ХА́НКА (Hanko),
Гангут, паўвостраў на ПдЗ Фінляндыі. Выступае ў Фінскі зал. Балтыйскага м. на 35 км. Узгорыстая раўніна, укрытая хвойнымі лясамі. Порт — Ханка.
Пасяленні на п-ве вядомы з 13 ст. З канца 13 ст. да 1809 ён у складзе Швецыі. У Паўночную вайну 1700—21 тут адбыўся Гангуцкі бой 1714. У 1809—1917 Х. ў складзе Рас. імперыі, са снеж. 1917 — Фінляндскай рэспублікі. Пасля савецка-фінляндскай вайны 1939—40 стаў сав. ваенна-марской базай Балт. флоту. У Вял. Айч. вайну 22.6—2.12.1941 мясц. гарнізон (25 тыс. чал., 95 берагавых і зенітных гармат, 20 самалётаў, 7 катэраў. 16 дапаможных суднаў) 165 дзён абараняў п-аў, але пасля таго як сав. войскі пакінулі Талін (28.8.1941), Х. апынуўся ў варожым тыле, Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання вырашыла эвакуіраваць яго абаронцаў. 23.10—2.12.1941 9 трансп. канвояў пад камандаваннем віцэ-адм. В.П.Дразда вывезлі з п-ваў Ленінград 22 тыс. чал. з узбраеннем, тэхнікай і харчаваннем, што значна дапамагло абаронцам горада. Паводле пагаднення аб перамір’і з Фінляндыяй 1944 і мірнага дагавора 1947 СССР адмовіўся ад правоў на арэнду Х.
т. 16, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)