Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЯКСА́НДРАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Малааўцюкоўскім с/с Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр саўгаса «Галявічы». За 12 км на У ад Калінкавіч, 110 км ад Гомеля, 0,5 км ад чыг. ст. Галявіцы. 491 ж., 224 двары (1995). Базавая школа, клуб, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎСКІ КАФЛЯ́НЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1873—1914 у в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляў кафлю, тэракоту, паліву. У 1895 былі 2 конныя рухавікі. У 1898 працавалі 59, у 1913 — 38 рабочых. У канцы 19 ст. ўзнікла акц. кампанія «Аляксандраўскія кафляныя заводы» з новымі з-дамі ў Аляксандраўцы і Прапойску (цяпер г. Слаўгарад).

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРАЎ ПРЫВІЛЕ́Й 1492,

заканадаўчы акт у ВКЛ, дадзены вял. кн. Аляксандрам. Разам з прывілеем 1447 замацоўваў прынцыпы міжнар. палітыкі дзяржавы, абмяжоўваў уладу вял. князя панамі-радай, без згоды якіх ён не мог прымаць важных рашэнняў, вызначаў асновы адм., цывільнага і крымін. права. Быў своеасаблівай феад. канстытуцыяй, крыніцай пісанага права, нормы якога пазней увайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

т. 1, с. 296

АЛЯКСА́НДРА-НЕ́ЎСКАЯ ЛА́ЎРА ў Санкт-Пецярбургу,

помнік архітэктуры 18 ст. Засн. Пятром І у 1710 на ўшанаванне памяці Аляксандра Неўскага як манастыр; з 1797 лаўра (буйны мужчынскі праваслаўны манастыр). У арх. ансамбль лаўры ўваходзяць Благавешчанская царква (1717—22, арх. Д.Трэзіні, Т.Швертфегер), Фёдараўскі корпус з царквой (1740—50, арх. П.Трэзіні), Троіцкі сабор у стылі класіцызму (1776—90, арх. І.Староў) і інш. На тэр. лаўры створаны дзярж. запаведнік, дзе размешчаны Музей гар. скульптуры з некропалем 18 ст. (Лазараўскія могілкі з надмагільнымі помнікамі работы І.Мартаса, М.Казлоўскага і інш.) і некропалем майстроў мастацтваў (Ціхвінскія могілкі). У Аляксандра-Неўскай лаўры пахаваны М.В.Ламаносаў, А.В.Сувораў, М.М.Карамзін, І.А.Крылоў, П.І.Чайкоўскі, Ф.М.Дастаеўскі, М.І.Глінка і інш.

Благавешчанская царква Аляксандра-Неўскай лаўры.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДРА АРХІПЕЛА́Г

(Alexander Archipelago),

каля зах. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, у Ціхім ак., частка тэр. ЗША, штат Аляска. Пл. 36,8 тыс. км². Каля 1100 а-воў і скал; найбольшыя а-вы: Баранава, Прынца Уэльска Прынца Уэльскага, Адміралцейства, Чычагова і інш. Рэльеф горны, са слядамі стараж. зледзяненняў. Выш. да 1432 м. Берагі стромкія, моцна расчлянёныя, часткова фіёрдавыя. Складзены з інтрузіўных і метамарфічных парод. Клімат умераны, марскі. Сярэдняя т-ра студз. ад -1,6 °C на Пн да 1,2 °C на Пд; ліп. адпаведна 12 °C і 14 °C. Ападкаў ад 2000 да 3000 мм за год. Да выш. 1000—1100 м хваёвыя лясы (сітхінская елка і інш.), якія змяняюцца альпійскімі лугамі. Рыбалоўства, зверагадоўля, лесараспрацоўкі. Нацыянальны парк Адміралці. Адкрыты ў 1741 рус. экспедыцыяй В.Берынга і А.Чырыкава. Да 1867 належаў Расіі.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДРА І ЗЯМЛЯ́,

паўднёва-заходняя частка Антарктычнага п-ва ў Антарктыдзе. Злучана з мацерыком шэльфавым ледавіком Георга VI. Працягласць з Пн на Пд каля 400 км, з У на З — 200 км. Над ледавіковым покрывам горы (выш. да 2987 м, г. Стывенсан). Адкрыта ў 1821 рус. экспедыцыяй Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДРА ФЁДАРАЎНА

(сапр. Аліса Вікторыя Алена Луіза Беатрыса; 25.5.1872 — 16.7.1918),

апошняя рас. імператрыца, жонка Мікалая II (з 1894). Дачка вял. герцага гесен-дармштацкага Людовіка IV. Была прыхільніцай неабмежаванага самадзяржаўя, узначальвала германафільскія групоўкі пры двары, бязмежна давярала авантурысту Р.Я.Распуціну, які выкарыстоўваў яе прыхільнасць пры вырашэнні важных паліт. пытанняў. У час 1-й сусв. вайны патранавала службу Чырв. Крыжа, была ў прыфрантавой зоне, на Зах. фронце, у т. л. ў Мінску і Магілёве. Расстраляна разам з царскай сям’ёй у Екацярынбургу.

т. 1, с. 295

АЛЯКСА́НДР АФРАДЫСІ́ЙСКІ,

старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».

т. 1, с. 294

АЛЯКСА́НДР ДО́БРЫ

(? — 1432),

малдаўскі гаспадар (правіцель) у 1400—32. Рэарганізаваў войска, фінансы, упарадкаваў судаводства, праз раздачу гандл. прывілеяў купцам спрыяў развіццю гарадоў. Заваяваў порт Кілію ў вусці Дуная, у 1410 і 1422 аказаў ваен. дапамогу Польшчы ў войнах з тэўтонцамі. Садзейнічаў цэнтралізацыі і ўмацаванню незалежнасці Малдаўскага княства.

т. 1, с. 294

АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),

цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л. Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.

Літ.:

Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;

Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;

Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.

Аляксандр Македонскі.

т. 1, с. 294