ХАНІ́НАЎ Міхаіл Ванькаевіч (1.1.1919, пас. Цаган-Нур, Калмыкія — 22.9.1981),
калмыцкі пісьменнік, перакладчык. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы (1969), Літ. ін-т імя М.Горкага (1975) у Маскве. У 1942—44 удзельнік партыз. руху на Беларусі. Друкаваўся з 1935. Асн. тэмы твораў — гісторыя роднай зямлі, партыз. гераізм. Аўтар зб-каў лірыкі «Калі звініць мая домра» (1964), «Да апошняй атакі» (1968), «Вясна майго стэпу» (1969), «Пад небам Расіі» (1971), «Не страляйце ў Радзіму маю» (1978), «Кавыль» (1979), зб-каў апавяданняў і нарысаў «Людзі нашага часу» (1962), «Душэўныя людзі» (1966), аўтабіягр. аповесці «Міша Чорны — гэта я!» (1976), рамана «Памятаеш, зямля Смаленская» (1977). Перакладаў на калмыцкую мову творы Я.Купалы, П.Броўкі, А.Пысіна, М.Танка. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Броўка, Г.Бураўкін, С.Грахоўскі, І.Калеснік, К.Камейша, Пысін, Ю.Свірка, М.Танк. Ганаровы грамадзянін г. Беразіно Мінскай вобл.
Тв.:
Бел. пер. — Хвоі і цюльпаны. Мн., 1970;
Жураўлі над стэпам. Мн., 1977.
Літ.:
Дугинец А. Искры над пеплом М., 1970.
А.А.Марціновіч.
т. 16, с. 538
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)