Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

АЛЬДЭКО́П Юрый Артуравіч

(17.11.1918, в. Палякі Варнавінскага р-на Ніжагародскай вобл. — 31.12.1992),

бел. вучоны ў галіне арган. хіміі. Чл.-кар. АН БССР (1969), д-р хім. н. (1956), праф. (1959). Скончыў Горкаўскі ун-т (1941). З 1956 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі. Навук. даследаванні па сінтэзе металаарган., полігалагенарган. злучэнняў, элементаарган. пераксідаў, вывучэнні механізмаў рэакцый іх пераўтварэнняў.

Тв.:

Введение в элементоорганическую химию. Мн., 1973 (разам з М.А.Маерам);

Синтез металлоорганических соединений декарбоксилированием ацилатов металлов. Мн., 1976 (з ім жа).

т. 1, с. 277

А́ЛЬДЭР (Alder) Курт

(10.7.1902, г. Хожаў, Польшча — 20.6.1958),

нямецкі хімік-арганік. Скончыў Кільскі ун-т (1926). У 1936—40 навук. кіраўнік аддзела канцэрна «І.Г.Фарбэніндустры» ў Леверкузене, з 1940 дырэктар хім. ін-та Кёльнскага ун-та. Адкрыў у 1928 сумесна з О.Дзільсам прынцып і распрацаваў асновы дыенавага сінтэзу, даследаваў яго заканамернасці (правіла Альдэра) і стэрэахім. асаблівасці, выкарыстаў гэту рэакцыю для вывучэння хім. саставу рэчываў прыроднага паходжання (тэрпенаў, эргастэрыну і вітаміну D). Нобелеўская прэмія 1950 (разам з Дзільсам).

т. 1, с. 277

АЛЬДЭРО́ГЕ Дзмітрый Аляксеевіч

(6.5.1903, Вільня — 30.4.1987),

афрыканіст, этнограф, гісторык, мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). Чл. франц. Т-ва афрыканістаў і Міжнар. афр. ін-та. Чл.-кар. Школы ўсх. і афр. моў (Лондан) і многіх акадэмій. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). У 1927—28 вывучаў мовы, этнаграфію і музейную справу ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі. З 1945 праф. Ленінградскага ун-та, з 1947 у Ін-це этнаграфіі Рас. АН. Асн. працы па праблемах сац. ладу, сістэмах роднасці, культуры і моў народаў Афрыкі: «Малайская сістэма роднасці» (1951), «Старажытнасці Беніна» (т. 1—3, 1953—57), «Мастацтва народаў Заходняй Афрыкі ў музеях СССР» (1958), «Мовы і пісьменства народаў Афрыкі» (1963), «Каланіяльнае грамадства» (1973) і інш.

т. 1, с. 278

АЛЬЕ́НДЭ ГО́СЕНС (Allende Gossens) Сальвадор

(26.7.1908, г. Вальпараіса, Чылі — 11.9.1973),

дзярж. і паліт. дзеяч Чылі. Скончыў Чылійскі ун-т (1932). Па адукацыі ўрач. Адзін з заснавальнікаў (1933) і кіраўнікоў Сацыяліст. партыі Чылі. У 1937—41 дэп. Нац. кангрэса. У 1939—42 міністр аховы здароўя ва ўрадзе Нар. фронту. У 1945—70 сенатар (у 1966—69 старшыня сената). У 1970 выбраны ад блока Нар. адзінства прэзідэнтам краіны. Загінуў у час ваен. перавароту.

С.Альендэ Госенс.

т. 1, с. 278

АЛЬЗІНІ́ЦА,

рака на Пн Беларусі, ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Ушача (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 270 км². Выцякае з воз. Жабінок, цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага узв. праз азёры Селішча і Матырына.

т. 1, с. 278

АЛЬКАБА́ЛА

(ісп. alcabala ад араб. алькабала збіранне),

падатак на гандлёвыя здзелкі ў Іспаніі (12 ст. — 1845) і яе калоніях (2-я пал. 16 — пач. 19 ст.). З 14 ст. — пастаянны дзярж. падатак. Увядзенне альбакалы ў 1571 у Нідэрландах стала адной з прычын паўстання на Пн краіны ў 1572.

т. 1, с. 278

АЛЬКА́ЛЬД

(ісп. alcalde ад араб. алькады суддзя),

1) дзярж. чыноўнік, які выконваў пераважна суд. функцыі ў правінцыях сярэдневяковай Іспаніі.

2) У сучаснай Іспаніі і шэрагу дзяржаў Лац. Амерыкі выбарны і зацверджаны ўрадам кіраўнік муніцыпальнай адміністрацыі; выконвае адм. і некаторыя суд. функцыі.

т. 1, с. 278

АЛЬКЕ́Ж

(польск. alkierz),

вуглавая частка будынка або прыбудова, накрытая асобным дахам, якая знадворку выступае за плоскасць сцен. Алькеж атрымаў пашырэнне ў палацава-замкавым дойлідстве і сядзібных дамах Беларусі і Польшчы ў 16—19 ст. Напачатку гэта былі 2 ці 4 вежападобныя прыбудовы ў тарцах дома, накрытыя самастойнымі шатровымі дахамі (ад замкавых вежаў 16—17 ст.). З сярэдзіны 18 ст. відазмяніліся, ператварыліся ў развітыя крылы дома-сядзібы (г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.). Выкарыстоўваліся як спальні ці дапаможныя памяшканні.

Алькеж сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага раёна.

т. 1, с. 278

АЛЬКЛЕ́Д

[ад ал(юміній) + англ. clad пакрыты],

паўфабрыкат (ліст, труба) з высокатрывалага алюмініевага сплаву, пакрыты (плакіраваны) алюмініем высокай чысціні або інш. сплавам. Таўшчыня плакіравальнага слоя не менш як 35 мкм, што забяспечвае электрахім. ахову ад карозіі, зніжае стат. стамляльную трываласць матэрыялу.

т. 1, с. 278