Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІЛЬІ́НА́ (Алена Георгіеўна) (н. 8.12.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне мед. генетыкі. Д-р мед. н. (1994). Правадз. чл. Нью-Иоркскай АН (1994). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1974). З 1986 у Бел. НДІ спадчынных і прыроджаных хвароб. Навук. працы па клініка-генет. даследаваннях заган развіцця, камп’ютэрных метадах дыягностыкі, распрацоўцы метадаў прафілактыкі разумовай адсталасці, стварэнні Бел. нац. Рэгістра прыроджанай паталогіі чалавека.

Тв.:

Медицинская генетика: Итоги и перспективы. М., 1983 (у сааўт.);

Регист хромосомных болезней человека. М., 1984 (у сааўт.);

Kabuki-rnake up (Niikawa-Kuroki) syndrome in Belorussan Register of congenital malformations (у сааўт.) // American Journal of Medical Genetica. 1995. №2.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Ільіна-Дзмітрыева) Анегіна Ягораўна

(н. 3.2.1943, с. Дзюлюкю Верхневілюйскага р-на, Рэспубліка Саха),

якуцкая спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Расіі (1982), нар. арт. СССР (1988). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1968). З 1969 салістка Якуцкага муз.-драм. т-ра імя П.​Айунскага, з 1971 — Якуцкага муз. т-ра. Сярод партый: Любаша («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.​Даргамыжскага) і інш. Дзярж. прэмія Якуціі 1972, Дзярж. прэмія Расіі 1977.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Лідзія Аляксандраўна) (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМ СССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.​С.​Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг. т-ра оперы і балета (1952—54).

Л.Ільіна. Мадонна. З серыі «Мацярынства». 1967.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНА́ (Наталля Іосіфаўна) (19.5.1914, г. С.-Пецярбург — 19 1.1994),

руская пісьменніца. У 1920 з бацькамі эмігрыравала, з 1936 у Шанхаі. У 1947 рэпатрыіравалася ў СССР. Скончыла Літ. ін-т імя М.​Горкага (1953). Аўтар кн. фельетонаў «Іншымі вачыма. Нарысы шанхайскага жыцця» (1946), зб-каў літ. фельетонаў і пародый «Увага: небяспека!» (1960), «Не трэба авацый!» (1964), «Нешта тут не клеіцца» (1968), «Табло, што свеціцца» (1974), аўтабіягр. рамана «Вяртанне» (кн. 1—2, 1957—65; пра лёс рус. эмігрантаў у Кітаі), кніг успамінаў «Лёсы. З даўніх сустрэч» (1980), «Дарогі: Аўтабіяграфічная проза» (1983), «Сустрэчы» (1987) і інш.

Тв.:

Белогорская крепость: Сатирическая проза, 1955—1985. М. 1989.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 199

Ільіна Зінаіда Макараўна

т. 18, кн. 1, с. 393

ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,

сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.

Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.

М.​Р.​Мялік.

Груша Ільінка.

т. 7, с. 199

ІЛЬІНО́Ў (Анатоль Уладзіміравіч) (н. 30.12.1935, г. Віцебск),

бел. графік. Скончыў Маскоўскі паліграф. ін-т (1965). Тэматыка твораў — пейзажы Беларусі. Працуе ў тэхніках лінарыту (серыі «Веснавыя паводкі», 1973; «Лепельшчына», 1975; «Поры года», 1978; «Бярэзінскі запаведнік», 1980; «Песні палёў», 1982; «Мой горад», 1983; «Зімовыя карункі», 1985; «Мой родны кут», 1993; асобныя аркушы: «Жыта каласуе», 1970; «Месячная ноч», 1974; «Калядная ноч», 1990, «Вечнасць» і «Восеньская мелодыя», абодва 1995), акварэлі. Выразная графічная мова твораў прасякнута лірызмам і эмацыянальным светаўспрыманнем.

В.​В.​Шамшур.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКАЯ (Таіса Паўлаўна) (н. 11.5.1921, г. Самара, Расія),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р біял. н. (1971). Скончыла Маскоўскую вет. акадэмію (1949). З 1960 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па пытаннях штучнага асемянення жывёлы. Прапанавала спосаб вызначэння апладняльнай здольнасці спермы, метады яе крыякансервавання.

Тв.:

Глубокое замораживание спермы сельскохозяйственных животных. Мн., 1972;

Физиологические основы рационального использования производителей сельскохозяйственных животных. Мн., 1975 (разам з В. С.​Антанюком).

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (11.11.1903, г.п. Мір Карэліцкага р-на Мінскай вобл. — 18.3.1967),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1938), нар. арт. СССР (1953). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). З 1919 у Першым т-ве драмы і камедыі ў Мінску (або драм. секцыі Бел. вучнёўскай грамады). Працаваў у Мінскім т-ры рэв. сатыры, з 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, нац. самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхал. глыбінёй. Шматгранныя маст. вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у бел. рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я.​Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э.​Самуйлёнка), дзед Нупрэй («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Несцерка (аднайм. п’еса В.​Вольскага, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. Сярод роляў класічнага рэпертуару: Рабінзон, Аркашка Шчасліўцаў («Беспасажніца», «Лес» А.​Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Мальера) і інш. Паставіў спектаклі «Віцмундзір» П.​Каратыгіна, «Бяда ад пяшчотнага сэрца» У.​Салагуба (абодва 1948), «Домік на ўскраіне» А.​Арбузава (1955, з А.​Скібнеўскім).

Літ.:

Скібнеўскі А.Б. Народны артыст СССР АК.​Ільінскі. Мн., 1954;

Сабалеўскі А. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 191—200.

Б.​І.​Бур’ян.

А.К.Ільінскі.
А.Ільінскі ў ролі Несцеркі.

т. 7, с. 200

ІЛЬІ́НСКІ (Ігар Уладзіміравіч) (24.7.1901, Масква — 13.1.1987),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949), Герой Сац. Працы (1974). Вучыўся ў тэатр. студыі Ф.​Камісаржэўскага ў Маскве (1917). З 1918 у маскоўскіх т-рах. У 1920—35 у т-ры імя У.​Меерхольда: ролі Прысыпкіна («Клоп» У.​Маякоўскага), Аркашкі Шчасліўцава («Лес» А.​Астроўскага), Расплюева («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна) і інш. З 1938 у Малым т-ры. Сярод роляў: Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Загарэцкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Юсаў («Даходнае месца» Астроўскага), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.​Дастаеўскага), Акім («Улада цемры» Л.​Талстога) і інш. У кіно з 1924. Зняўся ў фільмах «Аэліта» (1924), «Волга-Волга» (1938), «Карнавальная ноч» (1956), «Гусарская балада» (1962) і інш. Мастацтва І. вызначалася псіхал. глыбінёй у спалучэнні з гратэскавымі, эксцэнтрычнымі прыёмамі, майстэрскім валоданнем пантамімай, мімікай. Паставіў спектаклі «Кірмаш пыхлівасці» паводле У.​Тэкерэя (1958), «Любоў Яравая» К.​Транёва (1960, абодва з В.​Цыганковым), «Рэвізор» (1965). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1951.

Тв.:

Сам о себе. М., 1962.

Літ.:

Владимирова З. Игорь Ильинский. М., 1967.

І.У.Ільінскі.
І.Ільінскі ў ролі Шчасліўцава.

т. 7, с. 200