Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЫВЁЛЬНЫЯ КАРМЫ́,

прадукты жывёльнага паходжання і адходы іх перапрацоўкі, якія выкарыстоўваюцца на корм с.-г. жывёлам. Найб. пашыраныя Ж.к.: малако і прадукты яго перапрацоўкі (адгон, сыроватка, маслёнка і інш.), адходы мясакамбінатаў (мука мясная, мяса-касцявая. крывяная, субпрадукты і інш.), рыбакамбінатаў (мука рыбная і інш.), птушкафабрык і інкубатарных станцый (мука з гідралізатаў пер’я, тумакі, заморкі), зверабойнага промыслу (мяса цюленяў і інш. жывёл і мука з іх туш), а таксама мясцовыя Ж.к. (кукалкі тутавага шаўкапрада, малюскі, азёрныя рачкі і інш.) Ж.к. маюць шмат біялагічна паўнацэннага пратэіну, багатыя вітамінамі, макра- і мікраэлементамі.

т. 6, с. 460

ЖЫВЁЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

разнастайнасць жывёльнага свету акрэсленай тэрыторыі або Зямлі ў цэлым, якая складае рэальныя ці патэнцыяльныя крыніцы забеспячэння матэрыяльных. гасп. і іншых патрэб чалавека і грамадства; від прыродных рэсурсаў. Ж.р. — практычна гэта частка рэсурсаў кансументаў, якія непасрэдна выкарыстоўваюцца ў паляўнічай, рыбнай і інш. відах гаспадаркі, што грунтуюцца на промысле. Часам падзяляюць на рэсурсы карысных і рэсурсы жывёл шкодных. Маюць вял. практычнае і экалагічнае значэнне. Важнейшыя віды Ж.р. павінны ахоўвацца ад выдаткавання і выкарыстоўвацца рацыянальна.

т. 6, с. 460

ЖЫВЁЛЬНЫ КРУХМА́Л,

гл. Глікаген.

т. 6, с. 460

ЖЫВЁЛЬНЫ Э́ПАС,

гл. ў арт. Казкі пра жывёл.

т. 6, с. 460

ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,

смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).

Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц. т-ва «Лесахімік».

Я.Г.Міляшкевіч.

т. 6, с. 460

ЖЫВІ́ЦА (сапр. Попка) Юрый

(7.10.1912, Пружаншчына — 29.4.1990),

бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік, журналіст. У 1930 уступіў у Бел. сялянскую партыю. У час Вял. Айч. вайны ўзначальваў аддзел працы і сац. забеспячэння ў акупацыйнай цывільнай адміністрацыі Пружан (1941—42). З 1942 у Германіі. У пасляваенны час член і старшыня шэрагу бел. арг-цый, рэдактар газ. «Беларуская праўда» (1946). Выдаваў час. «Напагатове» (1948), распаўсюджваў бюлетэнь «Весткі з Беларусі». Выдаў шмат кніг па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі, у т. л. працы У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча. У 1982 заснаваў у г. Ляймен Беларускі музей, пры ім Інстытут беларусаведы (дырэктар у 1982—90), час. «Весткі Інстытута беларусаведы» (1986). Аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей.

Тв.:

Сьвеціць у тумане. Ляймен, 1962;

Носьбіт ідэі. Ляймен, 1964.

А.С.Ляднёва.

т. 6, с. 460

ЖЫВО́Е РЭ́ЧЫВА 1) сукупнасць жывых арганізмаў біясферы, колькасна выражаная ў элементарным хім. саставе, масе і энергіі. Тэрмін увёў рус. вучоны У.І.Вярнадскі (1926). Ж.р. звязана з біясферай матэрыяльна і энергетычна праз біягенную міграцыю атамаў у выніку дыхання, харчавання, росту і размнажэння арганізмаў. Прадстаўлена Ж.р. аўтатрофамі, гетэратрофамі, міксатрофамі. Выконвае ў біясферы вял. работу і з’яўляецца магутнай геал. сілай планетарнага характару, што вызначае выгляд Зямлі. Удзельнічае ў стварэнні арганагенных асадкавых парод (каменны вугаль, бітумы, вапняк, нафта і інш.), названых Вярнадскім біягенным рэчывам біясферы. Пры ўздзеянні Ж.р. ўтвараюцца і біякосныя рэчывы: амаль уся вада біясферы, глеба, кара выветрывання і інш. Мае спецыфічны хім. састаў (пераважаюць вадарод, вуглярод, азот, кісларод, натрый, магній, алюміній, крэмній, фосфар) і вял. сухую масу — 2,4—3,6∙10​12 т. Геахім. функцыі вызначаюць газавы састаў атмасферы (N2, O2, CO2).

2) Тэрмін, прапанаваны сав. біёлагам В.Б.Лепяшынскай (1950-я г.) для вызначэння пазаклетачнай субстанцыі (не выкарыстоўваецца).

т. 6, с. 460

ЖЫВЫ́ АВЁС,

тое, што аўсюк.

т. 6, с. 460

ЖЫ́ГА (англ. jig),

1) старадаўні нар. танец кельцкага паходжання. Спачатку парны танец (у маракоў пашыраны як сольны танец жартоўнага характару). У 17—18 ст. папулярны салонны танец у краінах Зах. Еўропы. Пазней бытаваў пераважна ў народзе. Муз. памер ​6/8, ​9/8, ​12/8. Тэмп хуткі.

2) 3 17 ст. муз. п’есы розных тыпаў (у асн. 3-, 6-, 9-, 12-дольныя); заключная частка сюіты. Муз. форма «Ж.» выкарыстана ў балеце «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага; у сюітах многіх бел. кампазітараў.

т. 6, с. 460

ЖЫГА́ЛКА асенняя,

звычайная Ж. (Stomoxys calcitrans), насякомае сям. сапраўдных мух атр. двухкрылых. Пашырана ўсюды. Трапляецца ў непасрэднай блізкасці ад свойскіх жывёл (у памяшканні, на пашы). Дарослыя — крывасмокі, пераносчыкі ўзбуджальнікаў многіх інфекцый: сібірскай язвы, тулярэміі, анаплазмозу буйн. раг. жывёлы і інш.

Цела даўж. 5,5—7 мм, шэра-чорнае, плямістае. Хабаток доўгі і цвёрды. Плоднасць 300—400 яец. Адкладвае яйцы ў гной, на раслінныя рэшткі, зрэдку ў раны жывёл і чалавека, дзе развіваюцца лічынкі. Колькасць Ж. павялічваецца ў канцы лета — пач. восені (мухі становяцца «лютымі»).

т. 6, с. 460