РЭВІЗІЯНІ́ЗМ [ад лац. revisio (revisionis) перагляд],

у шырокім сэнсе — перагляд, радыкальнае пераасэнсаванне фундаментальных палажэнняў у працэсе эвалюцыі грамадскай думкі, ідэйна-паліт. плыні, рэліг. вучэння, грамадскай навукі (філасофіі, гісторыі, правазнаўства і інш.). Узнікненне Р. звязана са з’яўленнем новых сац. груп. паліт. груповак, навук. школ і іх барацьбой за пануючыя пазіцыі ў ідэалогіі, палітыцы ці навуцы. У вузкім сэнсе — плынь у ідэалогіі рабочага руху канца 19 — сярэдзіны 20 ст., якая ажыццяўляла рэвізію палажэнняў марксісцкай тэорыі. Узнік у канцы 1870-х г. у Германіі, прадстаўнікамі якога быў прапанаваны перагляд асн. палажэнняў марксісцкай рэв. тэорыі (І.​Хёхберг, Э.​Бернштэйн). Як самастойная плынь Р. усталяваўся ў 1890-я г. і распаўсюдзіўся ў Аўстра-Венгрыі (К.​Каўцкі, О.​Баўэр), Расіі (С.​Пракаповіч, Л.​Мартаў), Францыі (А.​Лефеўр, Р.​Гарадзі), ЗША (Дж.​Гейтс), Польшчы (Л.​Калакоўскі) і інш. Асн. рысы Р.: у філасофіі — адмаўленне матэрыяліст. дыялектыкі і яе законаў, крытыка ідэі рэв. перабудовы грамадства; у эканамічнай тэорыі — сцвярджэнні, што развіццё буйных капіталіст. прадпрыемстваў (трэстаў, карпарацый, суперкарпарацый) на аснове навук.-тэхн. прагрэсу прыводзіць да змякчэння сац. супярэчнасцей і затухання класавай барацьбы; у рэвалюцыйнай тэорыі — адмаўленне дыктатуры рабочага класа, проціпастаўленне марксізму ленінізму і абмежаванне ідэй У.​І.​Леніна межамі Расіі.

Літ.:

Ленін У.І. Марксізм і рэвізіянізм // Тв Т. 15 (Полн. собр. соч. Т. 17);

Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм? «Ответ Г.​Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;Каутский К. Демократия и социализм: фрагменты работ разных лет. М., 1991; Гароди Р. Марксизм XX в.: Пер. с фр. М., 1994.

В.​І.​Боўш.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)