Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЫТНЯ́К (Agropyron),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.

Г.У.Вынаеў.

Жытняк грэбенепадобны.

т. 6, с. 474

ЖЫ́ТНЯЯ БА́БА,

у бел. нар. дэманалогіі маці жыта; жаночая паралель «гаспадара» поля — жыценя. Яе ўяўлялі ў выглядзе фантаст. жанчыны з каласамі на галаве і зоркамі па баках. У некаторых мясцінах «бабаю» называлі апошні сноп зжатага жыта, які апраналі ў жаночую кашулю, завязвалі на ім хустку, урачыста неслі ў хату і спявалі «спарышовыя» песні з пажаданнем добрага ўраджаю ў наступным годзе.

т. 6, с. 474

ЖЫТО́МІР,

горад на Украіне, цэнтр Жытомірскай вобл., на р. Цецераў (бас. Дняпра). Засн. ў 884. 303 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (ВА «Электравымяральнік», з-ды станкоў-аўтаматаў, «Прамаўтаматыка», быт. прыбораў і інш.), хім. і фармахім. (з-ды хім. валакна, перапрацоўкі лекавай расліннай сыравіны), лёгкая (ільнокамбінат, ф-кі панчошная, футравая, нятканай тканіны, абутковая, швейных вырабаў), харч., дрэваапр., вытв-сць будматэрыялаў. 2 ВНУ (пед. і с.-г. ін-ты). Тэатры: муз.-драм. і лялек. Музеі: гісторыі касманаўтыкі, прыроды, дамы-музеі У.Г.Караленкі і С.П.Каралёва (нарадзіліся ў Ж.). Касцёл бернардзінцаў (17—18 ст.), кафедральны касцёл (1744), дом магістрата (1789), Дом культуры (1859), кафедральны сабор (1866—74).

т. 6, с. 474

«ЖЫТО́МІР»,

рачны манітор сав. Пінскай ваен. флатыліі, які ўдзельнічаў у абарончых баях на Беларусі і Украіне на пач. Вял. Айч. вайны. Пабудаваны ў 1920 у г. Гданьск. Да 24.10.1939 наз. «Pinsk» («Пінск»), уваходзіў у склад Віслінскай (1920—25) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены экіпажам у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. Падняты сав. маракамі са дна Прыпяці. Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. З ліп. 1941 вёў баі на Бярэзіне (каля Бабруйска) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). Узарваны экіпажам 1.9.1941 каля в. Чэрні Кіеўскай вобл. ў сувязі з адступленнем сав. войск.

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958.

Р.К.Паўловіч.

т. 6, с. 474

ЖЫТО́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На Пн Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 29,9 тыс. км². Нас. 1,5 млн. чал., гарадскога 53% (1996). Цэнтр — г. Жытомір. Найб. гарады: Бярдзічаў, Корасцень, Наваград-Валынскі, Карастышаў, Малін, Оўруч.

Прырода. Паўд. і паўд.-зах. часткі вобласці знаходзяцца ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 300 м). Пн і ПнУ займае Палеская нізіна і Оўруцкае ўзв. (найб. выш. 316 м). Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, лабрадарыты, мармур, вапнякі, гліны, жал. і тытанавыя руды, буры вугаль, торф, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5,6 °C, ліп. 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 500 мм на Пд да 600 мм на Пн. Гал. рэкі належаць да бас. Дняпра; Цецераў, Ірпень, Случ, Уж, Убарць. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд шэрыя лясныя і чарназёмныя. Лясы мяшаныя (хвоя, дуб, граб, бяроза, асіна), займаюць 31,7% тэр., у Ж.в. — Палескі запаведнік.

Гаспадарка Ж.в. адносіцца да індустрыяльна-аграрных раёнаў Украіны. Развіццё прам-сці грунтуецца на с.-г. сыравіне, мясц. мінер. і працоўных рэсурсах. Асн. галіны прам-сці: харчасмакавая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая, агароднінакансервавая, піваварная), маш.-буд. (хім. абсталяванне, дарожныя і с.-r. машыны, электрапрылады), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая), хім., мікрабіял., дрэваапр., мэблевая, фарфора-фаянсавая, шкляная. Вытв-сць буд. матэрыялаў Здабыча бурага вугалю. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, жыта) і тэхн. (лён, буракі, хмель) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пчалярства, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Адэса—С.-Пецярбург, Харкаў—Львоў, Брэст—Кіеў, Масква—Чоп, аўтадарогі Кіеў—Львоў, Вінніца—Мазыр, Кіеў—Брэст.

П.І.Рогач.

т. 6, с. 474

ЖЫ́ЎКАЎ (Тодар Хрыстаў) (н. 7.9.1911, с. Правец Сафійскай акр., Балгарыя),

палітычны і дзярж. дзеяч Балгарыі. Герой Сац. Працы Нар. Рэспублікі Балгарыі (1961), двойчы Герой НРБ (1971, 1981), Герой Сав. Саюза (1977). З 1932 чл. Балгарскай камуніст. партыі (БКП). Адзін з кіраўнікоў Вераснёўскага народнага ўзброенага паўстання 1944 у Балгарыі. З 1945 канд., з 1948 чл. ЦК БКП. У 1948—49 1-ы сакратар Сафійскага гаркома БКП, з 1950 сакратар, з 1951 чл. Палітбюро ЦК БКП. Ген. сакратар (у 1954—81 1-ы сакратар) ЦК БКП, адначасова старшыня Савета Міністраў НРБ (1962—71). З 1971 старшыня Дзярж. савета НРБ. У снеж. 1989 выключаны з БКП і зняты з усіх пасад. У 1994 асуджаны на 7 гадоў зняволення па абвінавачанні ў растраце дзярж. сродкаў, знаходзіўся пад хатнім арыштам; у 1996 апраўданы.

т. 6, с. 474

ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,

працэс паглынання і засваення пажыўных рэчываў раслінамі; састаўная частка абмену рэчываў. Паводле тыпу жыўлення іх падзяляюць на аўтатрофы (самі сінтэзуюць арган. рэчывы) і гетэратрофы (выкарыстоўваюць гатовыя арган. рэчывы). Некат. расліны з розным тыпам жыўлення існуюць у сімбіёзе. Неабходныя для сінтэзу арган. злучэнняў пажыўныя рэчывы расліны, як правіла, паглынаюць у форме вуглякіслага газу (гл. Фотасінтэз), вады (гл. Водны рэжым раслін) і іонаў мінер. солей. Корань як орган жыўлення прыстасаваны да паглынання солей і вады з глебы, ліст засвойвае вуглякіслы газ з паветра. Мех. і функцыян. сувязь паміж імі ажыццяўляецца сцяблом. Корань, сцябло і ліст пранізаны бесперапыннай сістэмай праводзячых пучкоў, па якіх транспартуюцца прадукты фотасінтэзу з ліста ў корань, а вады і іонаў пажыўных солей з кораня ў ліст. Насякомаедныя расліны атрымліваюць дадатныя, пераважна азоцістыя, арган. рэчывы шляхам ператраўлівання насякомых.

т. 6, с. 475

ЖЫ́ХАР (Георгій Іосіфавіч) (н. 15.3.1936, в. Засулле Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БПІ (1960). З 1967 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. даследаванні па распрацоўцы і ўдасканаленні метадаў і спец. прыстасаванняў для эфектыўнага спальвання вадкага паліва і газу і зніжэння шкодных выкідаў у навакольнае асяроддзе.

Тв.:

Расчетное исследование горения жидкого топлива в циклонной камере // Изв. вузов. Энергетика. 1982. № 6;

Расчетное исследование двухступенчатого сжигания жидкого топлива (разам з Л.А.Тарасевічам) // Там жа. 1992. № 5—6.

т. 6, с. 475

ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),

бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т. л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел. нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).

Літ.:

Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;

Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.

Г.В.Асмалоўская.

т. 6, с. 475

ЖЫ́ЦЕНЬ,

у бел. нар. дэманалогіі «гаспадар» поля (яго жаночая паралель — жытняя баба). Ж. ўяўлялі ў выглядзе маленькага дзядка («жытні дзед») з доўгай барадой. Лічылася, што ён забяспечваў ураджай жыта («даваў жыта»), збіраў каласы на жытняй ніве нядбайнай гаспадыні і пераносіў іх на поле руплівай жняі. Яго шанавалі таксама як духа багацця і дабрабыту. З вобразам Ж. звязаны земляробчы абрад «завіванне барады».

т. 6, с. 475