Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЯМЧЫ́НАЎ (Васіль Сяргеевіч) (15.1.1894, с. Грабава Пензенскай вобл., Расія — 5.11.1964),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1940), АН СССР (1946), УАСГНІЛ (1948). Д-р эканам. н. (1935). Скончыў Маскоўскі камерцыйны ін-т (1917). У 1928—48 у Маскоўскай с.-г. акадэміі імя К.​А.​Ціміразева (праф., заг. кафедры, адначасова з 1940 дырэктар). У 1949—63 старшыня Савета АН СССР па вывучэнні прадукц. сіл. З 1953 акад.-сакратар Аддзялення эканам., філас. і прававых навук АН СССР, у 1958—62 чл. прэзідыума АН СССР. Асн. працы па праблемах тэорыі і практыкі статыстыкі, развіцця прадукц. сіл і структуры грамадскай вытв-сці, распрацоўцы мадэлей планавай гаспадаркі. Дзярж. прэмія СССР 1946. Ленінская прэмія 1965.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—6. М., 1967—69.

Літ.:

В.​С.​Немчинов. М., 1964.

В.С.Нямчынаў.

т. 11, с. 411

НЯМЫ́ЛЬНЯ,

рака ў Гомельскім і Лоеўскім р-нах Гомельскай вобл. і Чарнігаўскай вобл. Украіны, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 380 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Глыбоцкае Гомельскага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Карпаўка Лоеўскага р-на. Рэчышча каналізаванае на працягу 3,5 км ад вытоку і на працягу 2,5 км на У ад в. Дзікалаўка Гомельскага р-на ўніз па цячэнні. Каля в. Дзікалаўка плаціна і сажалка.

т. 11, с. 411

НЯНЬЦЗЮ́НЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ, Няньданскае паўстанне,

паўстанне ў Кітаі ў 1852—68 супраць маньчжурскай дынастыі Цын. Арганізавана членамі тайных т-ваў «нянь» (кіт. жгут з прамасленай паперы, таксама саюз, таварыства). Пачалося ў ліст. 1852 на Пн прав. Аньхой пад кіраўніцтвам Чжан Ласіна. У 1855—56 партыз. атрады паўстанцаў дзейнічалі на тэр. правінцый Аньхой, Цзянсу і Хэнань, з 1857 сумесна з тайпінамі (гл. Тайпінскае паўстанне). Канчаткова задушана ў жн. 1868.

т. 11, с. 411

НЯПАРНАКАПЫ́ТНЫЯ, няпарнапальцыя (Perissodactyla),

атрад расліннаедных млекакормячых. Вядомы з эацэну (каля 60 млн. г. назад). 9 выкапнёвых і 3 сучасныя сям.: коневыя, насарогавыя, тапіравыя. 6 родаў, 16 відаў. Дзікія віды пашыраны ў Азіі, Афрыцы, Паўд. Амерыцы, свойскія (коневыя) — на ўсёй сушы. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна або невял. статкамі. 12 відаў і 4 падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. 1,8—5 м, маса ад 180 кг да 5 т. На нагах 1 або 3 пальцы (на пярэдніх зрэдку 4). Найб. развіты 3-і, сярэдні, палец, які заканчваецца капытом. Палігамы. Нараджаюць звычайна 1 дзіцяня.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 11, с. 411

НЯПА́РНЫ ШАЎКАПРА́Д (Lymantria, або Ocneria, dispar),

матыль сям. ваўнянак. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. Шкоднік больш як 300 відаў раслін, пераважна лясных лісцевых і пладовых дрэў.

Палавы дымарфізм моцна выяўлены (адсюль назва). У самкі крылы (размах 5,5—9 см) і грудзі брудна-белыя; брушка тоўстае, на канцы з жоўта-бурымі валаскамі; вусікі пілаватыя, чорныя. У самца пярэднія крылы (размах 3,5—5 см) шэра-бурыя, заднія (і грудзі) бурыя, з цёмным краем; брушка тонкае, з кутасікам на канцы; вусікі перыстыя, чорна-бурыя. Крылы з плямістымі (акрамя задніх у самцоў) светлымі махрамі, пярэднія з некалькімі цёмнымі звілістымі ці перарывістымі папярочнымі лініямі. Вусені даўж. 45—75 мм, шэра-бурыя, з 3 падоўжнымі жоўтымі лініямі, сінімі і чырв. валасістымі бародаўкамі, кормяцца лісцем, кветкамі. Кукалкі чырвона- ці чорна-бурыя, з валаскамі. Генерацыя аднагадовая. Зімуюць вусені ў абалонках яец.

Няпарны шаўкапрад: 1 — самец; 2 — самка; 3 — вусень на лісці дуба; 4 — кукалка.

т. 11, с. 411

НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл. Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш. слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язых. 3 изд. Мн., 1985.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 412

НЯПРЫ́НЦАЎ (Юрый Міхайлавіч) (15.8.1909, Тбілісі — 20.10.1996),

расійскі мастак. Нар. маст. СССР (1965). Правадз. чл. АМ СССР (1970). Вучыўся ў Ленінградскай АМ (1934—38). З 1948 выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна ў Ленінградзе (з 1954 праф.). Ствараў пераважна жанравыя творы, прысвечаныя Вял. Айч. вайне. Аўтар серыі афортаў «Ленінградцы» (1960—67), карціны «Прывітанне, Ленінград!» (1947), «Адпачынак пасля бою» (1951), «Трамвай прыйшоў на фронт» (1964), «Памяці загінуўшых» (1967), «Балтыйцы» (1970), «Вось салдаты ідуць» (1971). Дзярж. прэмія СССР 1952.

Літ.:

Мямлин И.Г. Ю.​Непринцев. Л., 1976.

Ю.Няпрынцаў. Адпачынак пасля бою. 1951.

т. 11, с. 412

НЯПЭ́ЎНЫЯ ВІ́ДЫ,

віды жывых арганізмаў, пагроза знікнення якіх з дадзенай тэр. ўмоўна існуе (колькасць і стан папуляцый выклікаюць трывогу), аднак ступень яе дакладна не вызначана (з-за недахопу звестак). Уключаюцца ў Чырвоныя кнігі (катэгорыя 4 Камісіі па рэдкіх і знікаючых відах МСАП). На Беларусі 1 Н.в. млекакормячых, 17 — птушак, 8 — насякомых, 7 — пакрытанасенных раслін, па 4 — грыбоў і водарасцей. Ахова Н.в. патрабуе вывучэння іх біялогіі, экалогіі і пашырэння, уліку сустрэч, кантролю за станам папуляцый, забароны здабычы (збору), аховы месцаў пражывання (росту), увядзення ў культуру і рассялення ў прыродныя экатопы (для раслін) і інш.

т. 11, с. 412

НЯРО́ПЛЯ,

рака ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Друць (бас. р. Дняпро). Даўж. 30 км. Пл. вадазбору 200 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Ількавічы, цячэ праз воз. Няропля, вусце за 3 км на ПнУ ад в. Калінаўка. Рэчышча, за выключэннем 2 км у вярхоўі, каналізаванае.

т. 11, с. 412

НЯРО́ПЛЯ,

возера ў Бялыніцкім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Няропля (цячэ праз возера), за 2 км на ПнУ ад г.п. Бялынічы. Пл. 0,26 км², даўж. 650 м, найб. шыр. 520 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору 52,4 км². Схілы катлавіны выш. 10—12 м, пераважна разараныя, участкамі пад хмызняком, на ПдЗ да 22 м, парэзаныя ярамі. Берагі вып. да 1 м.

т. 11, с. 412