ЖЫВІ́ЦА, тарпатына, тэрпенцін,
смала, якая вылучаецца пры падсочцы або пашкоджанні дрэў іглічных парод (хвоя, кедр, елка, піхта, лістоўніца).
Ж. светлая, празрыстая вязкая вадкасць. Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў эфіры, абс. спірце, ацэтоне. Мае 35—38% шкіпінару і 62—65% смаляных кіслот. На паветры загусае, змяняе колер да цёмна-бурага і крышталізуецца ў выніку акіслення і выпарэння шкіпінару (прамысл. Ж. мае 16—20% шкіпінару). Здабываюць рэгулярнай падсочкай хвоі (выхад Ж. ў сярэднім 1—1,1 кг/год). Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання шкіпінару і каніфолі. На Беларусі хваёвую Ж. перапрацоўвае Барысаўскае акц. т-ва «Лесахімік».
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)