Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ

(ад дактыла... + ...логія),

спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.

т. 6, с. 13

ДАКТЫЛАСКАПІ́Я

(ад дактыла... + ...скапія),

галіна ведаў, якая вывучае будову ўзораў скуры рук з мэтай ідэнтыфікацыі асобы. На далоневай паверхні канцавых (ногцевых) фалангаў пальцаў рук ёсць рэльефныя лініі (т. зв. папілярныя), якія строга індывідуальныя, адносна ўстойлівыя і здольныя аднаўляцца ў былым выглядзе пры паверхневым парушэнні скурнага покрыва. З улікам відаў і тыпаў скурнага ўзору, іх дадатковых асаблівасцей выводзіцца т. зв. дактыласкапічная формула, якая служыць асновай сістэматызацыі дактыласкапічных картаў у картатэках. Найб. шырока выкарыстоўваюцца ў крыміналістыцы: па адбітках пальцаў рук ажыццяўляюцца: крыміналістычная ідэнтыфікацыя асобы злачынца; устанаўленне злачынца, які быў раней зарэгістраваны як судзімы; ідэнтыфікацыя неапазнаных трупаў; пошук асоб, што прапалі без вестак, і інш. Метады Д. выкарыстоўваюць таксама ў антрапалогіі, медыцыне, банкаўскай справе і інш. галінах навукі, практычнай дзейнасці.

С.У.Скаруліс.

т. 6, с. 13

ДА́КТЫЛІ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дэманічныя істоты, спадарожніцы Рэі-Кібелы. Лічылася, што жылі яны на гары Іда ў Фрыгіі. Ім прыпісвалі адкрыццё апрацоўкі жалеза, а таксама заснаванне Алімпійскіх гульняў.

т. 6, с. 13

ДА́КТЫЛЬ

(грэч. daktylos літар. палец),

1) у антычным вершаскладанні 4-дольная стапа з 3 складоў — першага доўгага і двух наступных кароткіх (-◡◡). Выкарыстоўвалася ў пентаметры і гекзаметры.

2) У сілаба-танічным вершаскладанні 3-складовая стапа з рытмічным націскам на 1-м складзе (--). У бел. паэзіі Д. паявіўся ў канцы 19 ст. з развіццём сілаба-танічных вершаваных формаў (верш Я.Лучыны «Роднай старонцы»). 3-стопным Д. напісаны вершы М.Танка «Шчасце», 4-стопным — М.Багдановіча «Вечар на захадзе ў попеле тушыць...», 5-стопным — Танка «Надпіс на кнізе».

А.А.Майсейчык.

т. 6, с. 13

ДАКУ́ДАВА,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на 3 ад Крупак, 98 км ад Мінска, 9 км ад чыг. ст. Прыяміна. 442 ж., 153 двары (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 13

ДАКУ́ДАВА,

вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ліда, 135 км ад Гродна. 723 ж., 318 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Царква. Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту і неаліту нёманскай культуры.

т. 6, с. 13

ДАКУ́ДАЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Лідскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Лідзея (прыток Дзітвы) і р. Нарва (прыток Нёмана). Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,3 тыс. га. Глыб. торфу 6,7 м, сярэдняя 3 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца для торфаздабычы і для вырошчвання пераважна сеяных траў. На неасушанай ч. растуць карлікавая бяроза, хвоя, вярба, асокі, журавіны.

т. 6, с. 13

Дакудаўскі

т. 18, кн. 1, с. 376

ДАКУМЕ́НТ

(ад лац. documentum сведчанне, доказ),

1) дзелавая папера, што юрыдычна пацвярджае які-н. факт (напр., нараджэнне, узяцце шлюбу) ці права на што-н. (напр., дыплом, завяшчанне).

2) Афіц. пасведчанне асобы (напр., пашпарт).

3) Пісьмовыя помнікі пра гіст. падзеі.

4) Матэрыяльны носьбіт (папера, кіна- і фотаплёнка, магн. стужка і інш.) з запісанай на ім інфармацыяй, прызначанай для захоўвання і перадачы ў часе і прасторы.

т. 6, с. 14

ДАКУМЕНТАЗНА́ЎСТВА,

навуковая дысцыпліна, якая вывучае заканамернасці складання дакументаў, распрацоўвае спосабы іх стварэння, прынцыпы арганізацыі дакументаабарачэння і пабудовы сістэм дакументацыі. Вылучылася з архівазнаўства і архіўнай службы. Звязана з крыніцазнаўствам, якое таксама мае аб’ектам даследавання дакумент. Задачы Д.: павышэнне эфектыўнасці дакументацыйнага забеспячэння аператыўнага кіравання, барацьба з ростам выдаткавання паперы і павелічэння плошчаў, занятых пад сховішчы інфармацыі. Д. выконвае канкрэтныя патрэбы грамадства ў дакументальнай сферы: паляпшэнне якасці дакумента і прыстасаванне яго да ўмоў машыннай апрацоўкі інфармацыі; стварэнне машыначытальных дакументаў, мініяцюрызацыя носьбітаў і пераход да бездакументных камунікацый; забеспячэнне выкарыстання дакументаў у аўтаматызаваных банках даных; стварэнне інфармацыйна-пошукавай сістэмы (ІПС) па дакументах, што функцыяніруюць у апараце, і яе сумяшчальнасць з ІПС дзярж. архіваў; распрацоўка рацыянальнай сістэмы ўліку і захоўвання дакументаў; наданне юрыд. сілы інфармацыі, запісанай на машынных носьбітах. З 1966 даследаваннямі ў галіне Д. займаўся Усесаюзны НДІ Д. і архіўнай справы; у якасці сураспрацоўшчыкаў тэм выступалі цэнтр. дзярж. архівы Беларусі. Пытаннямі Д. займаюцца аддзел справаводства і фарміравання Нац. архіўнага фонду Дзярж. к-та па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Бел. НДІ Д. і архіўнай справы (у 1992—95 Бел. н.-д. цэнтр Д., археаграфіі і архіўнай справы).

т. 6, с. 14