Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІВАНО́Ў (Іван Іванавіч) (8.2.1897, в. Трупехіна Падарожскага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 8.7.1968),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1943), ген.-лейт. (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Бранскім, Цэнтр., Бел., 2-м і 3-м Бел. франтах. 15.10.1943 стралк. корпус пад яго камандаваннем фарсіраваў Дняпро каля в. Шчытцы Лоеўскага р-на, захапіў плацдарм і нанёс праціўніку вял. страты. Да 1955 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Ілья Іванавіч) (1.8.1870, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — 20.3.1932),

расійскі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі. Праф. (1907). Скончыў Харкаўскі ун-т (1896). У 1917—21 і 1924—30 у Дзярж. ін-це эксперым. ветэрынарыі (адначасова ў 1928—30 у Маскоўскім вышэйшым заатэхн. ін-це). Распрацаваў тэарэт. асновы і методыку штучнага асемянення с.-г. жывёлы. Навук. працы па праблемах біялогіі размнажэння, міжвідавой гібрыдызацыі ў жывёлагадоўлі.

Тв.:

Избр. труды. М., 1970.

Літ.:

Скаткин П.Н. И.​И.​Иванов — выдающийся биолог. М., 1964.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Канстанцін Васілевіч) (27.5.1890, в. Слакбаш Уфімскага р-на, Башкортастан — 26.3.1915),

чувашскі паэт, пачынальнік нац. л-ры. Найб. значны твор — ліра-эпічная паэма «Нарспі» (1908) пра трагічны лёс чув. жанчыны. Выступаў у жанры вершаванай казкі, балады («Удава»), сказа, трагедыі («Раб д’ябла»), Вядомы як педагог, фалькларыст, мастак, скульптар, перакладчык. Браў удзел у складанні першых буквароў і дапаможнікаў для нац. школы. Перакладаў на чув. мову творы М.​Лермантава, А.​Кальцова, М.​Някрасава.

Літ.:

Зотов И.А. Живое наследие К.​Иванова Чебоксары. 1983.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Канстанцін Канстанцінавіч) (21.5.1907, г. Яфрэмаў Тульскай вобл., Расія — 15.4.1984),

рускі дырыжор. Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1937, клас Л.​Гінзбурга). З 1941 дырыжор Вял. сімф. аркестра Усесаюзнага радыё, у 1946—65 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Расіі. Цэнтральнае месца ў яго рэпертуары займалі сімф. творы рус. і зарубежнай класікі, творы сучасных айч. і зарубежных кампазітараў. Яго мастацтву былі ўласцівы яркая эмацыянальнасць, імкненне да манументальнасці, буйных форм. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Аўтар сімфоніі, сімф. паэмы, канцэрта для кантрабаса з арк., вак. твораў, кн. «Чарадзейства музыкі» (1983). Дзярж. прэмія СССР 1949.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Леанід Аляксандравіч) (24.2.1871, Масква — 11.4.1962),

рускі батанік. Чл.-кар. Расійскай АН (1922). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Вучань І.М.Гаражанкіна і К.А.Ціміразева. З 1904 праф. Ленінградскай лесатэхн. акадэміі, з 1939 у Ін-це фізіялогіі раслін АН СССР, з 1944 у Ін-це лесу АН СССР. Навук. працы ў галіне фізіялогіі раслін (дыханне, браджэнне, фосфарны і бялковы абмен, светлавы і водны рэжым, фотасінтэз). Адкрыў фасфарыляванне цукроў.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Леанід Леанідавіч) (н. 14.10.1940, г. Магілёў),

бел. дырыжор, педагог. Засл. настаўнік Беларусі (1977), засл. дз. маст. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1964, клас І.Абраміса). З 1964 у Магілёўскім муз. вучылішчы (з 1973 дырэктар), з 1990 адначасова дэкан пед. ф-та філіяла Бел. акадэміі музыкі. Кіраўнік самадз. (у т. л. нар. аркестра Магілёўскага гар. Дома культуры) і студэнцкіх аркестраў нар. інструментаў муз. вучылішча і пед. ф-та акадэміі музыкі, якія пад яго кіраўніцтвам дасягнулі значнага выканальніцкага майстэрства. Сярод вучняў: П.​Вандзілоўскі, В.Купрыяненка, С.Лясун, А.​Сасноўскі.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.​Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Конрад («Карсар» А.​Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.​Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.​Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.​Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.

т. 7, с. 152

ІВАНО́Ў (Мікалай Львовіч) (н. 30.12.1948, г. Брэст),

бел. і польскі гісторык. Канд. гіст. н. (Мінск, 1977), доктар габілітаваны (Вроцлаў, 1989). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1971). З 1973 працаваў у Ін-це гісторыі АН БССР, з 1985 дацэнт Вроцлаўскага, з 1991 праф. Іерусалімскага ун-таў. З 1992 супрацоўнік радыё «Свабода» (Прага). Даследуе нац. палітыку ў БССР і СССР, развіццё сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў міжваен. перыяд, праблему ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР у 1939, гісторыю яўрэяў у Беларусі. Аўтар кніг «Палякі ў Савецкім Саюзе ў 1921—1939 гг.» (Вроцлаў, 1990), «Першы пакараны народ. Палякі ў Савецкім Саюзе, 1921—1939» (Варшава; Вроцлаў, 1991), «Першы пакараны народ. Сталінізм і ягоны стасунак да польскага насельніцтва на крэсах (1921—1938)» (Варшава, 1991).

Тв.:

Критика фальсификации истории социалистического строительства в БССР (1921—1937 гг.). Мн., 1980.

Л.​П.​Мірачыцкі.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Міхаіл Аляксеевіч) (12.11.1904, С.-Пецярбург — 1955),

бел. кампазітар. Скончыў Мінскі муз. тэхнікум (1931). У 1931—38 заг. муз. часткі Бел. трама, адказны сакратар аргкамітэта Саюза кампазітараў БССР. У 1941—42 артыст аркестра Мінскага гар. т-ра. У 1944 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1988. Працаваў пераважна ў жанры песні, раманса (пісаў на вершы Я.​Купалы, М.​Багдановіча). Аўтар аперэты «Зарэчны барок» на лібр. А.​Жаўрука і А.​Ушакова (з С.​Палонскім, паст. 1940, Т-р муз. камедыі БССР), дзіцячай оперы «Мухамор» на лібрэта В.​Таўлая паводле аднайм. казкі М.​Танка (1943), музыкі да спектакляў «Новы горад» І.​Гурскага (1932) у Бел. траме і «Шлях далёкі» М.​Шастакова (1934) у Т-ры юнага гледача БССР.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 153

ІВАНО́Ў (Павел Іванавіч) (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар. т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.​Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.​Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.​Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.​Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.​Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.​Купалы.

т. 7, с. 153