РЭВІ́ЗІЯ,

праверка фін.-гасп. дзейнасці прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў або службовых асоб за пэўны перыяд; асн. метад фінансавага кантролю; найб. глыбокае і поўнае абследаванне фін.-гасп. дзейнасці юрыд. асоб з мэтай праверкі яе законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці. Р. праводзяць розныя кантралюючыя органы, найчасцей фінансавыя, а таксама органы дзярж. кіравання ў адносінах да падведамных арг-цый. Могуць праводзіцца паводле плана гэтых органаў і па ўказанні інш. кампетэнтных органаў, у т. л. праваахоўных. Паводле аб’екта праверкі адрозніваюць Р. дакументальныя, фактычныя, поўныя (суцэльныя), выбарачныя (частковыя). Бываюць планавыя і пазапланавыя (калі патрабуецца неадкладная праверка), комплексныя (праводзяцца сумесна некалькімі кантралюючымі органамі). Пры правядзенні дакументальнай Р. правяраюцца дакументы (асабліва першасныя грашовыя), таксама справаздачы, каштарысы і да т.п. Фактычная Р. азначае праверку дакументаў, наяўнасць грошай, матэрыяльных каштоўнасцей. Вынікі Р. афармляюцца актам, які мае важнае юрыд. значэнне. Акт падпісваюць кіраўнік рэвізійнай групы, кіраўнік і гал. бухгалтар арг-цыі, якую рэвізуюць. Свае пярэчанні і заўвагі кіраўнік і гал. бухгалтар абавязаны ў пісьмовай форме прыкласці да акта і падпісаць яго.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)