Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЛЮБАМУ́ДРЫ»,

удзельнікі літ.-філас. гуртка «Таварыства любамудрасці» ў Маскве ў 1823—25. У яго ўваходзілі: У.Ф.Адоеўскі, Дз.У.Венявіцінаў, І.В.Кірэеўскі, А.І.Кошалеў, М.А.Мельгуноў, М.П.Пагодзін, С.П.Шавыроў і інш. Свае погляды выказвалі ў час. «Вестник Европы», альманаху «Мнемозина», у якім удзельнічалі А.С.Пушкін, А.С.Грыбаедаў. Тэарэт. вытокі «Л.» у нямецкім ідэалізме; стаялі на пазіцыі аб’ектыўнага ідэалізму, прытрымліваліся ліберальнай арыентацыі, адмяжоўваліся ад франц. матэрыялізму. У гуртку акрэсліваліся 2 тэндэнцыі — кансерватыўная (Адоеўскі; прыхільнікі рэліг. інтэрпрэтацыі філасофіі і эстэтыкі, выступалі за «асветнае», «гуманнае» прыгонніцтва) і радыкальныя (Венявіцінаў, Кошалеў, схіляліся да рэліг. скептыцызму і салідарызаваліся з дзекабрыстамі). Пасля паўстання дзекабрыстаў гурток «Л.» закрыты. статут і пратаколы знішчаны.

Літ.:

Каменский З.А. Московский кружок любомудров. М., 1980;

Кошелев А.И. Записки (1812—1883). М., 1991.

Т.І.Адула.

П.Любамудраў. Лета. 1958.

т. 9, с. 391

ЛЮ́БАН (Ісак Ісакавіч) (23.3.1906, г. Чэрыкаў Магілёўскай вобл. — 7.11.1975),

бел. кампазітар. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1928, клас М.Аладава). У 1928—36 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё, у 1937—41 — Ансамбля песні і танца Бел. філармоніі. У 1932—38 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. З 1945 у Маскве. Найб. плённа працаваў у вак. жанрах; яго меладычная мова вызначаецца арганічным сплавам інтанацый нар. і сучаснай масавай песні. Сярод твораў: вак.-сімф. сюіта «Граніца ў песнях» на словы П.Броўкі, П.Глебкі, І.Шапавалава (1935); сюіты «Калгасная вечарынка» і «Беларускае вяселле» для салістаў, хору і арк. нар. інструментаў (словы ўласныя і нар., 1939); песні «Бывайце здаровы», «Не глядзі на другіх», «Толькі з табою», «Не шукай» (на словы А.Русака), «Песня дукорскіх партызан» і «Дарагая Беларусь» (словы Броўкі), «Наш тост» (словы М.Касэнкі) і інш.; музыка да драм. спектакляў, у т.л. «Несцерка» ў Бел. т-ры імя Я.Коласа (1941) і кінафільмаў, у т.л. «Новы дом» (з І.Дунаеўскім), «Беларускі канцэрт», «Палеская легенда», «Гадзіннік спыніўся апоўначы». Дзярж. прэмія СССР 1946.

Літ.:

Журавлев Д.Н. И.И.Любан. Л., 1968.

Дз.М.Жураўлёў.

І.І.Любан.

т. 9, с. 392

ЛЮ́БАНСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Любанскім і Старадарожскім р-нах Мінскай вобл., за 7 км на Пн ад г. Любань. Створана на р. Арэса ў 1966. Пл. 22 км2, даўж. 11,8 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 6,3 м, аб’ём вады 39,5 млн. м³; даўж. берагавой лініі 38 км. Да затаплення на месцы вадасховішча быў балотны масіў з тарфянікамі магутнасцю да 3 м. Катлавіна выцягнута з Пн на Пд, значна пашыраецца ў паўд. частцы. Берагі нізкія, спадзістыя. Больш за 20% берагоў — дамбы абвалавання. На левым беразе ў ніжняй ч. вадасховішча 2 мелкаводныя залівы. Ёсць 5 астравоў агульнай пл. 0,5 км2. Дно выслана торфам, ілам, пяском.

Замярзае ў пач. снежня, лёд (таўшчыня 45—55 см) трымаецца да пач. красавіка. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 80 см. Зарастае каля 20% плошчы Выкарыстоўваецца для рэгулявання рачнога сцёку, жыўлення вадой сажалак доследнага рыбгаса «Любань».

т. 9, с. 392

ЛЮ́БАНСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГАРУ́ЧЫХ СЛА́НЦАЎ У Любанскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл. Пластавы паклад залягае ў тоўшчы глініста-мергельных адкладаў фаменскага яруса (верхні дэвон). Гаручыя сланцы карычнявата-шэрага колеру, моцныя, з вуглавата-ступеньчатым і паўракавістым зломам, з шаўкавістым бляскам. Характэрна гарызантальная, мікралінзападобная і тонкапалосая слаістасць. Магутнасць пласта 0,5—1,65 м, глыб. залягання 260—641 м. Сярэдняя цеплыня згарання 5—9,1 МДж/кг, попельнасць 71,8%. На пл. 630 км2 запасы гаручых сланцаў каля 900 млн. т. Гаручыя сланцы прыдатныя як комплексная энерга-хіміка-тэхнал. сыравіна з выкарыстаннем попелу ў якасці буд. матэрыялу.

А.П.Шчураў.

т. 9, с. 392

ЛЮ́БАНСКА-АКЦЯ́БРСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

Акцябрска-Любанская партызанская зона. Утворана ўвосень 1941 у выніку вызвалення партызанамі ад ням.-фаш. захопнікаў частак Акцябрскага, Глускага, Любанскага і Старобінскага р-наў. Зону ўтрымлівалі: злучэнне партыз. атрадаў Акцябрскага р-на (13 атрадаў, 1300 чал.) на чале з Ф.І.Паўлоўскім, з крас. 1942 злучэнне партыз. атрадаў Мінскай і Палескай абл., з сак. 1943 Мінскае і Палескае партыз. злучэнні. У 1943 зона злілася на Пн са Слуцка-Капыльскай, на 3 з Ленінскай партыз. зонамі. Утварыўся партыз. край пл. каля 8 тыс. км2 (Акцябрскі, часткі Любанскага, Старадарожскага, Старобінскага, Чырвонаслабодскага, Капыльскага, Капаткевіцкага, Глускага, Жыткавіцкага, Даманавіцкага, Петрыкаўскага, Парыцкага, Ленінскага, Лунінецкага, Ганцавіцкага і інш. раёнаў), які абаранялі больш за 40 тыс. партызан. У зоне размяшчаліся Мінскі і Палескі падп. абкомы, райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ, пярвічныя парт. і камсам. арг-цыі, штабы Мінскага і Палескага партыз. злучэнняў, Акцябрскі і Любанскі райвыканкомы, у некат. раёнах — выканкомы сельсаветаў; выдаваліся газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Бальшавік Палесся», раённыя газеты. Было наладжана гасп. жыццё, у многіх нас. пунктах адкрыты школы. 3 мая 1942 наладжана двухбаковая радыёсувязь з Вял. зямлёй, дзейнічалі партыз. аэрадромы. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі пранікнуць на тэр. зоны, правялі больш за 10 карных аперацый («Бамберг», «Свята ўраджаю», «Горнунг», «Русалка», «Марабу» і інш.), у выніку якіх знішчылі больш за 25 тыс. сав. грамадзян, каля 6 тыс. вывезлі на работы ў Германію. Партызаны каля 3 гадоў змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка, размешчанымі па перыметры зоны ўздоўж чыг. Лунінец—Калінкавічы—Жлобін—Асіповічы—Ляхавічы, правялі Пціцкую аперацыю 1942, Старыцкі бой 1942, Лаўскі бой 1942 і інш. Найб. жорсткія баі па абароне зоны вялі Мінскае і Палескае партыз. злучэнні ў студз.—лютым 1943 і 1944. У гонар гераічнай барацьбы партызан у Любанскім р-не створаны мемар. комплекс Зыслаў.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 33.

Э.Ф.Языковіч.

т. 9, с. 392

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1794.

Адбыўся паміж 2-тысячным паўстанцкім атрадам С.Грабоўскага і рас. войскамі каля мяст. Любань Бабруйскага пав. ў час. паўстання 1794. Атрад накіраваны Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага ў рэйд па Мінскай губ. з мэтай актывізаваць там паўстанне. 4 вер. каля Любані паўстанцы сутыкнуліся з рэгулярнымі рас. войскамі князя П.Д.Цыцыянава, былі акружаны і пасля непрацяглага бою капітулявалі. Карнікі захапілі 250 палонных (у т.л. С.Грабоўскага) і 5 гармат.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.

М.Ф.Шумейка.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ Пабудаваны ў 1979 у в. Смольгава Любанскага р-на Мінскай вобл. як камбінат сілікатнай цэглы і вапны. З 1980 працуе 2-я чарга, камбінат дасягнуў праектнай магутнасці: 120 млн. шт. умоўнай цэглы і 100 тыс. т вапны. У складзе камбіната 3 асн. цэхі: вытв-сці сілікатнай цэглы, абпальвання вапны і горны. Сыравіна з радовішчаў пяску Мардзвілавічы і мелу Хацінава — Новае Гурбішча. З 1982 — Л.к.б.м., з 1997 — адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): цэгла сілікатная, у т.л. вонкавая, камяні вонкавыя, вапна буд. слабагідраўлічная.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНСКІ МУЗЕ́Й НАРО́ДНАЙ СЛА́ВЫ.

Засн. ў 1968 у г. Любань Мінскай вобл., адкрыты ў 1971. Пл. экспазіцыі 175,5 м², 9,4 тыс. адзінак асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў калекцыя археал. знаходак эпохі неаліту і бронзы, манетны скарб часоў Рэчы Паспалітай, матэрыялы пра 1-ю сусв. вайну, рэв. рух на Любаншчыне ў 1905—07 і 1917, асушэнне Мар’інскіх балот і дзейнасць чырвонаармейскай камуны і яе заснавальнікаў, партыз. рух і дзейнасць патрыят. падполля ў Вял. Айч. вайну, землякоў Герояў Сав. Саюза П.Р.Алейнікава, З.Р.Лышчэню, Дз.С.Наруцкага, Герояў Сац. Працы, дзеячаў літаратуры і навукі, аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі раёна ў пасляваенны час. У экспазіцыі музея карціны самадз. мастакоў, тканыя і ганчарныя вырабы мясц. майстроў.

Н.М.Сіняк.

т. 9, с. 393

ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.

На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс. км2. Нас. 45,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Любань. Уключае г.п. Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.

Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш. Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 62,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 393