Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЯГЕ́НЧАНКА (Марыя Іванаўна) (н. 28.6.1925, г. Казань, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1979). Засл. ўрач Беларусі (1971). Дачка І.С.Лягенчанкі. Скончыла Мінскі мед. ін-т (1948), у 1951—93 працавала ў ім (у 1972—92 заг. кафедры). Навук. працы па пульманалогіі і кардыялогіі дзяцей ранняга ўзросту.

Тв.:

Реография в диагностике нарушений деятельности системы кровообращения при пневмонии у детей раннего возраста (разам з М.К.Асколкавай) // Педиатрия. 1979. № 9;

Состояние сердечно-сосудистой системы при пневмонии у детей раннего возраста // Здравоохранение Белоруссии. 1980. № 7.

т. 9, с. 419

ЛЯГНІ́ЦА (Legnica),

горад на ПдЗ Польшчы, у Дольнашлёнскім ваяводстве. Вядома з 1149. 107 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Аэрапорт. Цэнтр Лягніцка-Глогаўскага руднага раёна (здабыча меднай руды, вытв-сць медзі). Прам-сць: маш.-буд., у т.л. горная, эл.тэхн., швейная, папяровая, трыкат., харчовая. Выраб раяляў і піяніна. Біскупства. Музей медзі. Арх. помнікі 13—17 ст.

т. 9, с. 419

ЛЯГНІ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Legnickie),

былая адм.-тэр. адзінка на ПдЗ Польшчы. З 1999 тэрыторыя ў складзе Дольнашлёнскага ваяводства.

т. 9, с. 419

ЛЯ́ДА,

участак, на якім высякаўся лес, дрэвы спальваліся, а зямля выкарыстоўвалася пад ворыва. Ляднае земляробства вядома на тэр. Беларусі з эпохі неаліту, на Палессі з 4-га тыс. да н.э., у канцы 3-га тыс. пашырылася да Падзвіння. У бронзавым веку — асн. сістэма гаспадаркі. Лядна-агнявым земляробствам займаліся плямёны штрыхаванай керамікі культуры і днепра-дзвінскай культуры, дрыгавічы, крывічы, радзімічы і інш. слав. плямёны. Часткова выкарыстоўвалася да 19 ст. Ад Л. паходзяць назвы некаторых населеных пунктаў.

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970.

т. 9, с. 419

ЛЯ́ДАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (11.5. 1855, С.-Пецярбург — 28.8.1914),

рускі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1878, клас М.Рымскага-Корсакава), з 1878 выкладаў у ёй (з 1886 праф.). Прадстаўнік «Новай рус. муз. школы», чл. Бяляеўскага гуртка (з пач. 1880-х г.). Выступаў як дырыжор у «Рускіх сімфанічных канцэртах» і інш. Яго яскрава нац. ў сваёй аснове музыка роднасная музыцы М.Глінкі, А.Барадзіна, Рымскага-Корсакава. Асн. жанр творчасці — мініяцюра (сімфанічная, фп., вакальная). У фп. творах арганічна пераўтвораны некаторыя рысы музыкі Ф.Шапэна, Р.Шумана, у сімф. творах з характэрным багаццем тэмбравага каларыту вызначыўся прынцып камернага сімфанізму. Аўтар апрацовак (больш за 200) і складальнік зборнікаў рус. нар. песень. Сярод твораў: для аркестра — «Баба Яга» (1904), «Восем рускіх народных песень» (1906), «Чароўнае возера», «Пачвара» (абедзве 1909), «Танец амазонкі» (1910), «Журботная песня» (1914); камерна-інстр. ансамблі; для фп. — «Бірулькі» (14 п’ес, 1876), «Арабескі» (1878), «Пра даўніну» (1889), «Баркарола» (1898); хары, рамансы, 18 дзіцячых песень на нар. словы (1887—90).

Літ.:

Михайлов М. А.К.Лядов: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1985.

А.К.Лядаў.

т. 9, с. 419

ЛЯ́ДАЎСКІ МАНАСТЫ́Р ДАБРАВЕ́ШЧАННЯ Існаваў у 1730-я г. — 1918 у в. Ляды

(цяпер Смалявіцкі р-н Мінскай вобл.). Засн. каля 1730 як уніяцкі манастыр ордэна базыльян мечнікам ВКЛ І.Завішам. У 1792—94 пабудавана мураваная царква Дабравешчання, у 1811—50 — жылы корпус. Пры манастыры былі курсы маральнай тэалогіі для манахаў, школа для свецкіх асоб (у 1818—159 вучняў),

шпіталь. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр пераўтвораны ў праваслаўны. У 1918 закрыты, царква і інш. будынкі захаваліся. Помнік архітэктуры рэсп. значэння.

А.А.Ярашэвіч.

Лядаўскі манастыр Дабравешчання. Агульны выгляд царквы.

т. 9, с. 419

ЛЯДЗЕ́Ц,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Вятліца. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад г. Столін, 267 км ад Брэста, 35 км ад чыг. ст. Гарынь. 978 ж., 413 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 419

ЛЯ́ДНА,

возера ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 8 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,58 км2, даўж. больш за 1,9 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 22 м, даўж. берагавой лініі больш як 4,8 км. Пл. вадазбору 14,2 км2. Схілы катлавіны выш. да 19 м, разараныя, на У і Пн параслі лесам. Берагі высокія, месцамі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ пад хмызняком. Дно да глыб. 1,5—2 м (на Пн да 6,5 м) выслана пяском, ніжэй — сапрапелем і ілам. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Огзіна.

т. 9, с. 419

ЛЯДНЯ́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31. Створаны 17.7.1924 у Аршанскай акрузе (да 26.7.1930). Цэнтр раёна — мяст. Ляды. 20.8.1924 падзелены на 6 сельсаветаў. Пл. 340,66 км2, нас. 22 085 чал. (1928). 8.7.1931 раён скасаваны, тэрыторыя перададзена Дубровенскаму раёну.

т. 9, с. 419

ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,

бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).

т. 9, с. 419