НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл. Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш. слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язых. 3 изд. Мн., 1985.

А.В.Зінкевіч.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)