Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІВАНО́ВІЧ Грынь, беларускі друкар і гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў мяст. Заблудаў Гродзенскага пав. Быў вучнем кнігадрукара І.​Фёдарава ў Заблудаўскай друкарні. Пазней вучыўся ў майстра Лаўрэнція Філіповіча (1577—79). Пасля навучання рабіў шрыфты і аздобы для выданняў Фёдарава ў Львове і Астрогу. У 1582 зрабіў шрыфт для друкарні Мамонічаў у Вільні. У 1583 вярнуўся ў Львоў, дзе заключыў дагавор з Фёдаравым на выраб новых шрыфтоў. Пасля смерці Фёдарава (1583) звесткі пра І. адсутнічаюць.

т. 7, с. 150

ІВАНО́Ў (Аляксандр Аскольдавіч) (н. 12.2.1957, г. Алматы, Казахстан),

бел. спартсмен (стралковы спорт). Скончыў БДУ (1986). Майстар спорту СССР міжнар. класа (1977). Чэмпіён Еўропы ў камандным і бронз. прызёр у асабістым першынстве (1977, Бухарэст), чэмпіён СССР у камандным першынстве (1979). З 1986 малодшы навук. супрацоўнік Ін-та фіз.-арган. хіміі АН Беларусі. З 1996 — трэнер нац. каманды Беларусі па спарт. стральбе.

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 150

ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (19.2.1919, Масква — 24.12.1964),

бел. матэматык. Д-р тэхн. н. (1958), праф. (1962). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1957 у Ін-це энергетыкі, з 1959 у Ін-це матэматыкі і выліч. тэхнікі АН БССР. Адначасова выкладаў у БДУ. Навук. працы па аналіт. тэорыі цеплаправоднасці, канечных інтэгральных пераўтварэннях, аперацыйным вылічэнні.

Тв.:

Операционный метод в задачах теплопроводности и тепло- и массопереноса // Теплофизика в литейном производстве. М., 1963.

т. 7, с. 150

ІВАНО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (н. 23.8.1948, г. Бугульма, Татарстан),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання для харч. прам-сці. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1995). Скончыў Маскоўскі тэхнал. ін-т харч. прам-сці (1971). З 1992 у Магілёўскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па тэхналогіях і машынах для мукамольна-крупяной вытв-сці.

т. 7, с. 150

ІВАНО́Ў (Аляксандр Гаўрылавіч) (12.8.1898, в. Давыдава Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 20.8.1984),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1964). Скончыў кінашколу ў Ленінградзе (1924). У кіно з 1925. Сярод фільмаў: «Месяц злева» (1929), «Транспарт агню», «Ёсць, капітан!» (абодва 1930), «На мяжы» (1938). Асабліва блізкая І. ваен. тэма: фільмы «Падводная лодка Т-9» (1943), «Сыны» (1946), «Вяртанне з перамогай» (1948), «Зорка» (1953), «Салдаты» (1957). Паставіў кінатрылогію «Узнятая цаліна» (1960—61, паводле М.​Шолахава), фільмы «Калі пазаве таварыш» (1963), «Першарасіяне» (1968) і інш. Мастацтву І. характэрны лаканізм, псіхал. дакладнасць, строгі адбор выяўл. сродкаў. Аўтар сцэнарыяў многіх пастаўленых ім фільмаў.

Літ.:

Муратов Л. Александр Иванов. Л., 1968.

т. 7, с. 150

ІВАНО́Ў (Аляксей Пятровіч) (22.9.1904, с. Чыжова Цвярской вобл., Расія — 27.2.1982),

рускі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Цвярскі пед. ін-т (1926), Ленінградскую кансерваторыю (1932). У 1938—67 саліст Вял. т-ра. Валодаў яркім моцным голасам, артыстызмам, драм. талентам. Сярод лепшых партый: Руслан («Руслан і Людміла» М.​Глінкі), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Рыгалета, Фальстаф (аднайм. оперы Дж.​Вердзі), Чорт, Мазепа («Чаравічкі», «Мазепа» П.​Чайкоўскага), князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Пётр («Варожая сіла» А.​Сярова), Пізара («Фідэліо» Л.​Бетховена), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ). Аўтар кн. «Аб мастацтве спеваў» (1963), «Аб вакальным вобразе» (1968), «Жыццё артыста» (1978). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948, 1950.

т. 7, с. 151

ІВАНО́Ў (Аляксей Фядосавіч) (28.3.1913, в. Чачэвічы Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 30.10.1976),

бел. вучоны ў галіне дэндралогіі. Д-р біял. н. (1969). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1938). У 1969—75 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біялогіі і інтрадукцыі дрэвавых раслін на Беларусі. Адзін са складальнікаў выд. «Інтрадукаваныя дрэвы і кусты ў Беларускай ССР» (вып. 1—3, 1959—61). Дзярж. прэмія БССР 1976.

Тв.:

Рост древесных растений и кислотность почв. Мн., 1970;

Биология древесных растений. Мн., 1975 (у сааўт.).

т. 7, с. 151

ІВАНО́Ў (Анатоль Васілевіч) (15.11.1914, с. Зямлянск Сямілуцкага р-на Варонежскай вобл., Расія — 18.8.1996),

рускі пісьменнік, празаік. Скончыў Варонежскі мед. ін-т (1937). Як ваен. ўрач удзельнічаў у баях каля воз. Хасан (1938). У 1946—63 у БВА. Друкаваўся з 1933. Найб. значныя творы — раман «На Далёкім Усходзе» (1954) і аповесць «Пад намі цэль» (1976), прысвечаны жыццю воінаў-далёкаўсходнікаў.

т. 7, с. 151

ІВАНО́Ў (Анатоль Сцяпанавіч) (н. 5.5.1928, г. Шэманаіха, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1950). З 1972 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия» У вострасюжэтных раманах «Павіцель» (1958), «Цені знікаюць апоўдні» (1963), «Вечны кліч» (кн. 1—2, 1971—76; за сцэнарый аднайм. тэлефільма Дзярж прэмія СССР 1979) паказаны жыццё сібірскай вёскі, людскія лёсы, уцягнутыя ў вір складаных падзей на пераломе эпох. Аўтар аповесцей «Жыццё на грэшнай зямлі» (1971), «Варожасць» (1979), «Туга палёў», «Аповесць пра нязбыўнае каханне» (абедзве 1983), кн. эсэ «Жывая прыгажосць творчасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М. 1979—81.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 151

ІВАНО́Ў Андрэй, разьбяр па дрэве 2-й пал, 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Майстар беларускай рэзі. Працаваў у Аружэйнай палаце ў Маскве (з 1667 «разьбяной справы жалаваны майстар»). Пад кіраўніцтвам старца Арсенія разам з інш. майстрамі ўдзельнічаў у аздабленні сабора Васкрасенскага Нова-Іерусалімскага манастыра (да 1667), драўлянага царскага палаца ў с. Каломенскае (1667—68), палацавай мэблі.

т. 7, с. 151