Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў астраноміі,

становішча планеты, пры якім яе экліптычная даўгата супадае з даўгатой Сонца. Для зямнога назіральніка планета знаходзіцца ці перад Сонцам, ці за ім. Гл. Канфігурацыя планет.

т. 7, с. 93

т. 7, с. 93

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.​Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.​Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

ЗЛУЧЭ́ННЕ ВАЙСКО́ВАЕ,

ваеннае фарміраванне, якое складаецца з некалькіх часцей або злучэнняў меншага складу, звычайна розных родаў войск (сіл), спец. войск (службаў), а таксама часцей (падраздзяленняў) забеспячэння і абслугоўвання. Існуюць З.в. пастаяннай і непастаяннай (часовай) арганізацыі. У залежнасці ад складу і задач, якія належыць вырашаць, адрозніваюць аператыўныя (напр., авіяносныя ўдарныя злучэнні ў ВМС ЗША), аператыўна-тактычныя (армейскія, стралк., механізаваныя, танк., кавалерыйскія і інш. карпусы, часам эскадры надводных караблёў), у гады 2-й сусв. вайны тактычныя (розныя дывізіі, брыгады і інш.).

т. 7, с. 93

ЗЛУЧЭ́ННЕ ХІМІ́ЧНАЕ,

хімічна індывід. рэчыва, у якім атамы аднаго ці розных элементаў злучаны хімічнай сувяззю. Адрозніваюць арганічныя злучэнні і неарганічныя злучэнні. Большасць З.х. падпарадкоўваецца пастаянства саставу закону і кратных адносін закону (гл. Стэхіяметрыя). З.х. характарызуецца пэўнымі фіз. канстантамі (шчыльнасць, т-ры плаўлення, кіпення і інш.). Атрымліваюць у выніку рэакцый хімічных. Састаў запісваюць у выглядзе формул хімічных.

т. 7, с. 93

ЗЛУЧЭ́ННІ ў тэхніцы,

сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).

Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл. Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.

Злучэнні дэталей і канструкцый: 1 — балтовае; 2 — шпоначнае; 3 — шліцавае (зубчастае); 4 — зварное; 5 — заклёпачнае; 6 — шрубамі.

т. 7, с. 93

ЗЛУЧЭ́ННІ ЎКЛЮЧЭ́ННЯ,

тое, што клатраты.

т. 7, с. 93

ЗЛЫ́ДЗЕНЬ,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злы дух, малая істота, часам у выглядзе старца, якая жыве (звычайна не адна) у хаце нябачна, прыносячы гаспадарам розныя нягоды і вечную беднасць. Існуе бел. прымаўка: «Упрасіліся злыдні на тры дні, a і ў тры гады не выжывеш».

т. 7, с. 93

«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.​Дварчанін, Я.​Гаўрылік, Ф.​Валынец, І.​Грэцкі, А.​Стагановіч (з лют. 1929 П.​Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

«ЗМАГА́ННЕ»,

газета дэмакратычнага кірунку. Орган Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 28.10.1923 да 31.1.1924 два разы, з № 8 тры разы на тыдзень у Вільні на бел. мове. Рэдактар-выдавец М.​Шыла. Асвятляла эканам. становішча ў Зах. Беларусі, пытанні нац.-вызв. руху, развіцця асветы, нац. мастацтва і культуры. Крытыкавала палітыку ўрада Польшчы за сац. і нац. ўціск, пагардлівыя адносіны да бел. мовы, школы, культуры, за фін. нестабільнасць у краіне. Заклікала да стварэння рабоча-сял. партыі. Друкавала літ.-публіцыстычныя нарысы, рэцэнзіі на кнігі, навук.-папулярныя творы. У газ. друкаваліся М.​Краўцоў, А.​Луцкевіч, С.​Рак-Міхайлоўскі, У.​Самойла і інш. Выйшаў 31 нумар, з іх 2 канфіскаваны.

Апошні нумар — газета-аднадзёнка «Нашае змаганне» — выйшаў 3.2.1924. Закрыта польскімі ўладамі.

С.​В.​Говін.

т. 7, с. 93

ЗМАГА́Р (Алесь) (сапр. Яцэвіч Аляксандр Хведаравіч; 1.10.1903, в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1995),

бел. пісьменнік. Брат Янкі Золака. Скончыў Вышэйшы пед. ін-т у Мінску (1930). У гады фаш. акупацыі працаваў у рэдакцыі «Беларускай газэты», быў настаўнікам, інспектарам нар. школ. З 1944 у эміграцыі, жыў у Аўстрыі, Францыі, з 1956 у ЗША. Аўтар паэт. зб. «Да згоды» (1962), кніг артыкулаў «Вызвольныя шляхі» (1965) і апавяданняў «Лесавікі» (1973), рамана «Случчына ў агні» (1986). Творы З. адметныя сплавам мастацкасці і публіцыстычнасці.

С.​Б.​Сачанка.

т. 7, с. 94