Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗЕНІ́Т-ТЭЛЕСКО́П,

астронама-геадэзічная прылада для вымярэння малых рознасцей зенітных адлегласцей зорак з мэтай вызначэння шыраты месца назірання (гл. Шырата геаграфічная). Складаецца з устаноўленага на азімутальнай манціроўцы рэфрактара, у факальнай плоскасці якога знаходзіцца акулярны мікрометр. Труба тэлескопа замацавана на гарыз. восі, вярчэннем вакол якой устанаўліваецца неабходная зенітная адлегласць візірнай лініі інструмента. На процілеглым баку гарыз. восі знаходзяцца процівага і круг для адліку зенітнай адлегласці. Нязменнасць нахілу трубы кантралююць дзвюма высокадакладнымі грунтвагамі. Вымярэнні на З.-т. — найб. дакладныя ў класічнай астраметрыі. Сярэдняя квадратычная хібнасць у вызначэнні шыраты ±0,001".

Я.​У.​Чайкоўскі.

Зеніт-тэлескоп.

т. 7, с. 62

ЗЕ́НКЕР (ням. Senker),

металарэзны інструмент для павелічэння дыяметра або памяншэння шурпатасці (чыставой апрацоўкі) гатовых цыліндрычных адтулін, атрыманых свідраваннем, штампоўкай або ліццём. У адрозненне ад свердла мае ад З да 6 рэжучых кантаў. Адрозніваюць З. суцэльныя, насадныя (з напаянымі пласцінкамі з цвёрдага сплаву), зварныя (з прываранымі хваставікамі з вугляродзістай канструкцыйнай сталі), зборныя (са зменных рэжучых частак і корпуса). Апрацоўку З. (зенкераванне) робяць на свідравальных, рэвальверных і вертыкальна-фрэзерных станках.

Зенкеры: 1 — суцэльны; 2 — насадны; 3 — зборны камбінаваны.

т. 7, с. 62

ЗЕНО́БІЯ (Септымія) (лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),

правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 62

ЗЕ́НЧАНКА,

рака, гл. Зямчатка.

т. 7, с. 62

ЗЕРАЎПІА́НСКІ ХРЫБЕ́Т горны хрыбет у сістэме Гісара-Алая ва Узбекістане і Таджыкістане, на Пд ад р. Зераўшан. Даўж. каля 370 км. Выш. да 5489 м (г. Чымтарга). На У (да р. Фандар’я) — высакагорны рэльеф з вяршынямі выш. да 4500—5000 м, на З — сярэднягор’е з карставымі формамі рэльефу (карставая бездань Кіеўская, глыб. 950 м). Складзены ў асн. з крышт. сланцаў і вапнякоў, часткова з гранітаў. На схілах — рэдкалессе (пераважна з арчы), горныя стэпы і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 307 км²).

т. 7, с. 62

ЗЕРАЎША́Н,

рака ў Сярэдняй Азіі, у Таджыкістане і Узбекістане. Даўж. 877 км, пл. бас. 17,7 тыс. км. У вярхоўі наз. Матча. Пачынаецца з Зераўшанскага ледавіка ў горным вузле Каксу на выш. каля 2800 м. Цячэ ў вузкай глыбокай даліне (300 км), ніжэй г. Самарканд распадаецца на 2 рукавы — Акдар’я (паўн.) і Карадар’я (паўд.), якія зноў зліваюцца каля кішлака Хатырчы. Ніжэй г. Пенджыкент З. цячэ па раўніне, яго воды разбіраюцца на арашэнне і рака не даходзіць да р. Амудар’я. Нізоўі жывяцца водамі р. Амудар’я па Аму-Бухарскім канале. Асн. прытокі ў вярхоўях — Фандар’я, Кштут, Магіян (злева). Жыўленне снегава-ледавіковае. Сярэдні гадавы расход вады 162 м³/с. Катакурганскае і Куюмазарскае вадасховішчы. У бас. З. — Зераўшанскі запаведнік. У даліне З. — гарады Самарканд, Бухара, Наваі, Катакурган.

т. 7, с. 62

ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНА-СУШЫ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС,

комплекс машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі (ачысткі, сушкі, сартавання) зерня. Ўключае зернеачышчальны агрэгат (складаецца з аўтамабілеразгрузчыка, зернеачышчальных машын папярэдняй і першаснай ачысткі, трыераў, норый і інш.) і шахтавыя (часам барабанныя) зернесушылкі з зернеправодамі.

З.-с.к. можа дадаткова камплектавацца бункерамі актыўнага вентыліравання, машынамі другаснай ачысткі, пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі і інш. Машыны комплексу злучаны ў адзіную лінію і кіруюцца дыстанцыйна з цэнтр. пульта. Ачышчанае і высушанае зерне, адходы паступаюць у бункеры, адкуль выгружаюцца ў аўтамабілі; насеннае зерне дадаткова ачышчаецца і сартуецца машынамі другаснай ачысткі і пнеўматычнымі сартавальнымі сталамі, пратраўліваецца. Прадукцыйнасць комплексу да 50 т/гадз.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕАЧЫШЧА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны для ачысткі, сартавання і калібравання зерня (насення) розных культур. Бываюць папярэдняй ачысткі (падрыхтоўваюць зерне да сушкі, сартавання або часовага захоўвання), першаснай ачысткі (даводзяць да нарыхтоўчых кандыцый), другаснай ачысткі (да пасяўных кандыцый) і спец. ачысткі (напр., ад цяжкааддзельных дамешкаў); стацыянарныя, перасоўныя і самаперасоўныя: простыя (раздзяляюць зерневую сумесь па адной адзнацы) і складаныя (па некалькіх адзнаках). Працуюць самастойна або ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу.

З.м. маюць рабочыя органы: паветраныя сістэмы (раздзяляюць зерневую сумесь па аэрадынамічных уласцівасцях часціц), рашотныя (па таўшчыні і інш. уласцівасцях формы), трыерныя (па даўжыні), фрыкцыйныя (па трэнні слізгання і качэння), магнітныя (па шурпатасці паверхні, да якой прыліпае магн. парашок). Розная шчыльнасць часціц выкарыстоўваецца для раздзялення сумесі на пнеўматычных сартавальных сталах, пругкасць — на адбівальных сталах, колер — у фотаэлектронных рабочых органах. Пашыраны стацыянарныя і самаперасоўныя паветрана-рашотныя, паветрана-рашотна-трыерныя З.м., трыерныя блокі; насенне траў і лёну ачышчаюць ад шурпатага насення пустазелля эл.-магн. і магн. З.м. Прадукцыйнасць З.м. да 50 т/гадз.

В.​П.​Чабатароў.

Зернеачышчальныя машыны: а — ачышчальнік збожжа ОВП-20А (1 — рашотныя станы, 2, 4 — выгрузны і загрузачны транспарцёры, 3 — прыемная камера, 5 — вентылятар, 6 — інерцыйны пылааддзяляльная 7 — скрабалкавы сілкавальнік); б — насеннеачышчальная СМ-4 (1 — шнэкавы сілкавальнік, 2 — загрузачны транспарцёр; 3 — корпус з рашотамі, трыернымі цыліндрамі, вентылятарамі і інш.).

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЕПАГРУ́ЗЧЫК,

машына бесперапыннага дзеяння для пагрузкі збожжа ў трансп. сродкі, фарміравання і пералапачвання бунтаў, загрузкі зернеачышчальных машын, зернесушылак і збожжасховішчаў. Мае 2 асн. рабочыя органы — сілкавальнік і транспарцёр. Паводле тыпу рабочых органаў падзяляюцца на скрабалкавыя, шнэкавыя і камбінаваныя. Бываюць самаперасоўныя і пераносныя. Прыводзяцца ў дзеянне ад электрарухавікоў. Найб. пашыраны З. самаперасоўныя скрабалкавыя прадукцыйнасцю да 100 т/гадз.

т. 7, с. 63