Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІЖО́РСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,

на Усходне-Еўрапейскай раўніне, на З Ленінградскай вобл. Расіі; частка Балтыйска-Ладажскага ўступа (гл. Глінт). Выш. да 168 м. Складзена з вапнякоў. Рэльеф узгорыста-марэнны, развіты карст. Паўн. і зах. схілы стромкія (выш. 50—80 м). Хваёвыя і мяшаныя лясы. Азёры, балоты.

т. 7, с. 173

ІЖО́РСКАЯ ЗЯМЛЯ́, Іжора,

гістарычная тэрыторыя народнасці іжора па берагах Нявы і ўзбярэжжы Фінскага заліва. У 13—15 ст. падпарадкавана Ноўгараду. У 1478 далучана да Маскоўскага княства. Пасля Лівонскай вайны (у 1581—90) і ў выніку інтэрвенцыі пач. 17 ст. зах. частка І.з. (гарады Капор’е, Івангорад з паветамі) захоплена Швецыяй. Вернута Расіі ў час Паўночнай вайны 1700—21.

т. 7, с. 173

ІЖЭ́ЎСК,

горад, сталіца Удмурціі, у Расійскай Федэрацыі, на р. Іж, за 40 км ад сутокаў з р. Кама. 655 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, станкі, электрапілы, паляўнічыя стрэльбы); чорная металургія, лёгкая і харчовая; вытв-сць мастацкіх вырабаў (дываны, дарожкі, хусткі і інш.). 4 ВНУ, у т. л. ун-т. Тэатры: рас. і удмурцкі драм., муз., лялек. Цырк. Філармонія. Музеі: краязнаўчы і выяўл. мастацтва. Арх. помнікі: Аляксандра-Неўскі сабор (1823), ампірныя пабудовы жалезаробнага з-да (1825), арсенал (1825). Засн. ў 1760 як жалезаробны з-д, вакол якога стварыўся пас. Іжэўскі Завод. З 1918 горад. У 1984—87 наз. Усцінаў.

Іжэўск. Панарама горада.

т. 7, с. 173

ІЗА... (ад грэч. isos роўны, аднолькавы, падобны), першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае роўнасць, падабенства паводле формы ці прызначэння, напр., ізагамія, ізатэрмы.

т. 7, с. 173

ІЗААКТА́Н, 2,2,4-трыметылпентан,

насычаны вуглевадарод аліфатычнага рада, (CH3)3CCH2CH(CH3)2. Празрыстая бясколерная вадкасць з пахам бензіну, tкіп 99,24 °C, шчыльн. 691,9 кг/м³ (20 °C). Не раствараецца ў вадзе, неабмежавана змешваецца з вуглевадародамі. Вызначаецца высокімі антыдэнацыйнымі ўласцівасцямі: яго актанавы лік прыняты за 100. Тэхнічна чысты атрымліваюць дымерызацыяй ізабутылену з наступным каталітычным гідрыраваннем. Выкарыстоўваюць як эталон для вызначэння гатунковасці бензіну; кампанент авіяц. бензіну, растваральнік.

т. 7, с. 173

ІЗААМІ́ЛАВЫ СПІРТ,

гл. ў арт. Амілавыя спірты.

т. 7, с. 173

ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,

тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.

І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.

т. 7, с. 173

ІЗАБА́РЫ (ад іза... + грэч. baros цяжар, вага),

1) ізалініі атмасфернага ціску.

2) Лініі, якія адлюстроўваюць раўнаважны ізабарны працэс на тэрмадынамічнай дыяграме стану. Ураўненне І. ідэальнага газу: V/T=const, дзе V — аб’ём, T — т-ра.

3) Атамныя ядры розных хім. элементаў з аднолькавым масавым лікам. Маюць розныя колькасці пратонаў і нейтронаў, аднак іх агульная колькасць аднолькавая. Гл. Ядро атамнае.

т. 7, с. 174

ІЗАБА́ТЫ (ад іза... + грэч. bathos глыбіня),

лініі на геаграфічных, батыметрычных і інш. картах, якія праходзяць па кропках з аднолькавымі значэннямі глыбінь вадаёмаў. Адлюстроўваюць падводны рэльеф.

т. 7, с. 174

ІЗАБЕ́ЛА (Isabel; 22.4.1451, г. Мадрыгал-дэ-лас-Альтас-Торэс, Іспанія — 26.11.1504),

каралева Кастыліі з 1474, каралева Іспаніі з 1479—1504. Дачка караля Хуана II. Шлюб І. ў 1469 з Фердынандам (з 1479 кароль Арагона) прывёў да дынастычнай уніі Кастыліі з Арагонам і фактычнага аб’яднання Іспаніі. У гады яе праўлення буйныя феадалы страцілі паліт. самастойнасць, картэсы — былое значэнне, абмежаваны правы гар. камун; паліт. лад у Іспаніі наблізіўся да абс. манархіі. Пры І. завершана Рэканкіста, праводзіліся экспедыцыі Х.Калумба. Рэліг. палітыка І. вызначалася фанатызмам і нецярпімасцю (заснаванне інквізіцыі ў 1480, выгнанне іудзеяў у 1492 і арабаў-мусульман у 1502 і інш.).

т. 7, с. 174