Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.

т. 7, с. 144

ІБН ХАЛЬДУ́Н, Ібн Халдун Абдурахман Абу Зейд ібн Мухамед (27.5.1332, Туніс — 17.3.1406), арабскі гісторык і філосаф. Паслядоўнік Ібн Рушда. Развіў матэрыяліст. тэндэнцыі араб. авераізму і распаўсюдзіў яго прынцыпы на вывучэнне жыцця грамадства. У «Кнізе павучальных прыкладаў па гісторыі арабаў, персаў, бербераў і народаў, якія жылі з імі на зямлі...» выклаў свае погляды на развіццё грамадства (ідэя гіст. цыклаў; адрозненні ў спосабе жыцця людзей звязваў з геагр. асяроддзем), гісторыю народаў мусульм. Усходу, асабліва краін Магрыба.

Літ.:

Игнатенко А.А. Ибн-Хальдун. М., 1980.

т. 7, с. 144

ІБН ХАРДА́ДБЕХ, Ібн Хурдазбіх Абу-ль-Касім Убайдалах ібн Абдалах

[каля 820 (па інш. звестках, 826) — каля 912/913 (па інш. звестках, 885)],

арабскі географ. Паводле паходжання перс. Яго «Кніга шляхоў і дзяржаў» — важная крыніца па гісторыі Халіфата і сумежных краін, мае ўпамінанні славян і русаў; першы твор апісальнага характару на араб. мове, які дайшоў да нашых дзён.

т. 7, с. 145

ІБРАГІ́МАВА (Зоя Ізмайлаўна) (25.12.1914, г. Самара, Расія — 17 12.1992),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі. Д-р біял. н., праф. (1947). Скончыла Узбекскі ун-т (1936). У 1952—83 заг. кафедры Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па асаблівасцях будовы сярэдняга і ўнутранага вуха і іх кровазвароце. Прапанавала метад апрацоўкі прэпаратаў акрылавымі смоламі.

Тв.:

Гистохимические изменения перепончатого лабиринта после экстирпации верхних шейных симпатических узлов (разам з Р.​Р.​Бураком) // Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970.

т. 7, с. 145

ІБРАГІ́МАЎ (Мірза Аждар аглы) (н. 28.10.1911, с. Эве, Азербайджан),

азербайджанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Акад. АН Азербайджана (1945). Нар. пісьменнік Азербайджана (1961). Герой Сац. Працы (1981). У раманах «Настане дзень» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Вялікая апора» (1957), «Пэрванэ» (1970), «Новыя часы» (1971) і інш. адлюстраваў перыпетыі гіст. лёсу азерб. народа (нац.-вызв. рух у Іране, станаўленне калгаснай вёскі, падзеі Вял. Айч. вайны). Вядомы як драматург, публіцыст і літаратуразнавец. Аўтар зб. «Кніга майго жыцця. Нарысы» (1982). На бел. мову асобныя творы І. пераклалі У.​Анісковіч, П.​Ізох, П.​Кавалёў, А.​Макаёнак.

Тв.:

Бел. пер. — Настане дзень. Мн., 1953.

т. 7, с. 145

ІБРАГІ́МАЎ (Уладзіслаў Ахмедавіч) (н. 8.1.1945, Кіеў),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1979), праф. (1983). Скончыў Маскоўскі ун-т (1968). З 1979 у БПА. Навук. працы па матэм. тэорыі пластычнасці і нелінейнай механіцы разбурэння дэфармаваных цвёрдых цел. Распрацаваў метад абагульненых аналіт. выяўленняў у нелінейных двухмерных сінгулярных краявых задачах, выканаў цыкл даследаванняў па пабудове асімптотыкі рашэння задач аб расколінах, прапанаваў набліжаны метад рашэння краявых задач пластычнасці пры канечных дэфармацыях.

т. 7, с. 145

І́БСЕН ((Ibsen) Генрык) (20.3.1828, г. Шыен, Нарвегія — 23.5.1906),

нарвежскі драматург. З 1851 рэжысёр і драматург Бергенскага нац. т-ра, з 1857 кіраўнік Нарвежскага т-ра ў Крысціяніі (Осла). У 1864—91 жыў за мяжой, пераважна ў Італіі і Германіі. Пачынаў як паэт у 1848, як драматург дэбютаваў п’есай «Катыліна» (1850). Аўтар п’ес «Норма, або Каханне палітыка» (1851), «Камедыя кахання» (1862), цыкла гісторыка-рамант. драм «Курган волатаў» (1850), «Фру Інгер з Эстрата» (1854), «Ваяўнікі ў Хельгеландзе» (1857), «Барацьба за прастол» (1863). Вядомасць І. прынеслі філас. драмы «Бранд» (1866) і «Пер Гюнт» (1867). Драма «Пер Гюнт» прасякнута фальклорна-казачнымі матывамі, з фальклору ўзяты і вобраз гал. героя, фантазёра і летуценніка, які шукаў для сябе лёгкіх шляхоў, часам грэбуючы маральнымі законамі і чужымі лёсамі. Эстэт. эвалюцыя І. адлюстравалася ў п’есах «Стаўпы грамадства» (1877), «Лялечны дом» («Нора», 1879), «Здані» (1881), «Вораг народа» (1882), у якіх рамант. тэндэнцыі саступаюць месца сатырычным, а самі п’есы пазначаны глыбейшым псіхалагізмам, насычаны рэаліст. сімволікай. Познія п’есы І. «Дзікая качка» (1884), «Росмерсхальм» (1886), «Жанчына з мора» (1888), «Геда Габлер» (1890), «Калі мы, мёртвыя, абуджаемся» (1899) сведчылі пра імкненне абагульнена-філас. ўвасаблення жыцця, ускладненасць падтэксту і сімволікі. Спектакль «Нора» («Лялечны дом») у 1903—05 ішоў на сцэне Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Ставіліся п’есы «Здані» ў т-ры імя Я.​Коласа (1940) і Рус. драм. т-ры (1983), «Нора» і «Жанчына з мора» ў т-ры імя Я.​Купалы (1954 і 1984). У бел. т-ры оперы і балета пастаўлены балет «Пер Гюнт» на музыку Э.​Грыга (1966).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1956—58.

Літ.:

Адмони В.Г. Генрик Ибсен: Очерк творчества. 2 изд. М., 1989.

Е.​А.​Лявонава.

Г.Ібсен.

т. 7, с. 145

ІВА́КІ,

вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Чыг. раз’езд на лініі Гомель—Чарнігаў. Цэнтр сельсавета. За 20 км на Пд ад г. Добруш, 30 км ад Гомеля. 1239 ж., 493 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Каля вёскі курганны могільнік.

т. 7, с. 145

ІВА́КІН (Генадзь Пятровіч) (н. 26.12.1930, г. Бабруйск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Вучыўся ў Я.Чамадурава і П.Масленікава. Аформіў спектаклі «Босая птушка» М.​Волінай (Гродзенскі абл. драм. т-р, 1966), «Два клёны» Я.​Шварца (Рэсп. т-р юнага гледача, 1968) і інш., інтэр’еры музея Я.​Коласа ў Мінску (1964—65), зрабіў эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў» (1967) і інш. Сярод жывапісных работ «Браслаў асенні», «Крыніцы» (абедзве 1990), «Свята светлага Вялікадня» (1995), «Жыровічы» (1997), нацюрморты.

Г.Івакін Эскіз дэкарацыі да оперы М.​Мусаргскага «Барыс Гадуноў». 1967.

т. 7, с. 145

ІВА́КІН (Яўген Васілевіч) (н. 29.12.1941, г. Чыта, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. навук (1995). Скончыў Маскоўскі тэхн. ун-т (1965). З 1967 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне дынамічнай галаграфіі, аптычнай апрацоўкі інфармацыі і фотатэрмічнай спектраскапіі. Эксперыментальна выявіў з’яву абарачэння хвалевага фронту пры нелінейна-аптычным узаемадзеянні (разам з Б.А.Сцяпанавым і К.С.Рубанавым), распрацаваў оптыка-электронныя сістэмы пошуку і апазнавання штучных і прыродных аб’ектаў у неаднародных асяроддзях. Дзярж. прэмія СССР 1983.

Тв.:

Развитие методов активной спектроскопии рэлеевского рассеяния света для изучения процессов теплопереноса (разам з АІ.​Кіцаком, А.​С.​Рубанавым) // Изв. Рос. АН. Сер. физ. 1992. Т. 56, № 12.

т. 7, с. 145