Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЫСУ́ХА (Fulica atra),

птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі пералётны і пралётны від. Жыве на вадаёмах, зарослых трыснягом і чаротам. Трымаецца чародамі. Нар. назвы: вадзяная курыца, лыска, лысоха.

Даўж. да 45 см, маса да 900 г. Апярэнне цьмяна-чорнае, на брушку з шараватым адценнем. На лбе белая, голая (лысая) мясціна скуры (адсюль назва). Дзюба канічная, кароткая, белая. Лапы шэрыя. Пальцы з плавальнымі перапонкамі. Добра плавае і нырае Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай. Нясе да 15 яец. Аб’ект палявання.

Лысуха.

т. 9, с. 386

«ЛЫ́СЫ»,

«Карапет», «Дзевачка Надзя», «Муха», гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4, ​4/4; тэмп умерана хуткі. Паходзіць ад паўд.-амер. танца тустэп. Уключае абмежаваную колькасць стандартных рухаў, якія паўтараюцца некалькі разоў запар. На 1-е правядзенне мелодыі танцоры робяць 4 факстротныя крокі ў адзін, потым у другі бок, на 2-е — круцяцца ў пары рухам полька-вальс, потым дзяўчына некалькі разоў паварочваецца пад правай рукой партнёра. Пашыраны па ўсёй Беларусі, мае нязначныя рэгіянальныя адрозненні. Выконваецца пад каларытныя мясц. прыпеўкі: «А чаго ты лысы, без валос астаўся? // А таму, што з дзеўкамі многа мілаваўся... // А дзевачка Надзя, чаго табе нада? // Нічаго не нада, кроме чыкалада».

т. 9, с. 386

Лысюк Лідзія Глебаўна

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛЫСЯ́ТАЎ (Юрый Васілевіч) (1.2.1929, г. Калуга, Расія —24.8.1997),

бел. кінарэжысёр дакументальнага кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1961). Працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчай манеры Л. ўласцівы лірычная танальнасць, імкненне да натуральнасці, выкарыстанне шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў. Жыццё Беларусі, праблемы сучаснай вёскі ў фільмах «Мы з Беларусі» (1974), «Зямля мая — лёс мой» (1978; з Р.Ясінскім), «Бацькоўскае поле» (1979), «Асабісты гектар» (1982), «Круглы год» (1984). Паставіў таксама фільмы: «Паляванне са старым сабакам» (1968), «Лілія — дачка Геаргіцы» (1971), «Мужчынскія галасы» (1973), «Іван Мележ» (1977), «Лятаючы Якаў» (1980) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.

Г.І.Сяўковіч.

т. 9, с. 386

ЛЫЧ (Генадзь Міхайлавіч) (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл,),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. Hau. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-р эканам. н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл. с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т.л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.

Тв.:

Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);

Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;

Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.

т. 9, с. 386

ЛЫЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 8.2.1929, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1989), праф. (1993). Брат Г.М.Лыча. Скончыў Башкірскі пед. ін-т (1957). З 1958 працаваў настаўнікам, з 1962 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, з 1989 вядучы навук. супрацоўнік. Даследуе пытанні сацыяльна-класавых адносін у сав. час, гісторыю бел. культуры, моўную палітыку на Беларусі ў 19—20 ст., міжнац. адносіны на Беларусі ў 20 ст. Старшыня Тапанімічнай камісіі пры Прэзідыуме Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1992—96.

Тв.:

Аднаўленне і развіццё чыгуначнага транспарту Беларускай ССР (верасень 1943—1970 гг.). Мн., 1976;

Аграрный отряд рабочего класса Белоруссии. Мн., 1984;

Ликвидация экономического и социально-культурного неравенства союзных республик: На примере БССР (1917—1941 гг.). Мн., 1987;

Беларуская нацыя і мова. Мн., 1994;

Назвы зямлі беларускай. Мн., 1994;

Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд. Мн., 1997 (разам з У.І.Навіцкім).

Г.М.Лыч.

т. 9, с. 386

ЛЫ́ШЧА,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Вісліца, на аўтадарозе Лагішын—Ганцавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на Пн ад горада і чыг. ст. Пінск, 215 км ад Брэста. 520 ж., 248 двароў (1999). Станцыя тэхн. абслугоўвання аўтамабіляў акц. т-ва «Прыпяць—Лада». Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Свята-Аляксандра Неўскага царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 386

ЛЫШЧЫ́НСКІ (Казімір) (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),

бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч. філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т.л. аб сац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Прокошина Е.С., Шалькевич В.Ф. Казимир Лыщинский. Мн., 1986;

Nowicki A. Kazimierz Luszczyński, 1634—1689. Lódź, 1989.

С.А.Яцкевіч.

К.Лышчынскі. Мастак С.Свістуновіч.

т. 9, с. 386

ЛЫ́ШЧЫЦЫ,

вёска ў Брэсцкім р-не; чыг. станцыя на лініі Брэст—Беласток. Цэнтр сельсавета. За 25 км на Пн ад Брэста. 904 ж., 336 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Радзіма К.Лышчынскага. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.

т. 9, с. 387

ЛЫШЧЭ́НЯ (Захар Рыгоравіч) (1917, в. Пласток Любанскага р-на Мінскай вобл. — 8.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з вер. 1941 на 1-м Укр. фронце. Камандзір аддзялення разведкі старшына Л. вызначыўся 8.2.1945 ва Усх. Прусіі: у час разведкі ў тыле ворага з напарнікам захапілі ў палон 2 афіцэраў з важнымі дакументамі; трапіўшы ў акружэнне, Л. прыкрываў адыход напарніка з дакументамі, цяжка паранены захоплены ў палон і закатаваны. На радзіме помнік.

З.Р.Лышчэня.

т. 9, с. 387