Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБМЕ́ННАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,

спецыфічны ўзаемны ўплыў тоесных часціц, які эфектыўна праяўляецца як вынік некаторага асаблівага ўзаемадзеяння. Чыста квантавы эфект, які не мае класічнага аналага і вынікае з тоеснасці прынцыпу.

Пры сілавым узаемадзеянні паміж часціцамі сярэдняя энергія сістэмы часціц неаднолькавая ў станах, што апісваюцца хвалевымі функцыямі з рознай сіметрыяй, напр. сістэма з 2 электронаў, калі не ўлічваць іх эл. ўзаемадзеяння, характарызуецца 2 хвалевымі функцыямі φ(r1, r2), якія адносна перастаноўкі каардынат электронаў (r1 ⇄ r2) мяняюць або не мяняюць знак Станам з φ± адпавядае сярэдняя энергія ўзаемадзеяння E± = Ek+Ea, дзе Ek — энергія электрастатычнага (кулонаўскага) узаемадзеяння электронаў, кожны з якіх знаходзіцца ў індывід, стане; Eaт.зв. абменная энергія, што ўзнікае, калі электроны як бы абменьваюцца сваімі станамі (адсюль назва). Абменнае ўзаемадзеянне існуе ў сістэме тоесных часціц і пры адсутнасці сілавога ўзаемадзеяння (ідэальны газ тоесных часціц). Яно пачынае праяўляцца, калі сярэдняя адлегласць паміж часціцамі становіцца параўнальнай з даўжынёй хвалі дэ Бройля, мае характар адштурхоўвання для ферміёнаў (гл. Паўлі прынцып) і прыцяжэння — для базонаў. Паняццем абменнага ўзаемадзеяння карыстаюцца ў тэорыі многаэлектронных атамаў, гомеапалярнай хім. сувязі, ферамагнетызму. Тэрмін абменнае ўзаемадзеянне ўжываецца і ў ядз. фізіцы (гл. Ядзерныя сілы).

Л.М.Тамільчык.

т. 1, с. 31

АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ,

метабалізм, сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.

Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.

Літ.:

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1984—85.

Я.В.Малашэвіч.

т. 1, с. 28

АБМЕ́Н ЭНЕ́РГІІ,

энергетычны абмен, сукупнасць працэсаў утварэння, назапашвання, трансфармацыі і выкарыстання энергіі ў жывых арганізмах, а таксама працэсаў абмену паміж імі і навакольным асяроддзем. Абмен энергіі неадрыўны ад абмену рэчываў, карэліруе з яго ўзроўнем, мае фундаментальнае значэнне ў жыцці ўсіх арганізмаў. У аснове ўнутрыклетачнага абмену энергіі ляжыць акісленне біялагічнае арган. злучэнняў з назапашваннем і ператварэннем т.зв. макраэргічных сувязяў АТФ, крэацінфасфату, фосфаэнолпірувату, 3-фосфагліцэрату і інш. макраэргаў (гал. ролю пры гэтым выконвае цыкл трыкарбонавых кіслот). Зыходнымі вонкавымі крыніцамі для забеспячэння іх энергет. патрэб з’яўляецца энергія пажыўных і інш. рэчываў, што засвойваюцца арганізмам, і светлавая энергія, якая ўключаецца ў біяэнергет. абмен праз фотасінтэз. Ён забяспечвае існаванне не толькі раслін, але і ўсіх гетэратрофных арганізмаў. Гал. крыніцы энергіі ўнутры арганізма — вугляводы (даюць больш за 50% энергіі) і тлушчы. Праз ператварэнні рэчываў у арганізме ажыццяўляецца трансфармацыя хім. энергіі ў інш. віды — мех., цеплавую і інш.

Я.В.Малашэвіч.

т. 1, с. 31

АБМУНДЗІРАВА́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

форменнае адзенне ваеннаслужачага, адметнае колерам, канструкцыяй (кроем), знакамі адрознення і інш.

Элементы абмундзіравання вайсковага вядомыя са стараж. часоў (Егіпет, Асірыя, Персія, Грэцыя), больш выразнымі сталі ў арміі Стараж. Рыма. Упершыню аднолькавае абмундзіраванне вайсковае па відах і родах войскаў уведзена ў Францыі ў 17 ст. На Беларусі абмундзіраванне вайсковае пачало набываць адметнасць з часоў сярэднявечча і пазней. Напр., у 2-й пал. 18 ст. шараговы першай гвардыі ВКЛ насіў чырв. мундзір з сінімі вылогамі (адваротамі) і суконнымі пагонамі. Бікорн (галаўны ўбор) упрыгожваў пампон жоўтага колеру. На штанах сіняга колеру — адмысловая аздоба, характэрная толькі для палка пешай гвардыі. Бамбардзір (камандзір гарматнага разліку) у корпусе артылерыі ВКЛ, напр., меў мундзір з чорным каўняром, адваротамі і манжэтамі, зялёныя суконныя штаны з чорнымі лампасамі, на касцы змяшчалася латунная эмблема ў выглядзе палаючай гранаты, выява якой была таксама на торбе для нашэння набояў (боезапасаў). Шараговы коннай гвардыі ВКЛ меў чырв. мундзір без лацканаў і белыя ласіны (штаны са скуры лася, якія шчыльна аблягалі ногі) з батфортамі, насіў парык. Верхні край бікорна быў абшыты галуном. Абмундзіраванне вайсковае з цягам часу мянялася.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь нац. форма абмундзіравання вайсковага распрацавана і зацверджана ў 1993. У яго ўваходзяць: верхняе адзенне (паліто і куртка зімовыя, плашч-паліто, кіцель, куртка, штаны, кашуля і інш.), галаўныя ўборы (шапка-вушанка, фуражка, пілотка), бялізна, абутак, амуніцыя. Парадак выкарыстання абмундзіравання вайсковага вызначаецца правіламі нашэння вайск. формы адзення, якая падзяляецца на парадную, парадна-выхадную, паўсядзённую, палявую і рабочую, а кожная з іх — на летнюю і зімовую. Права нашэння абмундзіравання вайсковага маюць ваеннаслужачыя ўзбр. сіл, ваен.-навуч. устаноў, а таксама тыя катэгорыі ваеннаслужачых, за якімі пасля звальнення ў запас ці адстаўку захавана такое права.

У.П.Рудэнка, В.А.Юшкевіч.

т. 1, с. 31

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.М.Абрамовіч.

т. 1, с. 31

АБНАЎЛЕ́НЦЫ,

апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.

Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.

т. 1, с. 31

АБО́ЗНЫ,

1) пасада ў войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Прызначаўся гетманам, з 1776 — каралём. Займаўся раскватараваннем войскаў: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. Галоўных абозных было 2 — каронны (польскі) і літоўскі.

2) Выбарная вайск. пасада на Украіне ў 17—18 ст. Генеральныя абозныя арганізоўвалі гетманскае войска, забяспечвалі яго харчаваннем і фуражом, кіравалі артылерыяй, удзельнічалі ў перагаворах, расследавалі злачынствы, палкавыя былі нам. казацкіх палкоўнікаў, узначальвалі палкавую артылерыю.

3) Ніжэйшы чын пры ваен. гужавым транспарце і абозах у дарэв. Расіі і інш. краінах.

т. 1, с. 31

АБО́ЙМА,

1) прыстасаванне для размяшчэння некалькіх патронаў. Прызначана для больш спрошчанага і паскоранага зараджання (падрыхтоўкі магазінаў стралк. зброі — вінтовак, карабінаў, аўтаматаў, некаторых пісталетаў, кулямётаў і малакаліберных гармат). Абойма — метал. рамка, якая ўстаўляецца ў магазінную каробку агнястрэльнай зброі. У некаторых відаў зброі выкарыстоўваецца як дэталь, што ўтрымлівае і накіроўвае патроны пры іх дасылцы з магазіна ў патроннік.

2) Дэталь, прыстасаванне ў выглядзе скабы, абруча з паласавога жалеза, якія служаць для змацавання частак машын, збудаванняў і інш.

т. 1, с. 32

АБО́Л

(грэч. obolos),

1) у Стараж. Грэцыі вагавая адзінка серабра, сярэбраная, потым медная манета (складала 1/6 драхмы).

2) У Зах. Еўропе ў 2-й пал. 8—10 ст. вагавая адзінка серабра і сярэбраная манета (1/2 дэнарыя), у 12—15 ст. сярэбраная, у 16—18 ст. білонная або медная манета (1/2 дэнарыя).

3) У ВКЛ намінал у 1/2 дэнарыя, чаканены Віленскім манетным дваром у 1545—47, 1554.

т. 1, с. 32

АБО́ЛЕ,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята. Пл. 4,67 км². Даўж. 6,55 км, найб. шыр. 1,43 км, найб. глыб. 9,2 м. Пл. вадазбору каля 750 км². Праз возера цячэ р. Дрысвята (у вытоку наз. Прорва). Берагі выш. 0,3—0,5 м, пясчаныя, месцамі забалочаныя, параслі хмызняком.

Схілы выш. да 15 м, стромкія. Паўночны плёс невялікі, мелкаводны, паўднёвы—глыбокі. Дно да глыб. 1 м пясчанае, глыбей глеістае. 2 астравы агульнай пл. 1,6 га. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. 30—600 м.

т. 1, с. 32