў у індывідуалізм, характэрны для эпохі Адраджэння, калі І. асобнага чалавека супрацьпастаўлялася традыц. грамадскім сувязям. Найб. поўнае развіццё ідэя І. набыла ў вучэнні Г.Лейбніца аб манадах. Паняцце «І.» характэрна таксама для рамантызму і філасофіі жыцця. У псіхалогіі І. характарызуе своеасаблівасць псіхікі і асобы індывіда, яе непаўторнасць. І. рэалізуецца індывідам праз паводзіны ў сітуацыях зносін з інш. людзьмі і праз культываванне ім розных здольнасцей у працэсе дзейнасці.
Літ.:
Голубева Э.А. Способности и индивидуальность. М., 1993;
Коломиец В.П. Становление индивидуальности: Социал. аспект. М., 1993;
Мерлин В.С. Психология индивидуальности. М., 1996.
Л.А.Гуцаленка.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
тып вытворчасці, які характарызуецца адзінкавым вырабам прадукцыі разнастайнай і непастаяннай наменклатуры. Да І.в. адносяцца прадпрыемствы, што вырабляюць буйныя турбіны, пракатныя станы, судны, унікальныя станкі, металург і горнае абсталяванне, а таксама рамонтныя і доследныя з-ды. У адрозненне ад масавай вытворчасці і серыйнай вытворчасці пры І.в. дапускаецца нерэгламентаваны рух вырабу па рабочых месцах і свабодны рытм работы. Працэс вытв-сці кожнага заказу праектуецца індывідуальна. Разнастайная наменклатура прадукцыі, а таксама унікальнасць заказаў патрабуе выкарыстання працы больш кваліфікаваных рабом — універсалаў, спец. абсталявання і прылад.
т. 7, с. 239
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЯ ПРАЦО́ЎНАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
грамадска карысная самаст. дзейнасць грамадзян. Выкарыстоўваецца ў сферы саматужна-рамесніцкіх промыслаў, быт. абслугоўвання насельніцтва для больш поўнага задавальнення патрэб у таварах і паслугах, павышэння занятасці членаў грамадства, забеспячэння ім магчымасці атрымання дадатковага даходу ў адпаведнасці з затратамі сваёй працы. У шырокім сэнсе — прадпрымальніцкая дзейнасць асобных грамадзян без выкарыстання наёмнай працы.
т. 7, с. 239