Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,

машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.

Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.

В.​П.​Чабатароў.

Зернесушылкі: 1 — шахтавая стацыянарная; 2 — барабанная перасоўная.

т. 7, с. 63

ЗЕРНЯЦЁРКА,

старажытнае прыстасаванне для расцірання зерня на муку або атрымання круп. Складалася з масіўнага ніжняга плоскага каменя-валуна, на рабочай паверхні якога рабілася паглыбленне, куды насыпалі зерне для апрацоўкі, і меншага верхняга каменя-цёрачніка. На тэр. Беларусі З. з’явілася ў эпоху неаліту. Найб. пашырэнне мелі ў жал. веку (7—6 ст. да н.э. — 8 ст. н.э.).

т. 7, с. 63

ЗЕРФЮ́С ((Zehrfuss) Бернар) (н. 20.10.1911, г. Анжэ, Францыя),

французскі архітэктар. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. Зазнаў уплывы А.Перэ і Ш.Э.Ле Карбюзье. Адзін з прадаўжальнікаў функцыяналізму 1920—30-х г. Пабудовы З.: у Парыжы — будынак ЮНЕСКА (1953—57), Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, абодва ў сааўт.); з-ды «Рэно» (1953, Флен, Іль-дэ-Франс); шматлікія грамадскія і жылыя збудаванні ў Парыжы, Гаўры, Туры, Тунісе і Алжыры.

т. 7, с. 63

ЗЕЎ,

адтуліна, якая ў млекакормячых і чалавека аб’ядноўвае поласць рота з глоткай. Абмяжоўваецца зверху мяккім паднябеннем, знізу — спінкай языка і па баках паднябеннымі дужкамі, сярод якіх размешчаны міндаліны.

т. 7, с. 63

ЗЕ́ЎКСІС (Zeuxis),

старажытнагрэчаскі жывапісец канца 5 — пач. 4 ст. да н.э. Імкнучыся да ілюзорнасці выяўлення, адным з першых выкарыстаў у карцінах (вядомы па ант. літ. крыніцах і рым. копіях) святлаценявую мадэліроўку («Алена», «Немаўля Геракл душыць змей», «Сям’я кентаўраў»).

т. 7, с. 63

ЗЕЎС,

у грэч. міфалогіі вярхоўны бог, уладар багоў і людзей. Месцам знаходжання З. лічыўся Алімп. Яго атрыбутамі былі эгіда (шчыт), скіпетр і арол. Першапачаткова З. — бог маланкі, грому і дажджу, пазней аб’яднаў рысы інш. багоў. Паводле міфаў, З., малодшы сын Кронаса і Рэі, брат і муж Геры, пасля перамогі над бацькам, тытанамі і гігантамі пачаў правіць светам разам з братамі Пасейдонам і Аідам. З. — бацька многіх багоў і багінь, у т. л. Апалона, Арэса, Дыяніса, Афіны, Афрадыты, герояў Геракла, Персея і інш. У Рыме культ З. зліўся з культам Юпітэра.

Зеўс (Зеўс Атрыколі). Рымская копія з грэчаскага арыгінала. 4 ст. да н.э.

т. 7, с. 63

ЗЕФІ́Р,

у грэчаскай міфалогіі бог зах. ветру, вястун багоў; сын тытана Астрэя і багіні ранішняга світанку Эас, брат багоў-вятроў Барэя і Нота, зорнай дзевы Астрэі і зорак. Разам з гарпіяй Падаргай нарадзіў коней Ахіла. З., які дзьме з захаду, прыносіць буры, на адных казачных астравах ён пяшчотны і цёплы, а на іншыя прыносіць прахалоду.

т. 7, с. 64

ЗЕФІ́Р,

1) баваўняная тканіна палатнянага перапляцення з кручанай беленай пражы. Уздоўж асновы мае вузкія палоскі з патоўшчаных белых і тонкіх каляровых нітак, якія чаргуюцца паміж сабой і з белымі ніткамі. Выкарыстоўваюць пераважна для пашыву мужчынскіх кашуль.

2) Разнавіднасць пасцілы. Цукеркі шарападобнай ці прадаўгаватай формы, у параўнанні з пасцілой маюць больш пышную кансістэнцыю.

т. 7, с. 64

ЗЕФІ́РАЎ (Аляксей Пятровіч) (25.3.1907, г. Гомель — 8.9.1979),

савецкі хімік-неарганік і металург. Чл.-кар. АН СССР (1968). Скончыў Маскоўскі ін-т каляровых металаў і золата (1932). У 1932—56 у Мін-ве каляровай металургіі СССР (акрамя 1943—46), адначасова (з 1949) у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. З 1967 дырэктар Усесаюзнага н.-д. ін-та хім. тэхналогіі. Навук. працы па хіміі і металургіі рэдкіх і высакародных металаў. Ленінская прэмія 1965, Дзярж. прэмія СССР 1978.

А.П.Зефіраў.

т. 7, с. 64

ЗЕ́Я,

рака на Д. Усходзе Расіі, левы прыток р. Амур. Даўж. 1242 км, пл. бас. 233 тыс. км². Пачынаецца на паўд. схілах Станавога хр., цячэ па Верхнязейскай раўніне ў даліне з шырокай поймай. Прарэзвае хр. Тукурынгра і Сактахан, утварае скалістую цясніну — Зейскія Вароты. У межах Амурска-Зейскай раўніны даліна месцамі пашыраецца да 10—20 км. Ніжэй вусця р. Селемджа цячэ па Зейска-Бурэінскай раўніне па шырокай забалочанай даліне. Асн. прытокі: Ток, Мульмуга, Бранта, Гілюй, Уркан (справа), Купуры, Аргі, Дэп, Селемджа, Том (злева). Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з ліст. да пач. мая, у вярхоўі перамярзае. Сярэдні гадавы расход вады 1900 м³/с. Пашырана шматгадовая мерзлата. У бас. З. больш за 19,5 тыс. азёр агульнай пл. 1021 км². Суднаходная ніжэй Зейскай ГЭС і па вадасховішчы. Зейскі запаведнік. На З. — гарады Зея, Свабодны, Благавешчанск.

т. 7, с. 64