Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮ́БЧА,

гарадскі пасёлак у Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Нёман. За 26 км ад Навагрудка, 49 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Баранавічы—Ліда. 1498 ж. (1999).

Упершыню згадваецца ў 1401 у ням. хроніках як аб’ект ваен. паходаў крыжакоў. У 1428 вял. кн. ВКЛ Вітаўт перадаў сяло Л. сваёй жонцы Ульяне. У 1499 вял. кн. ВКЛ Аляксандр падараваў «двор Л.» свайму пісару Фёдару Рыгоравічу. 3 пач. 16 ст. мястэчка. У 1590 кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III даў Л. магдэбургскае права і герб (у 1644 атрыманы новы). У канцы 16 — пач. 17 ст. пабудаваны Любчанскі замак. У 17 ст. дзейнічала Любчанская друкарня. У 1606—1832 Л. належала кн. Радзівілам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка Навагрудскага пав. Гродзенскай губ., з 1842 — Мінскай губ. У 1897 — цэнтр воласці, 3239 ж., 444 двары, жаночая царк.-прыходская школа, аптэка, царква, сінагога, мясц. прамысловасць, 70 крам, корчмы, штогадовы кірмаш. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав. і ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Любчанскага раёна Баранавіцкай вобл., гар. пасёлак. У Вял. Айч. вайну з 26.6.1941 да 8.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 1825 чал. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1956 — у Навагрудскім р-не.

Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт. школы, школа мастацтваў, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, спецыялізаваны дом дзіцяці, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры: Ільінская царква (1910), рэшткі Любчанскага замка. Любчанскі парк. За 1,5 км на ПнУ ад Л. стаянка эпохі мезаліту і больш позняга часу.

В.У.Шаблюк, У.У.Бянько.

т. 9, с. 399

ЛЮБЧА́НСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала ў 17 ст. ў г.п. Любча

(Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.) у маёнтку кн. Радзівілаў. Засн., магчыма, Пятром Бластусам Кмітам, які, паводле меркаванняў даследчыкаў, у 1612 перавёз сюды друкарскае абсталяванне з Вільні. Друкарня абслугоўвала пераважна патрэбы кальвіністаў, зрэдку прымала заказы і католікаў. За 20 гадоў Кміта выдаў 59 назваў кніг на польск. і лац. мовах па гісторыі, медыцыне, філасофіі і інш. Сярод іх «Апафегматы» Б.Буднага (1614),

«Эпітоме» (1614) і зб. прыказак (1618) С.Рысінскага, «Навагрудскі дыспут» Я.Зыгроўскага (1616), «Гісторыя іудзейскай вайны» І.Флавія (1617), «Генеалогія або кароткае апісанне вялікіх літоўскіх князёў» М.Стрыйкоўскага ў перапрацоўцы С.Доўгірда (1626), «Статут Слуцкай школы» (1628) і інш. З 1632 друкарню ўзначальваў сын Кміты Ян Даніэль, што выдаў кнігу арыянскага аўтара І.Шліхтынга «Аб св. Тройцы супраць Балтазара Мейснера» на лац. мове (1639), панегірыкі і літургічныя творы паводле заказу віленскіх лютэран (усяго 24 назвы). У 1646—55 (або 1656) кіраўніком друкарні быў Ян Ланге, які выдаў 14 кніг пратэстанцкага кірунку, сярод іх «Пастыла» і «Псалтыр» лютэранскага пастара А.Шонфлісіуса. У 1650-я г. некалькі разоў выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.Фурмана. 3 друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке. Упершыню ў бел. кнігадрукаванні для ілюстравання выданняў шырока выкарыстоўвалася гравюра на медзі.

Літ.:

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 130—131;

Topolska M.B. Czytelnik i książka w Wielkim Księstwie Litewskim w dobie Renessansu i Baroku. Wrocław, 1984. S. 97—101.

Ю.М.Лаўрык.

т. 9, с. 400

ЛЮБЧА́НСКІЯ БАІ́ 1944.

Адбыліся паміж партызанамі брыгады імя Дзяржынскага і ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Любча Вілейскага р-на Мінскай вобл. 3 і 6—8 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон у Любчы (каля 450 гітлераўцаў) прыкрываў адступленне гітлераўскіх войск. Партызаны спланавалі яго ліквідацыю. 3 ліп. штурмам авалодалі гар. пасёлкам, захапілі шмат варожага ўзбраення. Выбітыя з пасёлка гітлераўцы пачалі канцэнтраваць сілы ў в. Нягневічы, каб знішчыць партызан і авалодаць пасёлкам. 6 ліп. пры падтрымцы танкаў і артылерыі яны пачалі наступленне. 3-за пагрозы акружэння брыгада вымушана была пакінуць Любчу. Але пасля 2 дзён жорсткіх баёў 8 ліп. партызаны зноў захапілі пасёлак і ўтрымлівалі яго да падыходу Чырв. Арміі.

М.Ф.Шумейка.

т. 9, с. 400

ЛЮБЧА́НСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16 — пач. 19 ст. ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны на высокім левым беразе Нёмана. Прамавугольны ў плане (64 × 87 м), быў умацаваны валунамі, з 3, Пд і У — ровам (шыр. каля 30 м, глыб. 7—10 м). На паўд.-зах. і паўд.-ўсх. вуглах замчышча размяшчаліся 2 мураваныя вежы. Паўд.-зах. вежа-брама (10,15 × 9,8 м) мела выгляд куба, які на вы ш. каля 8 м пераходзіць у 8-гранную прызму. Падмурак быў складзены з вял. камянёў на вапне, выш. 3,85 м. Вежа мела 4 ярусы бою. Аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй гэта вежа вельмі падобная да вежаў Мірскага замкава-паркавага комплексу і некат. абарончых вежаў Віцебскага Верхняга замка. Паводле выкарыстання мяшанай гатычна-рэнесансавай муроўкі яе можна датаваць 2-й пал. 16 ст. Пра гэта сведчыць і знойдзены флюгер-ветранік з гербам Радзівілаў і лічбамі «1581». Напачатку вежа была, відаць, адзінай мураванай у драўляным замку, пра што ўскосна сведчаць прасла, што прымыкае да яе мураванай сцяны, і 2-я вуглавая паўд.-ўсх. вежа, якая адрозніваецца формай, памерамі (8,3 × 8,3 м) і рэнесансавай муроўкай. Яе пабудавалі, верагодна, у пач. 17 ст., бо на гербе Любчы, атрыманым у 1644, намаляваны 2 вежы. Яна таксама стаіць на падмурку выш. каля 4 м. У вежы былі 3 ярусы бою. Прасла замкавай сцяны паміж вежамі таксама рэнесансавай муроўкі мела таўшчыню 1,3 м. На паўд. баку замчышча, па-над Нёманам, паміж 2 невял. вежамі размяшчаўся палац. Паводле інвентара Л.з. за 1661 вежы мелі бляшаныя дахі з купаламі, на якіх знаходзіліся флюгеры з гербам Радзівілаў. Паўд.-зах. ўязная вежа запіралася дубовай брамай, перад ёю цераз роў быў перакінуты пад’ёмны мост. Пад вежай размяшчаліся скарбец і вязніца. На сцяне, звернутай у бок замкавага падворка, знаходзіўся гадзіннік. Справа ад увахода была кардэгардыя (каравульнае памяшканне), ва ўсх. частцы замкавай сцяны — фортка, якая выводзіла на 2-і мост. У 1655 Л.з. быў узяты казакамі І.Залатарэнкі. У 18 ст. замак страціў сваё абарончае значэнне. Паводле апісання Л.з. за 1813, тут былі толькі 2 вежы, 2 масты злучалі замак з мястэчкам і фальваркам.

Літ.:

Ткачоў М.А. Замкі і людзі. Мн., 1991.

М.А.Ткачоў.

Любчанскі замак у пачатку 19 ст. 3 акварэлі Ю Пешкі.

т. 9, с. 400

ЛЮБЧА́НСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва ў г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 18 ст. на левым беразе р. Нёман. Парк рэгулярнага тыпу. Пл. без пладовага саду каля 4 га. У кампазіцыі парку — Любчанскі замак. На квадратным унутр. двары замка размешчаны круглы партэр з кальцавымі пасадкамі дэкар. кустоў. У канцы 18 ст. паміж вежамі скапаны абарончы вал, за ровам разбіты партэр з кветнікамі і баскеты. За імі з трох бакоў замак абкружае пладовы сад, падзелены рэгулярнай сістэмай алей. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў парку групамі і паасобку пасаджаны экзоты. Растуць арэх шэры, хвоя веймутава, лістоўніцы еўрап. і сібірская.

В.Р.Анціпаў.

т. 9, с. 400

ЛЮБЧА́НСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—56. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Любча. Пл. раёна 0,6 тыс. км2 (1941). 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. 17.2.1956 Л.р. скасаваны, тэрыторыя далучана да Навагрудскага раёна.

т. 9, с. 400

ЛЮБЧУ́К (Сяргей Фядосавіч) (н. 2.5.1940, в. Дзівін Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар. Засл. работнік культуры Беларусі (1978). Скончыў Бел. кансерваторыю (1965). З 1960 выкладчык, кіраўнік аркестра сярэдняй школы № 34, саліст-баяніст Бел. тэлебачання і радыё ў Мінску. З 1965 у Брэсце: кіраўнік аркестра нар. інструментаў і выкладчык муз. вучылішча, кіраўнік нар. ансамбля песні і танца «Брастчанка» эл.-механічнага з-да, з 1980 маст. кіраўнік нар. ансамбля песні і танца «Бярэсце» Палаца культуры аблсаўпрофа. Аўтар фантазіі на тэмы бел. нар. песень для баяна з аркестрам нар. інструментаў, рамансаў, песень (у т.л. «Шла дзяўчына з яру», «Прывітальная», «Светлячкі Чарнобыля», «Песня пра Бярэсце»), «Элегіі» для хору a cappella, музыкі да спектакляў абл. т-ра лялек, апрацовак і пералажэнняў для аркестра нар. інструментаў і нар. хароў.

т. 9, с. 400

ЛЮБШЫ́Н (Станіслаў Андрэевіч) (н. 6.4.1933, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1959). Працаваў у маскоўскіх т-рах «Сучаснік», на Таганцы, на Малой Броннай, імя М.Ярмолавай, з 1980 у МХАТ імя М.Горкага, з 1989 у МХАТ імя А.Чэхава. Выканальніцкае майстэрства адметнае псіхалагізмам і вострым драматызмам, імпульсіўнасцю, канцэнтраваным выражэннем сутнасці вобраза: Шаманаў («Мінулым летам у Чулімску» А.Вампілава, 1974), Тарцюф («Тарцюф» Мальера, 1981), Князь Тэймураз Хевіставі («Абвал» паводле М.Джавахішвілі, 1984), Вяршынін («Тры сястры» Чэхава», 1985), Міша («Мішаў юбілей» А.Гельмана і Р.Нельсана, 1993) і інш. З 1959 здымаецца ў кіно: «Мне дваццаць гадоў» (1965), «Альпійская балада» (1966), «Печкі-лавачкі» (1972), «Ксенія, любімая жонка Фёдара» (1974), «Не страляйце ў белых лебедзяў» (1980), «Кін-дза-дза» (1986), «Дзіцячыя гульні» (1987), «Чорны манах» (1988), «Вечны муж», «Князь Сярэбраны» (абодва 1991) і інш.

т. 9, с. 400

ЛЮБЯШО́ЎСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1693—1834 у мяст. Любяшоў Брэсцкага ваяв. (цяпер. гар. пасёлак у Валынскай вобл. Украіны). Створаны на сродкі кн. Я.К.Дольскага (гл. Дальскія). У 1750—60-я г. навуч. сістэма калегіума рэарганізавана паводле рэформ правінцыяла ордэна піяраў асветніка С.Канарскага. У апошняй чвэрці 18 ст. ў час дзейнасці Адукацыйнай камісіі Л.п.к. быў падакруговай школай, з 1790 — у асобай Піярскай навуч. акрузе з тэрмінам навучання 6 гадоў (у 3 класах) і 4 выкладчыкамі. З 1803 у складзе Віленскай навучальнай акругі як 6-класнае пав. вучылішча з гімназічнай праграмай, было 8 выкладчыкаў, меліся б-ка, бат. сад, лабараторыі, аптэка; у 1807 было 186 вучняў. У 1826 пераўтвораны ў пав. 4-класнае вучылішча, у 1834 скасаваны. Сярод выхаванцаў: Т.Касцюшка і яго брат Юзаф, будучыя прафесары Віленскага універсітэта А.Доўгірд, Ф.Серафіновіч, М.Фрацкевіч, Б.Сырук, паэт М.Харкевіч і інш.

А.Ф.Самусік.

т. 9, с. 401

ЛЮ́ГЕР (англ. lugger),

невялікае 2—3-мачтавае судна 1-й пал. 19 ст. з рэйкавым ветразевым абсталяваннем. На верхняй палубе Л. меў адкрытую батарэю з 10—16 гармат невял. калібру. Выкарыстоўваўся пераважна для пасыльнай службы.

т. 9, с. 401