ЖЫТНЯ́К (Agropyron),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.

Г.У.Вынаеў.

Жытняк грэбенепадобны.

т. 6, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)