АБРАЗІ́ЙНАЯ ТЭРА́СА,
бенч, прыбярэжная частка паверхні марскога дна, выпрацаваная абразіяй. Мае невял. схілы каля берага і большыя каля асновы. Старадаўнія абразійныя тэрасы бываюць пагружаныя (затопленыя) або паднятыя над узроўнем мора (у сукупнасці ўтвараюць прыморскую тэрасаваную раўніну).
т. 1, с. 35
АБРАЗІ́ЎНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
апрацоўка металаў, каштоўных камянёў, горных парод, шкла, дрэва, пластмас і інш. матэрыялаў зразаннем тонкага слоя абразіўным інструментам. Асн. прызначэнне — забеспячэнне павышанай дакладнасці і якасці паверхні, што апрацоўваецца. Можа выкарыстоўвацца таксама для чарнавой абдзіркі паверхняў, рэзкі, знімання вял. прыпускаў. Да абразіўнай апрацоўкі адносяцца паліраванне, шліфаванне, ханінгаванне, даводка, прыцірка, абразіўна-імпульсная апрацоўка, суперфінішаванне і г.д.
т. 1, с. 35
АБРАЗІ́ЎНА-І́МПУЛЬСНАЯ АПРАЦО́ЎКА,
від ультрагукавой апрацоўкі, пры якім паверхня крохкіх матэрыялаў апрацоўваецца імпульсным уздзеяннем абразіўных часцінак. Пры абразіўна-імпульснай апрацоўцы ў зону апрацоўкі нагнятаецца суспензія абразіўных часцінак алмазу, вокісу алюмінію, карбіду крэмнію ці бору, рух якіх выклікаецца канцэнтратарам ультрагукавых ваганняў. Пры ўздзеянні на матэрыял часцінкі зразаюць яго, і апрацаваная паверхня капіруе форму рабочай часткі канцэнтратара. Крыніцай ваганняў з’яўляецца ультрагукавы генератар. абразіўна-імпульснай апрацоўкі выкарыстоўваецца пераважна для фарміравання адтулін, поласцяў, фасонных паверхняў, шліфавання.
т. 1, с. 35
АБРАЗІ́ЎНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
абразівы, прыродныя ці штучныя матэрыялы павышанай цвёрдасці, якія выкарыстоўваюцца для абразіўнай апрацоўкі і вырабу абразіўных інструментаў. Да прыродных абразіўных матэрыялаў адносяцца алмаз, граніт, кварц, карунд, крэмень, наждак; да штучных — электракарунд, карбід крэмнію, карбід бору, кубічны нітрыд бору (эльбор, кубаніт), штучны алмаз (мае значна большую цвёрдасць, стабільнасць уласцівасцяў, інш. высокія тэхнал. якасці). Мікрацвёрдасць абразіўных матэрыялаў ад 18—26 ГПа (электракарунд) да 100 ГПа (сінт. алмаз), іх трываласць на сцісканне адпаведна ад 760 да 2000 МПа.
т. 1, с. 36
АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,
інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).
Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.
т. 1, с. 35
АБРА́ЗІЯ
(ад лац. abrasio саскрабанне),
разбурэнне хвалямі і прыбоем берагоў акіянаў, мораў, азёраў, вадасховішчаў. Інтэнсіўнасць залежыць ад сілы хвалевага ўздзеяння, геал. будовы і стромкасці берагоў, велічыні нахілу прылеглай зоны дна і інш. У выніку абразіі ўтвараюцца абразійныя ўступы (кліфы), хвалепрыбойныя нішы, падводныя абразійныя тэрасы (бенчы). Працягласць абразійных участкаў берагоў вадаёмаў Зямлі складае каля 400 тыс. км (51% агульнай даўжыні). У многіх месцах на прадухіленне абразіі выдаткоўваюцца значныя матэрыяльныя сродкі.
т. 1, с. 36
АБРАЗО́К,
малая празаічная форма ў бел. л-ры — замалёўка з слабаразгорнутым сюжэтам або без яго. У абразку павялічваецца вобразна-экспрэсіўная нагрузка слова, яму ўласціва больш цеснае адзінства выказвання і настраёвасці. Як асобны від эпасу ўзнік на хвалі ажыўлення рамантызму ў канцы 19 — пач. 20 ст. Асн. разнавіднасці абразка: рэалістычна-бытавы («Пяць лыжак заціркі» З.Бядулі), алегарычна-сімвалічны («Камень» Я.Коласа), сатырычны («Сведка» Ф.Багушэвіча). У сучаснай л-ры да жанру абразка часта звярталіся М.Стральцоў, Ф.Янкоўскі, А.Карпюк, Я.Брыль, Б.Сачанка і інш.
т. 1, с. 36
АБРАЗЦО́ВА Алена Васілеўна
(н. 7.7.1939, С.-Пецярбург),
руская спявачка (мецца-сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1976). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1964). З 1984 праф. Маскоўскай кансерваторыі. З 1964 салістка Вял. т-ра Расіі. Выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала» і інш.). Сярод партый: Марфа, Марына Мнішак («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс («Аіда» Дж.Вердзі). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсах імя П.І.Чайкоўскага (Масква), Ф.Віньяса (Барселона; абодва 1970). Дзярж. прэмія Расіі 1973, Ленінская прэмія 1976.
Літ.:
Тимохин В.В. Е. Образцова: Творч. портрет. 2 изд. М., 1988;
Шейко Р. Елена Образцова: Записки в пути. Диалоги. 2 изд. М., 1987.
т. 1, с. 36
АБРАЗЦО́Ў Сяргей Уладзіміравіч
(5.7.1901, Масква — 8.5.1992),
рускі тэатр. дзеяч, акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1954). Герой Сац. Працы (1971). З 1931 кіраўнік Цэнтр. т-ра лялек у Маскве. Распрацаваў тэорыю і методыку т-ра, стварыў рэпертуар, выхаваў плеяду акцёраў і рэжысёраў. З 1973 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Прэзідэнт Міжнар. саюза лялечнікаў (з 1976, з 1984 ганаровы прэзідэнт) і Сав. цэнтра гэтай арг-цыі (з 1958). Працаваў таксама ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1946, Дзярж. прэмія Расіі 1967, Ленінская прэмія 1984.
Тв.:
О том, что я увидел, узнал и понял во время двух поездок в Лондон. М., 1957;
Моя профессия. М., 1981.
Літ.:
Смирнова Н.И. Театр Сергея Образцова. М., 1971.
т. 1, с. 36