Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАНДО́ГІН Міхаіл Сцяпанавіч (н. 2.4.1938, в. Арлоўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электронікі. Канд. тэхн. н. (1979), дацэнт (1980). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1988). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1964 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1985 прарэктар, у 1998—2002 заг. кафедры). Навук. працы па фіз. электроніцы, распрацоўцы і даследаванні цвердацельных прыбораў ЗВЧ дыяпазону, праблемах удасканалення вышэйшай інж. адукацыі. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Распространение пространственных волн в усилительных диодах Ганна // Радиотехника и электроника. Мн., 1982. Вып. 11;

Электроника и микросхемотехника. Мн., 2000 (разам з В.​С.​Валенка).

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 538

ХАНДО́ШКІН Іван Яўстафавіч (1747—28 або 29.3.1804),

расійскі скрыпач, кампазітар і педагог; заснавальнік рас. скрыпічнай школы. Адзін з першых рас. скрыпачоў-віртуозаў. З 1762 у Прыдворным аркестры ў Пецярбургу, пазней капельмайстар. Выкладаў, у т. л. з 1764 у муз. класах Пецярбургскай АМ. Аўтар твораў для скрыпкі (больш за 50 цыклаў варыяцый на рус. нар. песні, санаты і інш.), гітары, аркестра. Збіраў рус. нар. песні.

Літ.:

Фесечко Г. И.​Е.​Хандошкин. Л., 1972.

т. 16, с. 538

ХАНДРО́МА (ад грэч. chondros храсток + ...ома),

дабраякасная пухліна з гіялінавага храстка. Часцей пашкоджваюцца косці (пераважна трубчастыя косці кісці), радзей — мяккія тканкі. Пры Х. адзначаецца вузлаватая дэфармацыя пашкоджаных участкаў. Лячэнне хірургічнае.

т. 16, с. 538

ХАНДРЫ́ЛА (Chondrilla),

род кветкавых раслін сям. складанакветных (астравых). Каля 30 відаў. Пашыраны ў стэпавых і пустынных раёнах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі 1 від — Х. сітападобная, або звычайная (Ch. juncea). Трапляецца ў хваёвых лясах, далінах рэк, уздоўж дарог.

Двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 50—125 см са стрыжнёвым коранем. Сцёблы растапырана-галінастыя. Прыкаранёвае лісце ў разетцы, чаранковае. выемчата-перыста-надрэзанае, сцябловае — лінейнае. Кветкавыя кошыкі сабраны ў сціснута-мяцёлчатае суквецце. Плод — сямянка.

Дз.​І.​Траццякоў.

Хандрыла сітападобная.

т. 16, с. 538

ХАНЗАДЗЯ́Н Серо Мікалаевіч (н. 3.12.1915, г. Гарыс, Арменія),

армянскі пісьменнік. Засл. дзеяч культ. Арменіі (1974). Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Гарыскае пед. вучылішча (1934). Працаваў настаўнікам. Аўтар раманаў «Людзі нашага палка» (1950), «Зямля» (кн. 1—2, 1954—55), «Мхітар Спарапет» (1961), «Каджаран» (1965), «Світанне над Севанам» (1974), «Загаварыце, горы Арменіі» (1976), «Царыца Арменіі» (1978), «Андранік» (1989), «Нждзе» (1993), мемуараў «Кніга пра былое» (1966), «Тры гады і 291 дзень» (1972), зб-каў навел, кнігі публіцыстыкі «Сказанне пра родны край» (кн. 1—2, 1980—81). На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Ю.​Канэ, М.​Парахневіч, П.​Стэфановіч. В.​Супрунчук, Г.​Шупенька. Дзярж. прэмія Арменіі 1977.

Тв.:

Рус. пер. — Жажду — дайте воды: Повести. Фронтовой дневник. М., 1974.

С.​Арзуманян.

т. 16, с. 538

ХАНІ́НАЎ Міхаіл Ванькаевіч (1.1.1919, пас. Цаган-Нур, Калмыкія — 22.9.1981),

калмыцкі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы (1969), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1975) у Маскве. У 1942—44 удзельнік партыз. руху на Беларусі. Друкаваўся з 1935. Асн. тэмы твораў — гісторыя роднай зямлі, партыз. гераізм. Аўтар зб-каў лірыкі «Калі звініць мая домра» (1964), «Да апошняй атакі» (1968), «Вясна майго стэпу» (1969), «Пад небам Расіі» (1971), «Не страляйце ў Радзіму маю» (1978), «Кавыль» (1979), зб-каў апавяданняў і нарысаў «Людзі нашага часу» (1962), «Душэўныя людзі» (1966), аўтабіягр. аповесці «Міша Чорны — гэта я!» (1976), рамана «Памятаеш, зямля Смаленская» (1977). Перакладаў на калмыцкую мову творы Я.​Купалы, П.​Броўкі, А.​Пысіна, М.​Танка. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Броўка, Г.​Бураўкін, С.​Грахоўскі, І.​Калеснік, К.​Камейша, Пысін, Ю.​Свірка, М.​Танк. Ганаровы грамадзянін г. Беразіно Мінскай вобл.

Тв.:

Бел. пер. — Хвоі і цюльпаны. Мн., 1970;

Жураўлі над стэпам. Мн., 1977.

Літ.:

Дугинец А. Искры над пеплом М., 1970.

А.​А.​Марціновіч.

т. 16, с. 538

ХАНІНГАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

шліфавальна-прыцірачны металарэзны станок для апрацоўкі пераважна цыліндрычных паверхняў ханінгаваннем.

Адрозніваюць Х.с.: адна- і шматшпіндэльныя; для апрацоўкі адтулін і вонкавых паверхняў; верт., гарыз. і нахіленыя; універсальныя і спецыялізаваныя; паўаўтам. і аўтаматычныя. Рабочы інструмент — ханінгавальная галоўка (хон), якая робіць адначасова вярчальны (ад электрапрывода) і зваротна-паступальны (ад гідрапрывода) рухі. Са шпіндэлем станка хон злучаны універсальнымі шарнірамі (забяспечвае яго самаўстаноўку адносна паверхні, што апрацоўваецца). Выкарыстоўваюцца ў буйнасерыйнай і масавай вытв-сці для апрацоўкі блокаў цыліндраў рухавікоў унутр. згарання, паліўнай апаратуры і інш.

т. 16, с. 538

ХАНІНГАВА́ННЕ (ад англ. honing літар. — тачыць),

аддзелачная апрацоўка металаў рэзаннем на ханінгавальным станку, разнавіднасць абразіўнай апрацоўкі. Выконваецца дробназярністымі абразіўнымі брускамі, што манціруюцца на галоўцы (хоне). Робіцца пасля шліфавання, чыставога або прэцызійнага расточвання, разгорткі ці працягвання. Х. апрацоўваюць цыліндрычныя скразныя, глухія і ступеньчатыя адтуліны, вонкавыя паверхні.

т. 16, с. 538

ХАНІЯ́РА (Honiara),

горад, сталіца дзяржавы Саламонавы Астравы, на ПнУ в-ва Гуадалканал, на р. Матаніка. 30,5 тыс. ж. (1989). Порт (вываз копры, марожанай рыбы, какосавага алею, драўніны). Аэрапорт.

т. 16, с. 538

ХА́НКА (Hanko),

Гангут, паўвостраў на ПдЗ Фінляндыі. Выступае ў Фінскі зал. Балтыйскага м. на 35 км. Узгорыстая раўніна, укрытая хвойнымі лясамі. Порт — Ханка.

Пасяленні на п-ве вядомы з 13 ст. З канца 13 ст. да 1809 ён у складзе Швецыі. У Паўночную вайну 1700—21 тут адбыўся Гангуцкі бой 1714. У 1809—1917 Х. ў складзе Рас. імперыі, са снеж. 1917 — Фінляндскай рэспублікі. Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40 стаў сав. ваенна-марской базай Балт. флоту. У Вял. Айч. вайну 22.6—2.12.1941 мясц. гарнізон (25 тыс. чал., 95 берагавых і зенітных гармат, 20 самалётаў, 7 катэраў. 16 дапаможных суднаў) 165 дзён абараняў п-аў, але пасля таго як сав. войскі пакінулі Талін (28.8.1941), Х. апынуўся ў варожым тыле, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання вырашыла эвакуіраваць яго абаронцаў. 23.10—2.12.1941 9 трансп. канвояў пад камандаваннем віцэ-адм. В.П.Дразда вывезлі з п-ваў Ленінград 22 тыс. чал. з узбраеннем, тэхнікай і харчаваннем, што значна дапамагло абаронцам горада. Паводле пагаднення аб перамір’і з Фінляндыяй 1944 і мірнага дагавора 1947 СССР адмовіўся ад правоў на арэнду Х.

т. 16, с. 538