помнік палацава-паркавай архітэктуры 18—19 ст. у в. Залессе (Смаргонскі р-н). Належаў роду князёў Агінскіх, з 1802 — М.Клеафасу Агінскаму. Складаўся са старой сядзібы 1-й пал. 18 ст. ў стылі барока (не захавалася) і новага палацава-паркавага ансамбля ў стылі класіцызму (1802—05). Сядзіба ўключала сядзібны дом, невял. парк, гасп. двор і сад. Сядзібны дом — 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак з 4 алькежамі па вуглах. Побач размяшчаўся парк, 2-павярховая драўляная брама вяла ў гасп. двор з кухняй, свірнам, лядоўняй. На тэр. сядзібы быў стаў з млыном, за ім — гасп. пабудовы і сад. Новы палацава-паркавы ансамбль пабудаваны на тэр. паміж абалонай р. Вілія і старой сядзібай паводле праекта арх. М.Шульца з удзелам арх. Ю.Пусэ. Палац — 1—2-павярховы мураваны Г-падобны будынак. Гал. прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з 2-павярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтр. часткай, вылучанай 4-калонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам. У інтэр’еры вестыбюля зберагліся арнаментальная фрэскавая размалёўка і кафляныя грубкі. Да гал. фасада прымыкалі 2 аранжарэі і сад. Побач з палацам стаяла 8-гранная капліца, аздобленая арх. жывапісам. Каля палаца размяшчаўся шпацырны звярынец з 2 альтанкамі, за ім — парк у рамантычным стылі (пашкоджаны ў гады 1-й сусв. вайны), дзе ўстаноўлены памятны камень у гонар Т.Касцюшкі. За ракой знаходзіўся звярынец. Вядуцца работы па рэстаўрацыі і аднаўленні арх. аблічча ансамбля.
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии. Вторая пол. XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Трэпет Л.В. Там, дзе гучалі паланезы. Мн., 1990.
Л.В.Іванова.
Залескі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Л.Ходзькі. 1822.
вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 17 км ад горада і чыг. ст. Глыбокае, 217 км ад Віцебска. 254 ж., 111 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаецца ў 2-й пал. 14 ст. (не пазней 1387) у грамаце кн.Андрэя Альгердавіча Полацкага. Адносілася да Полацкай зямлі, потым да Полацкага ваяв. У розны час належала Корсакам, Глябовічам, Вепрахоўскім, Цеханавецкім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Дзісенскім пав. Мінскай, з 1842 — Віленскай губ. З 1863 цэнтр воласці ў Дзісенскім пав. Пры валасным праўленні працавала сельская школа. У 1897 у З. 176 ж. З 1921 у Польшчы, з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета. 311 ж., 114 гаспадарак (1971).
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — курганны могільнік.
вёска ў Кобрынскім р-не Брэсцкай вобл., каля Дняпроўска-Бугскага канала, на аўтадарозе Кобрын — Іванава. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на У ад горада і 10 км ад чыг. ст. Кобрын, 54 км ад Брэста. 621 ж., 228 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на левым беразе р. Вілія, каля аўтадарогі Маладзечна—Смаргонь; чыг. ст. на лініі Мінск—Гудагай, Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на ПдУ ад г. Смаргонь, 233 км ад Гродна. 1148 ж., 432 двары (1997).
Вядома з 16 ст. як фальварак Дзербы. У 1690 згадваецца ў ліку паселішчаў Смаргонскай парафіі Ашмянскага пав. У 18 — пач. 20 ст. ўласнасць роду Агінскіх. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскай губ. У 1802—22 у З. жыў М.К.Агінскі, тут ім створаны шэраг муз. твораў, у т. л. паланэз «Развітанне з Радзімай». У 1880-я г. фальварак і вёска, 50 жыхароў. З 1921 у Польшчы, у Маладзечанскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1971—806 ж., 258 двароў.
Мэблевы цэх. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры і гісторыі Залескі палацава-паркавы ансамбль (1802—22).
вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Сож. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Чачэрск, 72 км ад Гомеля, 42 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 495 ж., 219 двароў (1997). Базавая школа, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі паселішчы эпохі неаліту і бронз. веку.
шклозавод у Вілейскім р-не. Засн. ў 1769 як гута ў в. Ілья. З 1802 шклозавод у маёнтку Залессе, з 1815 у засценку Стражыслаў, з 1855 за 3 км ад в. Залессе Вілейскага пав. (цяпер пас. Партызанскі Вілейскага р-на). У 1900 працавала 157 рабочых, выраблена сталовага і аптэчнага посуду і лямпаў на 90,7 тыс.руб. У 1910 дзейнічаў паравы рухавік. Прадукцыю збывалі ў Рыгу, Вільню, Гродна і інш. У Вял.Айч. вайну разбураны, у 1944 адноўлены як шклозавод «Залессе». У 1961—73 пабудаваны новыя цэхі, у 1988—90 рэканструяваны. Да 1993 вырабляў сілікат-глыбы (растваральнае шкло) і шклатару (слоікі). Цяпер выпускае піўныя, гарэлачныя, тэхнічныя бутэлькі. У 1996 выраблена 22,3 млн.шт. гарэлачных і 5,5 млн.шт.тэхн. бутэлек. З 1997 адкрытае акц.т-ва шклозавод «Залессе».
ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг.літ. часткі Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар.арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.
частка акіяна, мора ці возера, якая дастаткова глыбока ўразаецца ў сушу, але мае свабодны водаабмен з асн. вадаёмам. У залежнасці ад прычын узнікнення, памераў, канфігурацыі, звязанасці з асн. вадаёмам адрозніваюць бухты, гафы, лагуны, фіёрды і эстуарыі. Часам З. называюць асобныя ч. Сусветнага ак., якія па сваім гідралагічным рэжыме належаць да мораў (напр., Мексіканскі, Гудзонаў).