Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАКЛА́ДНАСЦЬ,

ступень прыбліжэння сапраўднага значэння параметраў працэсу, прадмета, рэчыва да іх тэарэт. намінальнага значэння.

Д. апрацоўкі — ступень прыбліжэння формы, памераў і становішча апрацаванай паверхні дэталі да патрабаванняў чарцяжа і тэхн. умоў. Вызначаецца квалітэтам. Д. вымярэнняў — характарыстыка вымярэнняў, якая паказвае ступень блізкасці да нуля хібнасці вымярэнняў. Лікава выражаецца значэннем, адваротным модулю адноснай хібнасці (АХ) вымярэння. Напр., пры АХ, роўнай 2% (або 0,02), Д. вымярэнняў роўная 1/0,02 = 50. Д. меры і вымяральнай прылады — ступень блізкасці значэнняў меры або паказання прылады да сапраўднага значэння велічыні, якая ўзнаўляецца мерай або вымяраецца прыладай (гл. Класы дакладнасці). Д. лічбавай вымяральнай машыны характарызуецца значэннем макс. хібнасці выніку вылічэнняў. Павышаецца зменай метаду вылічэнняў (павелічэннем ліку аперацый, зменай іх парадку і г.д.) або ўвядзеннем аперацый з лікамі павялічанай разраднасці.

т. 6, с. 12

ДАКЛЯРО́ВІЧ

(таксама Дыклер, імя невяд.; 1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчык. З мяшчан. З 1756 вучыўся ў мясц. балетнай школе кн. Г.Ф.Радзівіла (педагогі А.Пуціні і Л.М.Дзюпрэ) і танцаваў у яго прыдворным т-ры ў Слуцку (дэбютаваў у 1758 у «Балеце на тры пары», лібрэта і паст. Пуціні), а таксама ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча), гастраліраваў у Нясвіжы. З 1760 вядучы танцоўшчык балетнай трупы Нясвіжскага т-ра М.К.Радзівіла Рыбанькі.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 13

ДАКО́ЛЬКА, Даколь,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р. Пціч (бас. р. Прыпяць). Даўж. 43 км. Пл. вадазбору 462 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Кармазы Старадарожскага р-на, цячэ па паўн. ч. Прыпяцкага Палесся. Асн. прытокі — р. Сноўка (справа) і р. Ольніца (злева). Даліна невыразная. Шыр. рэчышча 5—20 м, у вусці — 12 м. Каналізаваная на ўсім працягу.

т. 6, с. 13

ДАКО́ЎСКІ Дака

(7.8.1919, с. Тырнак Врачанскай акругі, Балгарыя — 28.1.1962),

балгарскі кінарэжысёр. Засл. арт. Балгарыі (1963, пасмяротна). У 1938—41 акцёр у т-рах Сафіі і Скопле. Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1952). Дэбютаваў фільмам «Пад прыгнётам» (паводле І.Вазава, 1952; Дзімітроўская прэмія 1953). Яго творчасці характэрна распрацоўка гераічных характараў і значных тэм: «Беспакойны шлях» (1955, Дзімітроўская прэмія 1959), «Тайная вячэра седмакоў» (1957; у сав. пракаце «Закон дазваляе»), «Стубленскія ліпы» (1960) і інш.

т. 6, с. 13

ДАКРЫЯАДЭНІ́Т

(ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),

запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).

т. 6, с. 13

ДАКРЫЯЦЫСТЫ́Т

(ад грэч. dakryon сляза + цыстыт),

запаленне слёзнага мяшка вока. Бывае хранічны і востры. Прычына Д.: звужэнне ці поўнае закрыццё слёзна-насавога канала, затрымка адтоку слёзнай вадкасці з поласці слёзнага мяшка і развіццё ў ім патагенных мікробаў. Д. у нованароджаных бывае пры закрытым прасвеце слёзна-насавога канала зародкавай перапонкай. Прыкметы: слёзацячэнне і гнойныя выдзяленні ў кан’юнктывальнай поласці; пры націсканні на вобласць слёзнага мяшка са слёзных кропак выдзяляецца слізістая ці гнойная вадкасць. Лячэнне хірургічнае, у нованароджаных — масаж, прамыванне антысептычнымі растворамі пад ціскам ці зандзіраванне металічным зондам слёзна-насавога канала.

Л.М.Марчанка.

т. 6, с. 13

ДАКС

(Dax),

прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж. Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.Бардо.

т. 6, с. 13

ДАКТРЫ́НА

(лац. doctrina),

сістэматызаванае вучэнне (звычайна філас., паліт., ідэалаг.), звязная канцэпцыя, сукупнасць тэарэт. ці паліт. прынцыпаў, напр., ваенная дактрына. Тэрмінам Д. звычайна карыстаюцца пры абазначэнні поглядаў з адценнем схаластычнасці і дагматызму. Фармальнае, некрытычнае прытрымліванне пэўнай Д. наз. дактрынёрствам.

т. 6, с. 13

ДАКТУРО́ЎСКІ Уладзімір Сямёнавіч

(18.11.1884, г. Мікалаеў, Украіна — 20.3.1935),

савецкі балотазнавец і палеабатанік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1907). З 1908 працаваў у Пецярбургскім бат. садзе, з 1918 на навук. і пед. рабоце ў Маскве, з 1934 у БДУ. Распрацаваў метад вывучэння сувязі паміж раслінным покрывам, водным рэжымам, геал. будовай балот і хім. саставам торфу. Увёў у практыку метад пылковага аналізу торфу. Склаў падрабязную характарыстыку балотных масіваў Беларусі, еўрап. ч. Расіі, Закаўказзя, Зах. Сібіры, Д. Усходу.

Тв.:

Тарфяныя балоты, іх утварэнне і развіццё. Мн., 1930.

т. 6, с. 13

ДАКТЫЛА... (ад грэч. daktylos палец), першая састаўная частка складаных слоў, што абазначае: які звязаны з пальцамі, які адносіцца да пальцаў, напр., дактылалогія, дактыласкапія.

т. 6, с. 13