Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНДЫКА́ТАРНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, характэрныя для пэўных экалагічных умоў, якія могуць якасна або колькасна ацэньвацца па прысутнасці гэтых раслін. Бываюць віды, унутрывідавыя адзінкі, формы і фітацэнозы. Аб’екты індыкацыі — глебы, горныя пароды, падземныя воды і інш. Напр., па месцах росту вільгацялюбных раслін (трыснёг, вербы) вызначаюць наяўнасць падземных вод; палын халодны паказвае на прысутнасць вальфраму, аўсец пустынны — нікелю. Індыкатарнымі лічацца тыя віды, для якіх дастаткова дакладна выяўлена залежнасць іх асаблівасцей ад параметраў месцаў росту. Вылучаюць індыкатары прыватных асаблівасцей асяроддзя (засаленне глебы, пясчанасць, вільготнасць) і агульнага, або асн. комплексу ўмоў існавання. Выкарыстоўваюцца ў геабат., глебавых, геал., гідрагеал., кліматычных даследаваннях, для кантролю стану прыроднага асяроддзя.

т. 7, с. 244

ІНДЫКА́ТАРЫ экалагічныя,

рэчывы, арганізмы, якія вызначаюць ступень забруджвання знешняга асяроддзя антрапагеннымі таксікантамі. Здольныя адлюстроўваць уздзеянне і захоўваць яго з мінім. зменамі да моманту індыкацыі. Напр., снег — інфарматыўны І. тэхнагеннага ўздзеяння на геасістэмы праз атмасферу, торф — прасторавы і часавы І. забруджвання (тарфяныя балоты назапашваюць інфармацыю аб забруджванні навакольнага асяроддзя за працяглы перыяд) і інш. У геабатаніцы І. выкарыстоўваюць пры вывучэнні экалагічных асноў і практычных спосабаў выкарыстання фітацэнозаў і іх кампанентаў у якасці паказчыкаў умоў асяроддзя. Напр., знікненне лішайнікаў са ствалоў дрэў сведчыць аб павелічэнні колькасці сярністага газу ў паветры. Экалагічная дыягностыка таксама праводзіцца з дапамогай біяіндыкатараў. Некат. віды раслін і жывёл даюць магчымасць выявіць характэрныя асаблівасці навакольнага асяроддзя, напр., прысутнасць карысных выкапняў, забяспечанасць тэр. мікраэлементамі, вільгаццю, пажыўнымі рэчывамі і інш. Найлепшымі І. з’яўляюцца больш буйныя, мнагалетнія з вузкай талерантнасцю і інш. якасцямі арганізмы. Некат. віды жывёл індуцыруюць фауну (напр., вял. колькасць стракоз сведчыць аб багатай фауне вадаёма).

т. 7, с. 244

ІНДЫКА́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

арганічныя і неарган. рэчывы, якія дазваляюць устанавіць канец хім. рэакцыі, вадародны паказчык асяроддзя па лёгка бачных зменах (звычайна па змене колеру раствору). Упершыню выкарыстаны англ. вучоным Р.​Бойлем (1663). І.х. карыстаюцца пераважна ў тытраметрычным аналізе для вызначэння канчатковага пункта тытравання (пункта эквівалентнасці). У адпаведнасці з тытраметрычнымі метадамі адрозніваюць кіслотна-асноўныя (напр., фенолфталеін), акісляльна-аднаўляльныя (напр., дыфеніламін, акісленая форма якога мае фіялетавы колер, адноўленая — бясколерная), адсарбцыйныя і камплексонаметрычныя.

Літ.:

Индикаторы: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1976.

т. 7, с. 244

ІНДЫКА́ТАР РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦІ,

дазіметрычная прылада для выяўлення радыеактыўнага забруджвання мясцовасці і папярэдняга вызначэння дозы іанізавальнага выпрамянення. Бывае пераносны і стацыянарны. Імі забяспечваюцца падраздзяленні радыяцыйнай і хім. разведкі, разведвальныя дазоры, пасты назірання і сувязі, а таксама фарміраванні грамадз. абароны.

т. 7, с. 244

ІНДЫКА́ЦЫЯ (ад лац. indicatio указанне) біялагічная, выяўленне і ідэнтыфікацыя, вызначэнне агульнага характару ці ўласцівасцей прыроднага асяроддзя біял. метадамі. Існуе І. біягеахім., геабат., экалагічная, маніторынг і інш. Стан, пэўныя колькасныя і якасныя ўласцівасці, экалагічныя ўмовы навакольнага прыроднага асяроддзя (напр., ступень і характар яго забруджвання, размяшчэнне ўзроўню грунтавых вод і інш.) вызначаюць пры дапамозе біяіндыкатараў. Засноўваецца на аналізе паводзінскіх рэакцый, морфафізіял., біяхім., генет. і інш. асаблівасцей жывых арганізмаў (напр., наяўнасць у вадзе лічынак шыцікаў сведчыць пра чысціню вадаёмаў, хіранамід — пра моцнае забруджванне; некат. віды фіялак з’яўляюцца І. павышанай колькасці цынку ў глебе).

Літ.:

Галактионов С.Г., Юрин В.М. Водоросль сигнализирует об опасности. Мн., 1980;

Радкевич В.А. Экология. 3 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 244

ІНДЫКІ́ (Meleagrididae),

птушкі сям. індычых атр. курападобных. 2 роды: Meleagris і Agriocharis, у кожным 1 від. Пашыраны ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы, пераважна ў лесастэпавай зоне.

Даўж. цела І. звычайнага (M. gallopavo) да 110 см, маса самца да 10 кг, самкі да 4 кг. Апярэнне медна-бронзавае, з метал. адлівам. Галава і верхняя частка шыі не апераныя. З верхняй ч. дзюбы звісае скурны прыдатак, на горле складка скуры. Развіты шпоры. Палігамы. Гняздо на зямлі, пад кустамі. Нясуць да 15 яец. Добра бегаюць, лётаюць марудна. Корм раслінны і жывёльны. Аб’екты палявання. Ад І. звычайнага паходзяць індыкі свойскія.

Індык.

т. 7, с. 244

ІНДЫКІ́ СВО́ЙСКІЯ,

птушкі, якія паходзяць ад дзікага звычайнага індыка, пашыранага ў паўд. частцы Паўн. і ў Цэнтр. Амерыцы. Мяса мае высокія дыетычныя і смакавыя якасці. На Беларусі гадуюць пераважна белую і бронзавую шыракагрудыя пароды.

Маюць моцныя доўгія ногі і шырокі хвост, кароткія і пукатыя крылы. На галаве і шыі скурныя ўтварэнні — «каралы», з верхняй ч. дзюбы самцоў звісае мясісты прыдатак Апярэнне густое, белае, чорнае, бронзавае і інш.; у самцоў на грудзях кутасік з доўгіх пёраў. Жывая маса дарослых самцоў 9—35 кг, індычак 4,6—11 кг.

т. 7, с. 244

ІНДЫ́КТ,

парадкавы нумар года ў 15-гадовым цыкле — індыктыёне. Летазлічэнне па І. існавала ў Рымскай імперыі, у краінах Еўропы ўжывалася поруч з інш. сістэмамі да 19 ст. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 15—17 ст. разам з пазначэннем гадоў «ад нараджэння Хрыста».

т. 7, с. 245

ІНДЫКТЫЁН (лац. indictio абвяшчэнне, падаткі),

у Рымскай імперыі прамежак часу ў 15 гадоў, пасля якога праводзіўся перапіс маёмасці для вызначэння памераў падаткаў. У 312 імператар Канстанцін Вялікі ўвёў афіц. летазлічэнне па І. Парадкавы нумар года ў І. называецца індыктам.

т. 7, с. 245

ІНДЫКТЫЁН ВЯЛІ́КІ,

532-гадовы цыкл, пасля якога на адны і тыя ж чыслы юліянскага календара прыпадаюць тыя ж дні тыдня і тыя ж разліковыя фазы Месяца. Ляжыць у аснове складання пасхалій.

т. 7, с. 245