АЛЬЯ́НС ВЫТВО́РЦАЎ КАКА́ВЫ
(Cocoa Producers Alliance; АВК),
міжнародная арг-цыя краін — вытворцаў какавы. Чл.-ўдзельнікі: Бразілія, Габон, Гана, Камерун, Кот-д’Івуар, Нігерыя, Сан-Таме і Прынсіпі, Тога, Трынідад і Табага, Эквадор. Створана ў 1962. Месца знаходжання — Лагас (Нігерыя). Мэты: спрыянне эканам. і сац. адносінам паміж краінамі — какававытворцамі, абмен навук. і тэхн. інфармацыяй, забеспячэнне эфектыўных паставак какавы па рэнтабельных цэнах, садзейнічанне пашырэнню какаваспажывання.
т. 1, с. 290
АЛЬЯ́НС САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЙ ДЭМАКРА́ТЫІ, Міжнародны альянс сацыялістычнай дэмакратыі,
анархічная арг-цыя, створаная ў 1868 у Жэневе М.А.Бакуніным, Ж.Рэклю, А.Рышарам і інш. У 1869 фармальна распушчаны, але фактычна працягваў дзейнасць у складзе 1-га Інтэрнацыянала як Жэнеўская секцыя (пад назвай альянс сацыялістычнай дэмакратыі — Цэнтр. секцыя). Члены альянсу сацыялістычнай дэмакратыі не прызналі выключэння Бакуніна і яго прыхільнікаў з Інтэрнацыянала (1872) і да 1877 працягвалі збіраць уласныя міжнар. кангрэсы.
т. 1, с. 290
АЛЬ-ІСКАНДАРЫ́Я,
горад у Егіпце, гл. Александрыя.
т. 1, с. 278
АЛЭ́ (Allais) Марыс
(н. 1911),
французскі вучоны-эканаміст. Скончыў Парыжскую вышэйшую нац. горную школу (1936). Праф. (1944). З 1946 дырэктар Нац. цэнтра навук. даследаванняў, з 1948 праф. Парыжскай вышэйшай нац. горнай школы. Навук. даследаванні па эканам. кіраванні, рэгуляванні даходаў і падаткаабкладанні, грашовай палітыцы, эканоміцы энергетыкі, транспарту і здабыўных галін, тэорыі выбару ва ўмовах рызыкі. Нобелеўская прэмія па эканоміцы 1988 за ўклад у тэорыю рынку і за работы па эфектыўным выкарыстанні рэсурсаў.
т. 1, с. 290
АЛЮ́ВІЙ, алювіяльныя адклады (ад лац. alluvio нанос, намыў),
адклады водных патокаў (рэк, ручаёў), якія намножыліся ў рэчышчах, на поймах і тэрасах рачных далін. Складаюцца з абломкавага матэрыялу рознай велічыні, ступені сартавання і абкатанасці (галечнік, жвір, пяскі, супескі, суглінкі, гліны), нярэдка з лінзамі торфу. Утварае поймы (паплавы), алювіяльныя тэрасы ўсіх рэк, алювіяльныя раўніны, займае больш за 5% тэр. Беларусі. Звычайна слаісты. Характэрна косая слаістасць, што абумоўлена напрамкамі руху водных патокаў. Вылучаюць рэчышчавую, поймавую і старычную разнавіднасці (фацыі). Фарміраванне алювію ў рэчышчы адбываецца ў выніку папярочнага цыркуляцыйнага руху вады, якая падмывае ўвагнуты бераг, наслойваючы сегменты грубага матэрыялу (галечнік, жвір, пяскі) каля выпуклага берага. Поймавы алювій адкладваецца пры шырокіх разлівах у поймах рэк і складзены з найб. тонкага пясчана-гліністага матэрыялу. Старычны фарміруецца ў азёрападобных старых рэчышчах і складзены з багатых арган. рэчывамі супескаў, суглінкаў, ілу, торфу. З валунова-галечным алювіем горных рэк звязаны россыпы золата, плаціны, волава і інш. цяжкіх мінералаў; са жвірова-пясчаным рэчышчавым алювіем рэк нізкагор’яў і раўнін — радовішчы буд. пяскоў і жвіру. Алювій — субстрат алювіяльных глебаў (гл. Поймавыя глебы).
М.Я.Зусь.
т. 1, с. 290
АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч. Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.
т. 1, с. 290
АЛЮ́ЗІЯ
(ад лац. allusio жарт, намёк),
адна з стылістычных фігур, намёк на агульнавядомы паліт., гіст. або літаратурны факт. Напр., П.Панчанка ў радках верша «Паэзія» («Кажуць, непатрэбшчына — // Рыфмы нават геніяў. // А што рабіць з трэшчынай? // Помніце? Гейнэ») апелюе да вобразнага выказвання Г.Гейне, што ўсе трэшчыны свету праходзяць праз сэрца паэта. Злоўжыванне алюзіяй можа прывесці да своеасаблівай зашыфраванасці сэнсу твора.
т. 1, с. 290
АЛЮМААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні.
т. 1, с. 290