Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Залуцкі Іосіф Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 387

ЗАЛЫ́ГІН (Сяргей Паўлавіч) (н. 6.12.1913, в. Дурасаўка, Башкортастан),

рускі пісьменнік. Акад. Рас. АН (1991). Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Омскі с.-г. ін-т (1939). Працаваў інжынерам-гідратэхнікам, у Сібірскім аддзяленні АН СССР. З 1986 гал. рэдактар час. «Новый мир». Першыя зб-кі «Апавяданні» (1941), «На Вялікую зямлю» (1952), «Нарысы і апавяданні» (1953). У раманах «Сцежкі Алтая» (1962), «Салёная Падзь» (ч. 1—2, 1967—68, Дзярж. прэмія СССР 1968), «Паўднёваамерыканскі варыянт» (1973), «Камісія» (1975), «Пасля буры» (кн. 1—2, 1980—85), «Свабода выбару: раман без сюжэта» (1996) звяртаецца да найважнейшых пераломных этапаў паслярэв. гісторыі Расіі і сучаснага жыцця Зах. Сібіры. Як публіцыст актыўна адстойвае сваю пазіцыю (у 1980-я г. выступаў супраць павароту паўн. рэк), імкнецца асэнсаваць складаныя працэсы сучаснага жыцця («Мая дэмакратыя. Нататкі па ходу жыцця. З успамінаў пісьменніка», 1996). Аўтар літ.-знаўчых прац пра А.Чэхава, Л.Талстога, А.Платонава. Творы З. на бел. мову пераклалі А.Кудравец, В.Адамчык.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1989—91;

Бел. пер. — На Іртышы: Аповесць, апавяданні. Мн., 1991.

Літ.:

Дедков И.А. Сергей Залыгин: Страницы жизни, страницы творчества. М., 1985.

С.Ф.Кузьміна.

С.П.Залыгін.

т. 6, с. 516

ЗАЛЬВЯ́НКА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км². Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.

Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).

Рака Зальвянка ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 516

ЗА́ЛЬКАЛНС ((Zalkalns) Тэадор Эдуардавіч) (30.11.1876, хутар Заляйскалнс Рыжскага р-на, Латвія — 6.9.1972),

латышскі скульптар. Нар. мастак СССР (1957), сапраўдны чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Пецярбургу (1893—99), уваходзіў у гурток «Рукіс» («Працаўнік»); у 1899—1901 у Парыжы ў майстэрні А.Радэна, вучань Э.А.Бурдэля і інш. У 1903—07 выкладаў у маст.-прамысл. школе ў Екацярынбургу, настаўнік І.Дз.Шадра. З 1910 у Пецярбургу. У 1918—19 удзельнічаў у плане манум. прапаганды (помнікі М.Г.Чарнышэўскаму, Л.А.Бланкі ў Петраградзе, не захаваліся). З 1920 у Рызе; у 1944—58 праф. АМ Латвіі. Сярод твораў: партрэты (А.Кірхенштэйна, 1946; Ф.Блумбаха, 1956; К.Барона, 1967, і інш.), 20 надмагілляў (Я.Порука, 1930; О.Лацыса, 1945, і інш.), помнікі Р.Блаўманісу ў Рызе (1929) і А.Кронваддсу ў Сігулдзе (1938), творы анімалістычнага жанру, медалі.

Т.Залькалнс. Партрэт К.Барона. 1967.

т. 6, с. 517

ЗА́ЛЬНЫ ХРАМ,

выцягнуты ў плане храм з нефамі аднолькавай вышыні ці вышэйшым (без акон) сярэднім нефам (псеўдабазіліка), а таксама 1-нефавы храм без трансепта (прапаведніцкая царква, царква жабрацкіх ордэнаў). Характэрна раўнамернае асвятленне інтэр’ера, якое скрадвае яго чляненне. З.х. з двума і больш нефамі вядомы з 11 ст. (царква Сен-Сернен у Тулузе, Францыя, канец 11 ст.). У 12 ст. пашыраны ў Вестфаліі і сталі тыповымі як прыходскія цэрквы 13—15 ст. у гарадах Ганзейскага саюза (касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску, Польшча, 1343—1502). Гатычныя З.х. будавалі ў Італіі, Іспаніі і інш. краінах Зах. Еўропы. Як саборы трапляюцца рэдка. З эпохі Адраджэння З.х. амаль не будуюць.

Да арт. Зальны храм. Касцёл Дзевы Марыі ў Гданьску. 1343—1502.

т. 6, с. 517

ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),

горад у зах. ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз. акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.

У 1—5 ст. н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн. ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.

У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.

Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л. б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.Б.Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.Гольцмайстэр, Э.Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз. акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.Бернт). Радзіма В.А.Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гсльбрун (1613—19, арх. Салары).

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

Панарама Зальцбурга.

т. 6, с. 517

ЗА́ЛЬЦГІТЭР (Salzgitter),

горад на Пн Германіі, у зямлі Ніжняя Саксонія. Узнік у 1936 пры зліцці некалькіх населеных пунктаў і буд-ве металургічнага камбіната. 117,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на адгалінаванні Сярэднегерманскага канала. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія, вытв-сць абсталявання для горнай і нафтаздабыўной прам-сці, вагона- і аўтамабілебудаванне, нафтахім., тэкстыльная. Курорт (мінер. воды).

т. 6, с. 518

ЗАЛЯ́ ((Zola) Эміль) (2.4.1840, Парыж — 29.9.1902),

французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.Дрэйфуса (гл. Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел. пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—26. М., 1960—67.

Літ.:

Владимирова М.М. Романный цикл Э.Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.

Т.У.Кавалёва.

Э.Заля.

т. 6, с. 518

ЗАЛЯГА́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

прасторавае размяшчэнне, форма і ўзаемаадносіны геалагічных цел у зямной кары. Вызначаецца элементамі залягання (распасціранне, напрамак і вугал нахілу слаёў або пластоў), якія вымяраюцца горным компасам. Для асадкавых парод характэрна пластападобная форма, першапачаткова блізкая да гарыз. залягання. Вулканічныя пароды залягаюць у выглядзе пластоў патокавай і покрыўнай формы. Магматычныя інтрузіўныя пароды ўтвараюць геал. целы (баталіты, штокі, дайкі, лакаліты, сілы і інш.). Метамарфічныя пароды залягаюць масівамі на вял. плошчы, ахопленай працэсамі метамарфізму. Адрозніваюць непарушанае (нармальнае) і парушанае З.г.п., а таксама згоднае (калі слаі фарміраваліся ў нармальнай узроставай паслядоўнасці) і нязгоднае (стратыграфічны перарыў або размыў горных парод; вуглавая нязгоднасць — калі маладыя асадкі залягаюць над пародамі, змятымі ў складкі, ці манаклінальна нахіленымі).

У.І.Шкуратаў.

т. 6, с. 518

ЗАЛЯШНО́,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Обаль, за 38 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,36 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 600 м, даўж. берагавой лініі каля 3 км. Пл. вадазбору 4 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, пераважна пад хмызняком, на З і Пн часткова разараныя. На З выцякае р. Агнеш.

т. 6, с. 518