Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУКО́РСКАЯ СЯДЗІ́БА.

Існавала ў 19 — пач. 20 ст. ў в. Дукора Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Належала Оштарпам, з 1874 — Гартынгам. У сядзібны комплекс у стылі класіцызму ўваходзілі палац, касцёл, гасп. пабудовы, парк.

Палац — 2-павярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак (пабудаваны ў 19 ст. Л.Оштарпам). Гал. фасад быў аформлены 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам. Да тарцоў былі прыбудаваны 1-павярховыя прамавугольныя ў плане аранжарэі. Палац меў шмат жылых і парадных пакояў, б-ку на некалькі тысяч тамоў, архіў і інш. памяшканні. Была калекцыя твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва (у т. л. карціны Ф.Смуглевіча, Я.Дамеля), існаваў аркестр. Каля палаца стаяў касцёл 18 ст. Зруйнаваны ў гады Вял. Айч. вайны. Захаваліся флігель, уязная брама, фрагменты пейзажнага парку.

Ю.А.Якімовіч.

Дукорская сядзіба. Палац. З малюнка Н.Орды. 19 ст.

т. 6, с. 256

ДУКО́РСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,

удзельнікі барацьбы супраць польскіх акупантаў на тэр. Ігуменскага і Мінскага пав. у 1919—20. У кастр. 1919 — крас. 1920 пад кіраўніцтвам Мінскага падп. к-та КП(б)ЛіБ у Дукорскай, Пярэжырскай, Самахвалавіцкай, Сенніцкай і інш. валасцях створаны партыз. групы і атрады (каля 600 чал., кіраўнікі А.А.Блажко, С.Р.Камлюк, Г.Ф.Катлянік, А.А.Крывашчокі і інш.). Партызаны вялі агітработу сярод сялян, псавалі лініі сувязі, выконвалі заданні камандавання Чырв. Арміі. Падпольны к-т сіламі партызан і падпольшчыкаў рыхтаваў у маі 1920 адначасовы ўдар па ворагу ў некалькіх месцах, але гэтаму перашкодзілі праведзеныя дэфензівай 27—28 крас. і ў ноч на 3 мая арышты ў вёсках Козырава, Калядзічы, Гатава, Дукора, Харавічы і інш. Пасля катаванняў паводле прыгавору ваен.-палявога суда 17.5.1920 ва ўрочышчы Пушча (каля в. Дукора) расстраляны 11 Д.п.: А.К.Ахрамовіч, Блажко, П.К.Буры, І.І.Камлюк, І.Р.Камлюк, С.Р.Камлюк, Катлянік, Крывашчокі, М.Ф.Маліноўскі, П.С.Пазняк, М.І.Рудовіч. 30 партызан сасланы ў польскія турмы на тэрмін ад 1 да 10 гадоў, дзе 5 з іх загінулі. У в. Пярэжыр і на месцы расстрэлу партызан пастаўлены помнікі.

У.У.Грамовіч.

т. 6, с. 256

ДУ́КСА (Мар’ян Мікалаевіч) (н. 5.4.1943, в. Каракулічы Мадзельскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічае. Друкуецца з 1960. Аўтар зб-каў вершаў «Спатканне» (1967), «Крокі» (1972), «Прыгаршчы суніц» (1976), «Зона супраціўлення» (1982), «Твая пара сяўбы» (1985), «Заснежаныя ягады» (1989, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1990), «Горн прымірэння» (1993) і інш., для дзяцей — «Зялёны акварыум» (1980). Прыгажосць Бацькаўшчыны, роднай прыроды, паэзія кахання, праблемы дабра і зла, веры — асн. матывы яго твораў.

Тв.:

Валуны на пагорках. Мн., 1994.

Літ.:

Стальмахоў В. Паэтычнае слова Мар’яна Дуксы // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе. Мн., 1979.

т. 6, с. 256

ДУ́КТАЎ (Уладзімір Уладзіміравіч) (н. 28.12.1953, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1976). Працаваў у прэсе, на парт. рабоце. З 1994 сакратар Магілёўскага абл. аддз. СП Беларусі. Друкуецца з 1986. Аўтар кн. прозы «Дзякуй і даруй» (1993), «Трэцяя асоба» (1997).

т. 6, с. 256

ДУ́ЛАВА (Вера Георгіеўна) (н. 27.1.1910, Масква),

расійская арфістка, педагог. Нар. арт. Расіі (1966), нар. арт. СССР (1976). Дачка скрыпача Г.Дулава. Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1920—22 у К.Эрдэлі, 1922—25 у М.Карчынскай), з 1943 выкладала ў ёй (праф. з 1958). У 1929—31 салістка Маскоўскай філармоніі, у 1932—84 — аркестра Вял. т-ра. З 1930-х г. гастраліравала, у т. л. за рубяжом. З яе ўдзелам напісана шмат твораў для арфы (у т. л. канцэрты С.Васіленкі, А.Масалова, санаціны Л.Кніпера, А.Балціна, «Усходні танец» А.Хачатурана). Аўтар апрацовак для арфы, у т. л. твораў франц. клавесіністаў і інш., кн. «Мастацтва ігры на арфе» (1975). Сярод вучняў Э.Масквіціна, Н.Шамеева. Дзярж. прэмія СССР 1973.

т. 6, с. 256

ДУ́ЛАЎ (Андрэй Васілевіч) (н. 21.10.1924, С.-Пецярбург),

бел. вучоны-юрыст. Д-р юрыд. н. (1964), праф. (1966). Скончыў Усесаюзны завочны юрыд. ін-т (1949). З 1944 следчы пракуратуры Ленінграда. У 1954—58 выкладчык Ленінградскага ун-та. З 1958 у БДУ, у 1966—89 заг. кафедры крыміналістыкі, з 1989 выкладчык гэтай кафедры. Даследуе праблемы тэорыі суд. доказаў і метадалогіі крыміналістыкі, суд. псіхалогіі, суд. экспертыз, навук. арганізацыі дзейнасці следчых органаў. Адзін з аўтараў навуч. дапаможніка па крыміналістыцы (1996).

Тв.:

Судебная психология. 2 изд. Мн., 1975;

Тактические операции при расследовании преступлений. Мн., 1979;

Основы расследования преступлений, совершенных должностными лицами. Мн., 1985.

т. 6, с. 256

ДУЛЕ́БА (Антон Мікалаевіч) (14.1.1920, в. Дубовы Лог Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 13.12.1983),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі індустр. тарфяны тэхнікум (1937), курсы мал. лейтэнантаў (1941), Вышэйшую бранятанк. школу (1948), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1954). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бел., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1945 у баі на тэр. Польшчы: кав. эскадрон на чале са ст. лейтэнантам Д. фарсіраваў Одру, забяспечыў пераправу ўсяго кав. палка; трапіўшы ў акружэнне, арганізаваў прарыў, выратаваў байцоў і зброю. Да 1969 у Сав. Арміі.

А.М.Дулеба.

т. 6, с. 256

ДУЛЕ́БКА, Дулеба,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Ольса (бас. р. Дняпро). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 152 км². Пачынаецца за 3,7 км на Пн ад в. Ягадка. Цячэ пераважна па забалочаным лесе. Рэчышча каналізаванае на працягу 12 км.

т. 6, с. 257

ДУЛЕ́БЫ,

аб’яднанне славянскіх плямён, якое ў 6—9 ст. жыло на Валыні, сярэднім Дунаі, у Чэхіі і інш. мясцінах. У 1-й пал. 7 ст. вялі працяглую барацьбу з аварамі, у пач. 1.0 ст. ўдзельнічалі ў паходзе кн. Алега на Царград. Пасля распаду аб’яднання сфарміраваліся драўляне, валыняне і дрыгавічы. Археал. помнікі Д. — паселішчы і могільнікі з керамікай тыпу Лукі Райкавецкай. На думку В.В.Ключэўскага, Д. былі першым вял. аб’яднаннем, якое заклала аснову ўсх.-слав. дзяржаўнасці. На тэр. Беларусі, на думку М.І.Ермаловіча, Д., магчыма, перасяліліся з Пд або ПдЗ і, дайшоўшы да вусця Бярэзіны, частка іх пайшла ўверх па рацэ і асела ў сярэднім яе цячэнні, на р. Ольса, а другая іх частка перайшла Дняпро і асела ў Пасожжы (р. Дулепа).

Літ.:

Третьяков П.Н. Восточнославяские племена. 2 изд. М., 1953;

Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв. М., 1982;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусы Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.

Г.В.Штыхаў.

т. 6, с. 257

ДУЛЁЎСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д,

адно з буйнейшых у Расіі прадпрыемстваў па вырабе быт. і маст. фарфору. Засн. 1832 у пусташы Дулёва (з 1937 — г. Лікіно-Дулёва Маскоўскай вобл.) Т.Я.Кузняцовым. У 1889—1917 належаў таварыству М.С.Кузняцова. Вырабы гэтага перыяду выконваліся ў стылі мадэрн і адрозніваліся выдатнымі маст. якасцямі. З 1930-х г. пераважае размалёўка буйнымі колеравымі плямамі, пышная пазалота (сталовыя і чайныя сервізы, вазы, блюды)., З сярэдзіны 1960-х г. уводзяцца новыя, больш стрыманыя формы пасудзін. Вырабляюцца таксама дэкар. скульпт. кампазіцыі і фігуркі.

т. 6, с. 257