нарвежскі драматург. З 1851 рэжысёр і драматург Бергенскага нац.т-ра, з 1857 кіраўнік Нарвежскага т-ра ў Крысціяніі (Осла). У 1864—91 жыў за мяжой, пераважна ў Італіі і Германіі. Пачынаў як паэт у 1848, як драматург дэбютаваў п’есай «Катыліна» (1850). Аўтар п’ес «Норма, або Каханне палітыка» (1851), «Камедыя кахання» (1862), цыкла гісторыка-рамант. драм «Курган волатаў» (1850), «Фру Інгер з Эстрата» (1854), «Ваяўнікі ў Хельгеландзе» (1857), «Барацьба за прастол» (1863). Вядомасць І. прынеслі філас. драмы «Бранд» (1866) і «Пер Гюнт» (1867). Драма «Пер Гюнт» прасякнута фальклорна-казачнымі матывамі, з фальклору ўзяты і вобраз гал. героя, фантазёра і летуценніка, які шукаў для сябе лёгкіх шляхоў, часам грэбуючы маральнымі законамі і чужымі лёсамі. Эстэт. эвалюцыя І. адлюстравалася ў п’есах «Стаўпы грамадства» (1877), «Лялечны дом» («Нора», 1879), «Здані» (1881), «Вораг народа» (1882), у якіх рамант. тэндэнцыі саступаюць месца сатырычным, а самі п’есы пазначаны глыбейшым псіхалагізмам, насычаны рэаліст. сімволікай. Познія п’есы І. «Дзікая качка» (1884), «Росмерсхальм» (1886), «Жанчына з мора» (1888), «Геда Габлер» (1890), «Калі мы, мёртвыя, абуджаемся» (1899) сведчылі пра імкненне абагульнена-філас. ўвасаблення жыцця, ускладненасць падтэксту і сімволікі. Спектакль «Нора» («Лялечны дом») у 1903—05 ішоў на сцэне Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Ставіліся п’есы «Здані» ў т-ры імя Я.Коласа (1940) і Рус.драм. т-ры (1983), «Нора» і «Жанчына з мора» ў т-ры імя Я.Купалы (1954 і 1984). У бел. т-ры оперы і балета пастаўлены балет «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1956—58.
Літ.:
Адмони В.Г. Генрик Ибсен: Очерк творчества. 2 изд. М., 1989.