ЗЕНО́БІЯ Септымія
(лац. Zenobia Septimia, сірыйскае Bathzabbai; ? — пасля 274),
правіцельніца рым. калоніі Пальміра (цяпер у Сірыі). Пасля забойства мужа каля 266 стала рэгенткай пры сваім малалетнім сыне Вабалату. У 270, калі Рым. імперыі з захаду пагражалі герм. плямёны, прыняла тытул «Аўгусты», захапіла Егіпет. У 271 Вабалат абвясціў сябе імператарам Усходу і напаў на рым. ўладанні ў М. Азіі. У 272 пальмірцы былі пераможаны арміяй імператара Аўрэліяна, у 273 яны зноў напалі на рымлян, але былі разгромлены, а іх горад Пальміра зруйнаваны. З. трапіла ў палон і ў 274 разам са сваімі сынамі прайшла ў працэсіі пераможаных у час трыумфу Аўрэліяна. Аддадзеная замуж за рым. сенатара, да канца жыцця заставалася ў Тыбуры (цяпер г. Тывалі, Італія). Яе біяграфія змешчана ў «Гісторыі імператараў» («Historia Augusta») і стала сюжэтам драм 17 і 19 ст.
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)