Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІЗАБЕ́ЛІН,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 115 км ад Гродна. 727 ж., 260 двароў (1997).

Вядомы з 1-й пал. 16 ст. пад назвай Петуховічы (потым Петухова). У 16—19 ст. уладанне Яновічаў, Клочкаў, Дарагастайскіх, Сапегаў, Флемінгаў, Грабоўскіх, Стравінскіх і інш. З 1690 мястэчка. З сярэдзіны 18 ст. наз. І. (у гонар дачкі Я.​Флемінга Ізабелы). З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ваўкавыскага пав. Гродзепскай губ. У 1815—73 існавала суконная мануфактура. У 1897—820 ж., 105 двароў, царква, кальвінскі збор, сінагога, вучылішча, 5 крам, 4 кірмашы на год. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 у Ваўкавыскім р-не. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі расстралялі 31 жыхара вёскі. У 1971—527 ж., 195 двароў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. 2 брацкія магілы сав. воінаў. Помнікі архітэктуры — Міхайлаўская царква (канец 18 ст.) і Петрапаўлаўскі касцёл (1778).

т. 7, с. 174

ІЗАБЕ́ЛІНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў 1815—73 у маёнтку Ізабелін (цяпер вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл.). У 1815 вырабляла байку, з 1827 — рознакаляровыя сукны. Мела 8 вадзяных рухавікоў. У 1873 дзейнічалі паравы рухавік, 50 ткацкіх станкоў, 2 валюшныя, 10 прадзільных і 31 інш. машына, працаваў 51 рабочы.

т. 7, с. 174

ІЗАБУТЫ́ЛАВЫ СПІРТ,

гл. ў арт. Бутылавыя спірты.

т. 7, с. 174

ІЗАБУТЫЛЕ́Н,

гл. ў арт. Бутэны.

т. 7, с. 174

ІЗАГА́МІЯ (ад іза... + ...гамія),

тып палавога працэсу, пры якім палавыя клеткі (гаметы), што зліваюцца, маюць аднолькавыя знешнія памеры (марфалагічныя рысы), аднак розныя біяхім. і фізіял. ўласцівасці. Палавое размнажэнне на першых этапах свайго эвалюц. развіцця праяўляецца ў больш прымітыўным выглядзе. Пры іх зліцці ўтвараецца зігота, з якой развіваецца новы даччын арганізм. Пашырана ў аднаклетачных водарасцей, ніжэйшых грыбоў і ў многіх прасцейшых, адсутнічае ў мнагаклетачных жывёл. Гл. таксама Аагамія, Анізагамія, Гетэрагамія.

т. 7, с. 174

ІЗАГІЕ́ТЫ (ад іза... + грэч. hyetos дождж),

ізалініі колькасці ападкаў за адзінку часу або сярэдніх шматгадовых сум ападкаў за месяц або год.

т. 7, с. 174

ІЗАГІ́ПСЫ (ад іза... + грэч. hypsos вышыня),

тое, што гарызанталі.

т. 7, с. 174

ІЗАІ́ (Ysaye, Ysaÿe) Эжэн (16.7.1858, г. Льеж, Бельгія — 12.5.1931), бельгійскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Адзін з буйнейшых скрыпачоў канца 19 — пач. 20 ст. З 1874 вучыўся ў Брусельскай кансерваторыі ў Г.Вяняўскага, у 1876—79 у Парыжы ў А.В’ётана. З 1886 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1918—22 кіраўнік сімф. аркестра ў г. Цынцынаты (ЗША). Выступаць з сольнымі канцэртамі пачаў у Расіі (1882). Яго выканальніцкае майстэрства зацвердзіла сусв. значэнне бельг. скрыпічнай школы. Заснавальнік струннага квартэта (1888), арганізатар, дырэктар і дырыжор «Канцэртаў Ізаі» (1895). Аўтар скрыпічных твораў, у т. л. санат для скрыпкі сола, дзе выкарыстаў шэраг тэхн. прыёмаў, якія раскрылі гучанне скрыпкі з нечуванай да яго паўнатой і маляўнічасцю; оперы «Шахцёр П’ер» (1931), шматлікіх транскрыпцый. Сярод вучняў М.Прэс, М.Эрдэнка. У Бруселі праводзяцца міжнар. конкурсы скрыпачоў (з 1937) і піяністаў (з 1938) імя І.

т. 7, с. 174

ІЗАЛЕЙЦЫ́Н,

CH3С2H5 CHCH (NH2) COOH, α-аміна-β-метыл — β-этылпрапіёнавая кіслата; адна з незаменных амінакіслот. Адкрыты ням. біяхімікам Ф.Эрліхам (1904) у прадуктах распаду бялку фібрыну. Адносіцца да групы аліфатычных монаамінакарбонавых кіслот з разгалінаваным вугляродным ланцугом. Зыходныя злучэнні для біясінтэзу І. ў раслін і мікраарганізмаў — піруват і α-кетамасляная к-та. У жывёльным арганізме не сінтэзуецца; паступае з ежай. Сутачная патрэбнасць чалавека 1,5—2 г.

т. 7, с. 174

ІЗАЛІ́НІІ (ад іза + лінія),

лініі на геагр. картах, разрэзах і графіках, якія злучаюць кропкі з роўнымі колькаснымі значэннямі пэўнай велічыні. Даюць характарыстыку безупынных з’яў у некаторы перыяд або момант часу (напр., ізабары, ізабаты). Выкарыстоўваюцца пры картаграфаванні прыродных і сац.-эканам. з’яў, для атрымання іх колькаснай характарыстыкі і для аналізу карэляцыйных сувязей паміж імі.

т. 7, с. 174