Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫНАМІ́ЧНЫЯ ЗАКО́НЫ,

гл Статыстычныя і дынамічныя законы.

т. 6, с. 286

ДЫНАМІ́ЧНЫ СТЭРЭАТЫ́П,

адносна ўстойлівая адаптыўная сістэма рэакцыі арганізма на ўздзеянні знешняга асяроддзя; адзін з найб. складаных феноменаў вышэйшай нерв. дзейнасці. Мае важнае значэнне ў адаптацыі жывёл і чалавека. Асновай Д.с. з’яўляецца фарміраванне сукупнасці сувязей і ўзаемаадносін паміж ачагамі ўзбуджэння і тармажэння ў кары вял. паўшар’яў галаўнога мозга ў адказ на шматразовае стэрэатыпнае ўздзеянне вызначаных камбінацый умоўных раздражняльнікаў, што змяняюць адзін аднаго і спадарожнічаюць індывіду ўсё жыццё. Як адзіны комплекс Д.с. складваецца ў выніку накладвання наступных стымулаў на сляды папярэдніх. На гэтай аснове ствараюцца звычкі, традыц. распарадак дня чалавека і інш. Д.с. выпрацоўваецца паступова, дасягае высокай устойлівасці, забяспечвае аўтам. эканомнае з пункту гледжання расходу нерв. энергіі прыстасаванне да змен наваколля, бо звыклая дзейнасць для арганізма значна лягчэйшая, чым новая. Са зменай абставін Д.с. зведвае перабудову, ступень цяжкасці якой залежыць ад характару раздражняльніка, асаблівасцей вышэйшай нерв. дзейнасці і можа прыводзіць да яе зрыву.

У.М.Калюноў.

т. 6, с. 286

ДЫНАМО́МЕТР (ад дынама... + ...метр),

прылада для вымярэння сілы або моманту сілы. Бываюць: цягавыя — для вымярэння адной сілы (цягі) і вярчальныя — пары сіл (вярчальнага моманту); узорныя і рабочыя (агульнага прызначэння, спецыяльныя); пераносныя і стацыянарныя; мех. (спружынныя, рычажныя), гідраўл., эл. і інш.

Д. мае пругкі элемент, які дэфармуецца пад уздзеяннем сілы, і адліковае прыстасаванне для рэгістрацыі вымеранага намагання. З дапамогай Д. вымяраюць сілы ад некалькіх ньютанаў да 1 МН. Выкарыстоўваюць пры выпрабаваннях і эксплуатацыі машын, для вымярэння сілы рэзання або момантаў сіл, што ўзнікаюць пры апрацоўцы металаў (інструментальны Д.), мускульных намаганняў і інш. Д. з пішучым прыстасаваннем наз. дынамографам, з адліковым або паказвальным прыстасаваннем — работамерам ці імпульсіметрам.

Рабочы спружынны дынамометр (работамер): 1, 4 — захваты; 2 — корпус з пругкім элементам; 3 — цыферблат са шкалой; 5 — стрэлка.

т. 6, с. 286

ДЫНАМО́НЫ,

сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы: сумесь нітрату амонію NH4NO3 (акісляльнік) і невыбуховага гаручага (торф, драўняная мука, нафтапрадукты, парашкі металаў), якое лёгка акісляецца. Цеплата ўзрыву ў залежнасці ад складу 3—4,2 МДж/кг.

З тонкадысперснага NH4NO3 вырабляюць парашкападобныя Д., з сітаватага грануляванага — грануляваныя: грануліты (гранулы салетры, прамочаныя вадкім гаручым) і ігданіт (94—95% NH4NO3 і дызельнае паліва). Грануляваныя Д. ў параўнанні з парашкападобнымі менш гіграскапічныя і адчувальныя да мех. уздзеянняў. Выкарыстоўваюць для ўзрыўных работ на паверхні і пад зямлёй (акрамя шахтаў, небяспечных на газ і пыл). Гл. таксама Дынаміты.

т. 6, с. 286

ДЫНА́РСКАЕ НАГО́РЕ (Dinarsko gorje),

нагор’е на ПнЗ Балканскага п-ва, у Харватыі, Босніі і Герцагавіне, Югаславіі і паўн. Албаніі. Даўж. каля 650 км, шыр. да 230 км. Пераважаюць сярэднягор’і. Найвышэйшая вяршыня 2692 м (г. Езерца ў Паўн.-Алб. Альпах). Асн. хрыбты і масівы (Велебіт, Дынара, Дурмітар, Копаанік і інш.). Складзена пераважна з мезазойскіх вапнякоў (класічны карставы раён), на У са сланцаў і пясчанікаў. Дубова-букавыя і хвойныя лясы, міжземнаморскі хмызняк, горныя стэпы і пусткі. Нац. паркі Дурмітар (унесены ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Копаанік і інш.

т. 6, с. 286

ДЫ́НАС (ад назвы скалы Дынас ва Уэльсе, Вялікабрытанія),

адзін з вогнетрывалых матэрыялаў. Складаецца пераважна (не менш як 93%) з крэменязёму. Атрымліваецца з кварцавых парод на вапнавай або іншай звязцы абпальваннем пры высокіх т-рах. Вогнетрываласць 1680—1730 °C. Выкарыстоўваецца пры мураванні прамысл. печаў (мартэнаўскіх, коксавых, шклаварных і інш.).

т. 6, с. 286

ДЫНА́СТЫЯ (ад грэч. dynasteia улада, панаванне),

1) шэраг манархаў з аднаго роду, якія паслядоўна змяняюць адзін аднаго паводле права роднасці і атрымання спадчыны.

2) Пераносна — некалькі пакаленняў адной сям’і, якія атрымалі вядомасць у пэўнай галіне дзейнасці (напр., акцёрская Д. і інш.).

т. 6, с. 286

ДЫ́НГА (Canis dingo),

млекакормячае сям. воўчых атр. драпежных. Некат. вучоныя разглядаюць Д. як падвід здзічэлага свойскага сабакі. Пашырана ў Аўстраліі, верагодна, разам з пранікненнем чалавека. Жыве пераважна на адкрытых раўнінах або ў разрэджаных лясах. Начная і змрокавая жывёла, трымаецца невял. зграямі.

Даўж. цела 90—110 см. Целасклад зграбны, ногі моцныя, кароткія, прамыя. Вушы стаяць, хвост пушысты. Валасяное покрыва густое, мяккае. Звычайная афарбоўка ржава-рыжая або рыжа-бурая; трапляюцца белыя, плямістыя, шэрыя, амаль чорныя асобіны. Нараджае 4—8 шчанят. Корміцца дзікімі і свойскімі жывёламі.

Дынга.

т. 6, с. 286

ДЫ́ННАЕ ДРЭ́ВА, папайя (Carica papaya),

пладовае дрэва сям. карыкавых. Культывуецца ў трапічных краінах Амерыкі, Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Адно з стараж. культ. раслін. Хуткарослае, недаўгавечнае (у культуры замяняюць праз 3—5 гадоў).

Вечназялёнае дрэва выш. 4—7 м, без галін. На верхавіне разетка з буйнога лісця на доўгіх чаранках. Суквецці вісячыя, кветкі крэмавыя або белыя, часцей аднаполыя. Плод — ягада (даўж. да 30 см, маса 3—6 кг), падобная на дыню (адсюль назва). Спажываюць як дыетычны прадукт. З млечнага соку няспелых пладоў і лісця атрымліваюць фермент папаін, які выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці.

Дыннае дрэва.

т. 6, с. 287

ДЫНО́Д [ад грэч. dyn (amis) сіла + (электр)од],

электрод у фотаэлектронных памнажальніках, некат. электронных лямпах і інш. прыладах, які выпрамяняе больш электронаў, чым трапляе на яго. Гл. таксама Другасная электронная эмісія.

т. 6, с. 287