ЗАЛЬВЯ́НКА,

рака ў Брэсцкай і Гродзенскай абл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 170 км. Пл. вадазбору 1940 км2. Пачынаецца паміж вёскамі Лідзяны і Кулявічы Свіслацкага р-на, цячэ ў Ваўкавыскім, Пружанскім, Зэльвенскім і Мастоўскім р-нах. Асн. прытокі: Шчыба, Ружанка, Іванаўка, Сасва, Самараўка, Юхнаўка.

Даліна трапецападобная, яе шыр. ад 500 м да 3—4 км у ніжнім цячэнні. Пойма забалочаная, роўная, шыр. да 2,5 км, у сярэднім і ніжнім цячэнні 400—600 м. Рэчышча моцназвілістае, яго шыр. ў межань 15—20 м. На працягу 44,2 км каналізаванае: ад вытоку да в. Краскі Ваўкавыскага р-на (16 км) і на ўчастку за 2 км на Пн ад г.п. Зэльва — 2 км на Пн ад в. Ліхінічы Мастоўскага р-на (28,2 км). Берагі пясчаныя, стромкія і абрывістыя. Замярзае ў канцы снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Жыўленне мяшанае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 11 м5/с. На рацэ вадасховішчы Зэльвенскае і Паперня, г.п. Зэльва, г. Масты (пры ўпадзенні Зальвянкі ў Нёман).

Рака Зальвянка ў ніжнім цячэнні.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)