Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,

рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.

т. 6, с. 462

ЖЫГУНЕ́Ц,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Павойнік.

т. 6, с. 462

ЖЫГУНО́Ў (Алесь) (Аляксавдр Міхайлавіч; н. 27.11.1954, в. Тройца Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1976). Настаўнічае. Друкуецца з 1969. Асн. тэмы паэзіі: родная зямля, вобразы вяскоўцаў, іх побыт, узаемаадносіны, перажыванні лірычнага героя, аналіз гераічнага мінулага Радзімы (зб-кі «Матчына вышыванка», 1984, «Мая Тройца», 1993).

т. 6, с. 462

ЖЫГУНО́Ў (Уладзімір Раманавіч) (н. 9.4.1920, в. Шамаўшчына Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен.-паветр. акадэмію (1955). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну камандзір звяна штурмавога авіяпалка Ж. з 1943 на Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах, зрабіў 194 баявыя вылеты. Удзельнік Курскай бітвы 1943, Яска-Кішынёўскай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, Румыніі, Чэхіі, Славакіі, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў час ліквідацыі бродскай варожай групоўкі і пашырэння Сандамірскага плацдарма (Польшча). Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 462

ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),

тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.

Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.

Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.

т. 6, с. 462

ЖЫГУ́ЧЫЯ КЛЕ́ТКІ, крапіўныя клеткі, нематацыты, кнідацыты,

клеткі ў покрыўным эпітэліі і ў энтадэрме большасці кішачнаполасцевых, якія выконваюць функцыі нападзення на здабычу, яе ўтрымання і абароны ад ворагаў. Складаюцца з танкасценнай капсулы (нематацысты, кнідацысты), у поласці якой знаходзіцца спіральна закручаная ніць з пераважна ядавітай вадкасцю. На вонкавай паверхні клеткі ёсць нерухомы адчувальны валасок — кнідацыль, дакрананне да якога выклікае раздражненне Ж.к. і выкідванне жыгучай ніці. Укол ніці паралізуе і выклікае гібель дробнай, зрэдку болевы ацёк буйной жывёлы. Пасля выкідвання ніці Ж.к. гінуць.

т. 6, с. 462

ЖЫГЯ́НКА рака, гл. Альшанка.

т. 6, с. 462

ЖЫД ((Gide) Андрэ) (22.10.1869, Парыж — 19.2.1951),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў паэт. «Сшыткамі Андрэ Вальтэра» (1891) і «Вершамі Андрэ Вальтэра» (1892), напісанымі пад уплывам сімвалізму. Апошні стаў вызначальным у аповесцях «Падарожжа Урыяна» і «Вопыт кахання» (абедзве 1893) і асабліва ў тэарэт. «Трактаце пра Нарцыса» (1891). Сталыя проза. і драматургія Ж. адметныя вострай крытыкай маральных асноў і інстытутаў бурж. грамадства, асабліва сям’і і царквы, распрацоўкай новых сюжэтных прыёмаў, уплывам паэтыкі саці — сярэдневяковага фарса; кніга лірычнай прозы «Ежа зямная» (1897), сатыр. аповесць «Кепска прыкаваны Праметэй» (1899) і аповесць «Імараліст» (1902). Вядомасць яму прынеслі раман «Цесная брама» (1909) і аповесць «Ізабель» (1911), у якіх распрацоўваецца тэма барацьбы асобы за права на самавыражэнне. Аўтар рамана «Падзямеллі Ватыкана» (1914) і аповесці «Пастаральная сімфонія» (1919), аб’яднаных рэзкай антыклерыкальнай накіраванасцю, рамана «Фальшываманетчыкі» (1926). Стылістычнай дасканаласцю вылучаецца яго драматургія («Цар Кандаўл», 1901, «Саул», 1903, «Эдып», 1931), «Дзённікі» (т. 1—3, 1939—50), эсеістыка. Нобелеўская прэмія 1947.

Тв.: Рус. пер. — Фальшивомонетчики; Тесные врата. М., 1991; Избр. произв. М., 1993; Избранное. М., 1997.

К.М.Міхееў.

А.Жыд.

т. 6, с. 462

ЖЫД ((Gide) Шарль) (29.6.1847, г. Юзес, Францыя — 13.3.1932),

французскі эканаміст, гісторык, тэарэтык франц. каап. руху, стваральнік т.зв. Німскай школы. Скончыў Парыжскі ун-т (1874). Праф. ун-таў у Бардо (1874), Манпелье (1880), Парыжы (1898—1920). Прыхільнік суб’ектыўнай школы палітэканоміі і тэорыі «кааператыўнага сацыялізму». Лічыў, што капіталіст. вытв-сць можа быць рэфармавана шляхам масавага развіцця спажывецкіх кааператываў, якія забяспечаць справядлівыя адносіны паміж вытворцамі і спажыўцамі. У 1887—1911 выдаваў час. «Revue d’Économie Politique» («Агляд палітэканоміі»). Аўтар прац «Прынцыпы палітэканоміі» (1884), «Гісторыя эканамічных вучэнняў ад фізіякратаў да навейшых часоў» (разам з Ш.Рыстам, 1909) і інш.

т. 6, с. 462

ЖЫ́ДЛІЦКІ ((Židlicky) Вацлаў) (н. 16.4.1931, в. Купічаў Валынскай вобл., Украіна),

чэшскі літаратуразнавец і перакладчык. Д-р філалогіі (1967). Ганаровы д-р БДУ (1996). Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1955), з 1976 праф. гэтага ун-та. Даследуе гісторыю бел. і ўкр. л-р, іх сувязі з чэш. л-рай. Аўтар прац «Украінская і беларуская літаратура ў чэшскіх перакладах» (1956), «Малы слоўнік савецкіх пісьменнікаў. Ч. 2. Украінскія і беларускія пісьменнікі» (1959, 2-е выд. 1966), «Даследаванні па гісторыі чэшска-беларускай супольнасці» (1960), «Кароткі нарыс гісторыі беларускай літаратуры» (1972); сааўтар «Слоўніка пісьменнікаў. Савецкі Саюз» (т. 1—2, 1978, арт. пра бел. і ўкр. пісьменнікаў), «Нарысаў па гісторыі літаратур народаў СССР» (1982, з Р.Паралекам) і інш. На чэш. мову пераклаў кнігі А.Адамовіча, В.Быкава, Я.Брыля, У.Караткевіча, А.Карпюка, У.Калесніка, І.Пташнікава, І.Шамякіна, асобныя творы Ц.Гартнага, К.Чорнага і інш. Укладальнік «Анталогіі сучаснай беларускай паэзіі», аднатомнікаў Я.Купалы, М.Танка і інш.

Літ.:

Гардзіцкі А. Размова з Вацлавам Жыдліцкім // Далягляды. Мн., 1980.

А.В.Мальдзіс.

т. 6, с. 463