РЭВІ́ЗІЯ,
праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.
т. 13, с. 545
РЭВІЗІЯНІ́ЗМ [ад лац. revisio (revisionis) перагляд],
у шырокім сэнсе — перагляд, радыкальнае пераасэнсаванне фундаментальных палажэнняў у працэсе эвалюцыі грамадскай думкі, ідэйна-паліт. плыні, рэліг. вучэння, грамадскай навукі (філасофіі, гісторыі, правазнаўства і інш.). Узнікненне Р. звязана са з’яўленнем новых сац. груп. паліт. груповак, навук. школ і іх барацьбой за пануючыя пазіцыі ў ідэалогіі, палітыцы ці навуцы. У вузкім сэнсе — плынь у ідэалогіі рабочага руху канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая ажыццяўляла рэвізію палажэнняў марксісцкай тэорыі. Узнік у канцы 1870-х г. у Германіі, прадстаўнікамі якога быў прапанаваны перагляд асн. палажэнняў марксісцкай рэв. тэорыі (І.Хёхберг, Э.Бернштэйн). Як самастойная плынь Р. усталяваўся ў 1890-я г. і распаўсюдзіўся ў Аўстра-Венгрыі (К.Каўцкі, О.Баўэр), Расіі (С.Пракаповіч, Л.Мартаў), Францыі (А.Лефеўр, Р.Гарадзі), ЗША (Дж.Гейтс), Польшчы (Л.Калакоўскі) і інш. Асн. рысы Р.: у філасофіі — адмаўленне матэрыяліст. дыялектыкі і яе законаў, крытыка ідэі рэв. перабудовы грамадства; у эканамічнай тэорыі — сцвярджэнні, што развіццё буйных капіталіст. прадпрыемстваў (трэстаў, карпарацый, суперкарпарацый) на аснове навук.-тэхн. прагрэсу прыводзіць да змякчэння сац. супярэчнасцей і затухання класавай барацьбы; у рэвалюцыйнай тэорыі — адмаўленне дыктатуры рабочага класа, проціпастаўленне марксізму ленінізму і абмежаванне ідэй У.І.Леніна межамі Расіі.
Літ.:
Ленін У.І. Марксізм і рэвізіянізм // Тв Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);
Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм? «Ответ Г.Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;Каутский К. Демократия и социализм: фрагменты работ разных лет. М., 1991; Гароди Р. Марксизм XX в.: Пер. с фр. М., 1994.
В.І.Боўш.
т. 13, с. 546
«РЭВІ́ЗІЯ КО́БРЫНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»
(«Ревизия Кобринской экономии, составленная в 1563 г. королевским ревизором Дмитрием Сапегою, с присовокуплением актов Браславского земского суда, относящихся к Кобринской Архимандрии»),
выданне гасп.-юрыд. дакументацыі Кобрынскай эканоміі сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1876). Публікацыя змяшчае кнігу з вынікамі праведзенай у 1563 рэвізіі валочнай памеры ў эканоміі (на польск, мове). Пералічаны гаспадары пляцоў г. Кобрын, Дабучын (Пружаны), Гарадзец з пазначэннем колькасці сядзібнай, агароднай і палявой зямлі, сял. гаспадаркі ў сёлах з пазначэннем велічыні надзелаў і павіннасцей. Адзначаны 98 сёл, за цяглымі сялянамі замацавана 612 валок ворнай зямлі, за велікакняжацкімі фальваркамі — 89 валок. Выданне — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі, гіст. геаграфіі і анамастыцы.
т. 13, с. 545
«РЭВІ́ЗІЯ ПУ́ШЧАЎ І ПЕРАХО́ДАЎ ЗВЯРЫ́НЫХ У БЫЛЫ́М ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВЕ ЛІТО́ЎСКІМ»
(«Ревизия пущи переходов звериных в бывшем Великом княжестве Литовском, с присовокуплением грамот и привилегий на входы в пущи и на земли, составленная старостою мстибоговским Григорием Богдановичем Воловичем в 1559 г., с прибавлением другой актовой книги, содержащей в себе привилегии, данные дворянам и священникам Пинского повета, составленной в 1554 году»),
выданне гасп.-юрыд. дакументацыі дзярж. і прыватных уладанняў ВКЛ сярэдзіны 16 ст., ажыццёўленае Віленскай археаграфічнай камісіяй (Вільня, 1867). Змяшчае «Реистр списанья и выведанья пущ и переходов звериных», складзены ў 1559 Р.Б.Валовічам па даручэнні вял. кн. ВКЛ і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. У дакуменце дадзена апісанне дзярж, пушчаў у паўн. Украіне, паўд. і зах. Беларусі і Літве з пазначэннем іх межаў на карце (не збераглася). Адзначаны «оступы» — месцы палявання, сёлы ў пушчах, колькасць у іх «службаў» і людзей. Адначасова з правядзеннем апісання была зроблена праверка правоў навакольнай шляхты на валоданне землямі і карыстанне пушчамі. Выданне — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі, мае вялізны матэрыял па гіст. геаграфіі, анамастыцы, генеалогіі.
т. 13, с. 545
РЭВІ́ЗСКАЯ ДУША́,
адзінка ўліку мужчынскага насельніцтва Рас. імперыі ў 1718—1887 (у Сібіры да 1899). Тэрмін узнік у сувязі з заменай падворнага абкладання падушным падаткам. У выніку рэвізій складаліся т.зв. рэвізскія сказкі на асоб. якія ўлічваліся рэвізіямі і атрымалі назву Р.д. Кожная Р.д. лічылася наяўнай да наступнай рэвізіі нават у выпадку смерці чалавека (адсюль — «мёртвыя душы»).
т. 13, с. 546
РЭВІ́ЗСКІЯ СКА́ЗКІ,
пайменныя спісы насельніцтва Рас. імперыі 18—19 ст., якое было ахоплена рэвізіямі (перапісамі). Складаліся памешчыкамі або іх аканомамі, у паселішчах дзярж. сялян — старастамі, у гарадах — прадстаўнікамі гар. ўпраўлення. У Р.с. ўключаліся ўсе жыхары паселішча з паказам узросту і сямейнага становішча. Апрача колькасці насельніцтва ўключалі звесткі пра яго геагр. размяшчэнне, саслоўны, нац. склад і інш.
т. 13, с. 546
РЭВУЭ́ЛЬТАС ((Revueltas) Сільвестрэ) (31.12.1899, г. Сант’яга-Папаск’яра, Мексіка —5.10.1940),
мексіканскі кампазітар, скрыпач, дырыжор. Вучыўся ў Нац. кансерваторыі Мехіка (1913—16), у Муз. каледжы Чыкага (1918—20, 1922—24). З 1928 дырыжор Сімф. аркестра ў Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Яго творчасці ўласцівы глыбокае разуменне нац. характару, зварот да традыц. мекс. тэм і сюжэтаў, дэмакр. накіраванасць. Сярод твораў: балет «Гуляка-апалонік» (1935); сімф. паэмы для арк., у т. л. «Вулічныя скрыжаванні» (1930), «Дарогі» (1934), «Сенсенмайя» (1938); творы для камернага арк., у т. л. «У гонар Гарсія Лоркі» (1936); 4 стр. квартэты (1930—32), песні, музыка да кінафільмаў.
т. 13, с. 546
РЭВЮ́ (франц. revue агляд),
від тэатральна-эстраднага прадстаўлення, якое складаецца з асобных самаст, драм. і сатыр. сцэн з песнямі, танцамі і цыркавымі нумарамі, аб’яднанымі скразной тэмай і адзіным складам выканаўцаў. Як муз.-драм. жанр аб’ядноўвае ў сабе элементы аперэты, балета, кабарэ і вар’етэ. Распаўсюдзіўся ў Францыі ў 19 ст. У канцы 19 ст. пад уплывам вар’етэ і мюзік-хола ўзнікла т.зв. пастановачнае Р. — пышнае забаўляльнае прадстаўленне. У ЗША склалася нац. разнавіднасць жанру Р. — шоу. Прадстаўнікі жанру Р. ў СССР: кампазітары М.Блантэр, І.Дунаеўскі, С.Кац, Дз.Пакрас, Л.Уцёсаў, рэжысёр М.Акімаў, драматург М.Эрдман, акцёры Р.Зялёная, А.Менакер, М.Міронава, Р.Ярон і інш. (гл. таксама Агляд).
т. 13, с. 546
РЭ́ВЯКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 7.9.1935, Мінск),
бел. вучоны ў галіне палімерных матэрыялаў. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1958). З 1958 на Мінскім з-дзе «Тэрмапласт» (з 1961 гал. інжынер). З 1963 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні ўплыву структуры і саставу палімераў на іх тэхнал. і фіз.-мех. характарыстыкі, распрацоўцы метадаў мадыфікацыі палімераў і атрымання кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.
Тв.:
Тэарэтычныя асновы перапрацоўкі палімераў. Ч. 1—2. Мн., 1992—94 (разам з М.Р.Пракапчуком);
Создание композиционных материалов на основе термопластов методами физико-химической модификации. Мн., 1999 (у сааўт.);
Разлік і канструяванне пластмасавых вырабаў і форм. Ч. 1—3. Мн., 1999—2001 (разам з В.М.Каспяровіч).
т. 13, с. 546
РЭГА́ЛІІ (лац. regalia ад regalis царскі),
1) знешняя адзнака манархічнай улады (карона, скіпетр, трон, парфіра і інш.).
2) Знак узнагароды (ордэн, медаль і інш.).
3) Манапольнае права вярх. улады (каралёў, буйных феадалаў) у феад. Еўропе на атрыманне пэўных даходаў (мыта, пошліна, штрафы і інш.).
т. 13, с. 546