ЖЫ́ХАРАЎ (Георгій Іванавіч) (30.11.1915, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 14.4.1973),
бел. дырыжор, балалаечнік, дамрыст, педагог, дзеяч самадз. мастацтва. Скончыў Бел. кансерваторыю (1951), выкладаў у ёй (1963—73). У 1924—38 арганізатар і кіраўнік аматарскіх аркестраў у Гомелі, выступаў як саліст-балалаечнік (у т.л. на Гомельскім радыё). З 1939 кіраўнік арк. групы Ансамбля песні і танца БВА, у 1945—71 кіраўнік і саліст Секстэта домраў Бел. радыё. Арганізатар і кіраўнік шматлікіх вучэбных і аматарскіх аркестраў у Бел. кансерваторыі, Мінскім муз. вучылішчы, муз. школах, БДУ. Майстар аранжыроўкі і інструментоўкі, прапагандыст твораў бел. кампазітараў і нар. музыкі. Сярод аранжыровак: сімфоніі Ф.Шуберта, В.Каліннікава, С.Пракоф’ева, С.Васіленкі, інстр. канцэрты Э.Грыга, М.Будашкіна, Дз.Смольскага, Ю.Шышакова. Аўтар апрацовак бел. нар. песень і мелодый. Сярод яго вучняў Г.Асмалоўская, М.Лісіцын, У.Перацяцька, Л.Смялкоўскі. Дыпламант Усесаюзнага агляду-конкурсу (1939, Масква).
Літ.:
Таірава Л. Свята памяці // Мастацтва. 1996. № 4;
Шчарбак В.М. Вялікі майстар у галіне народнай музыкі // Пытанні культуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1993. Вып. 12.
Г.В.Асмалоўская.
т. 6, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)