Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЮМАГЕ́ЛЬ,

аморфны высокасітаваты аксід алюмінію Al2O3. Хутка паглынае вільгаць, не раствараецца і не набракае ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваецца абязводжваннем гідраксіду алюмінію. Адсарбент для сушкі газаў, ачысткі вады, асвятлення раствораў у цукр. вытв-сці; улоўнік растваральнікаў, каталізатар. Алюмагелем наз. таксама любы (у т. л. крышталічны) Al2O3.

т. 1, с. 290

АЛЮМАСІЛІКА́ТЫ,

алюмакрэмніевыя солепадобныя злучэнні з катыёнамі шчолачных металаў, да якіх належыць вял. група пародаўтваральных мінералаў кл. сілікатаў. Прыродныя алюмасілікаты найчасцей маюць каркасную (артаклаз, мікраклін, альбіт) або слаістую (мінералы групы слюдаў) структуру; вядомы алюмасілікаты, якія трапляюцца сярод сілікатных мінералаў інш. структурна-хім. тыпаў (стужачнага — рагавая падманка, ланцужковага — аўгіт, астраўнога — кардыярыт). Да алюмасілікатаў належаць плагіяклазы, нефелін, лейцыт і інш. Пры выветрыванні алюмасілікатаў утвараюцца мінералы глін, гідраслюдаў, баксітаў. Найб. Пашыраныя алюмасілікаты — палявыя шпаты, слюды, цэаліты, хларыты і інш. Алюмасілікаты штучныя сінтэзуюць метадамі, якія імітуюць прыродныя геахім. працэсы. Практычнае значэнне маюць штучныя алюмасілікаты тыпу цэалітаў (малекулярныя сіты і пермутыты). Малекулярныя сіты атрымліваюць пры t 60—450 °C з раствору алюмінату натрыю і воднай суспензіі крэмніевай кіслаты з дабаўкай шчолачы, пермутыты — спяканнем кааліну, палявога шпату з кварцам і содай пры t 1000 °C. Штучныя алюмасілікаты выкарыстоўваюцца ў хім. прам-сці: малекулярныя сіты для працэсаў глыбокай асушкі, тонкай ачысткі і раздзялення газаў, у храматаграфічным аналізе газаў і вадкасцяў; пермутыты для змяншэння жорсткасці вады.

т. 1, с. 290

АЛЮМАТО́Л,

грануляванае выбуховае рэчыва брызантнага дзеяння; сплаў трынітраталуолу з парашком алюмінію. Выкарыстоўваецца на адкрытых работах для разбурэння абводненых цвёрдых парод.

т. 1, с. 291

АЛЮМЕ́ЛЬ

[ад алюм (іній) + (нік)ель],

сплаў на аснове нікелю з дамешкамі алюмінію (1,8—2,5%), марганцу (1,8—2,2%) і крэмнію (0,85—2,00%), часам цырконію і кобальту. Магнітны, пластычны, са спалучэннем тэрмаэл. уласцівасцяў і гарачатрываласці. Выкарыстоўваецца ў тэрмапарах (з храмелем) для вымярэння т-ры (20—1000 °C).

т. 1, с. 291

АЛЮМІНАВА́ННЕ,

нанясенне на паверхню метал. вырабаў алюмінію ці яго сплаваў. Ахоўвае яе ад карозіі, надае спецыяльныя фіз.-хім. ўласцівасці, паляпшае вонкавы выгляд вырабаў. Ажыццяўляецца алітаваннем, газаплазмавым і плазмавым распыленнем, плакіраваннем, выпарэннем металу ў вакууме, апусканнем у расплаў. Выкарыстоўваецца пры апрацоўцы дэталяў самалётаў, ракет, аўтамабіляў, с.-г. інвентару, бытавых вырабаў.

т. 1, с. 291

АЛЮМІНА́ТЫ,

солі няўстойлівых алюмініевых кіслот: ортаалюмініевай H3AlO3 і метаалюмініевай HAlO2 і інш. Алюмінаты шчолачных металаў растваральныя ў вадзе, іх водныя растворы няўстойлівыя з-за гідролізу да Al(OH)3; інш. алюмінаты цяжка раствараюцца ў вадзе. Алюмінаты двухвалентных металаў і рэдказямельных элементаў хімічна і тэрмічна трывалыя. У прыродзе алюмінаты — мінералы: высакародная шпінель Mg[Al2O4], ганіт (цынкавая шпінель) Zn[Al2O4], хрызаберыл Be[Al2O4]. Атрымліваюць алюмінаты сплаўленнем ці спяканнем Al2O3 з аксідамі металаў або награваннем сумесі тэрмічна няўстойлівых соляў. Выкарыстоўваюцца ў папяровай прам-сці, у вытв-сці спец. керамікі, аптычнага шкла, ядз. тэхніцы, пры афарбоўцы тканін, алюмінаты кальцыю — у вытв-сці партландцэментаў.

т. 1, с. 291

АЛЮМІНАТЭРМІ́Я

(ад алюміній + грэч. thermē цяпло),

від металатэрміі; тэрмічны працэс, заснаваны на аднаўленні парашкападобным алюмініем кіслародных злучэнняў металаў.

Адбываецца ў плавільнай шахце ці тыглі, куды засыпаецца парашкападобная шыхта, якая падпальваецца з дапамогай запальнай сумесі. Пры гарэнні развіваецца высокая т-ра (да 3000 °C), цеплата рэакцыі складае не менш за 2300 кДж/кг сумесі. Калі цеплата рэакцыі меншая, то сумесь вокісу металу з алюмініем падаграваюць у эл. печы (алюмінатэрмія электрапечная), калі пры аднаўленні вылучаецца вял. колькасць цяпла (без дадатковага яго падвядзення), ажыццяўляецца алюмінатэрмія пазапечная. Алюмінатэрмія выкарыстоўваецца для награвання і расплаўлення кантаў метал. вырабаў, што зварваюцца (напр., пры тэрмічнай зварцы рэек), для запальных сумесяў, у металургіі для атрымання з аксідаў металаў і сплаваў (безвугляродзістых металаў, ферасплаваў, лігатур).

Да арт. Алюмінатэрмія. Схема тэрмітнай зваркі рэек: 1 — шлак; 2 — тыгель; 3 — вадкі тэрмітны метал; 4 — зварачная форма.

т. 1, с. 291

АЛЮМІ́НІЕВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл. Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 т метал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс. кВт·гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.

Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б. СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн. т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн. т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б. СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.

Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд. т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.

т. 1, с. 291

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ будаўнічыя,

канструкцыі і вырабы з алюмініевых сплаваў ці тэхн. алюмінію. Лёгкія, трывалыя, даўгавечныя, маюць высокія дэкар. якасці, але складаныя ў выкананні роўнатрывалых злучэнняў, асабліва зварных; патрабуюць уліку зніжанага (прыкладна ў 3 разы ў адносінах да сталі) модуля пругкасці алюм. сплаваў. На выраб алюмініевых канструкцый ідуць тонкі ліставы метал і прасаваныя танкасценныя профілі. Выкарыстоўваюцца як канструкцыйныя і аддзелачныя элементы ў будынках, трансп., спарт. і інш. збудаваннях.

т. 1, с. 291

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.

т. 1, с. 291