ІВАНО́Ў (Леў Іванавіч) (2.3.1834, Масква — 24.12.1901),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Скончыў Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1852), выкладаў у ім з 1858. З 1852 артыст, з 1869 вядучы танцоўшчык пецярбургскай балетнай трупы. З 1882 рэжысёр, з 1885 другі балетмайстар Марыінскага т-ра, памочнік М.Петыпа. Сярод партый: Феб і Клод Фрола, Валянцін («Эсмеральда», «Фауст» Ц.Пуні), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Кален («Марная засцярога» П.Л.Гертэля), Конрад («Карсар» А.Адана). Вял. значэнне надаваў сімфанізацыі балета. Стварыў выдатныя ўзоры сімф. распрацоўкі танца — характарнага («Палавецкія танцы» ў оперы «Князь Ігар» А.Барадзіна, 1890; слав. танцы ў оперы-балеце «Млада» М.Рымскага-Корсакава, 1892; «Другая венгерская рапсодыя» на муз. Ф.Ліста, 1900) і класічнага (танец сняжынак у «Шчаўкунку», 1892, і сцэны на возеры ў «Лебядзіным возеры», 1895, П.Чайкоўскага). Творчасць І. стала вяршыняй акад. стылю рус. балета. Сярод вучаніц М.Кшасінская, В.Праабражэнская, А.Ваганава.

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)