Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУ́НДА, Мвата-Ямва,

дзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Анголы, Замбіі і Дэмакр. Рэспублікі Конга ў канцы 16—2-й пал. 19 ст. Этн. ядро Л. — народнасць лунда (балунда). Складалася з шэрагу паўсамаст. абласцей, найб. важнай з якіх была Казембе. Значны ўплыў у дзяржаве меў савет знаці. З канца 17 ст. ўдзельнічала ў еўрап. гандлі рабамі. У канцы 18—19 ст. Л. заняпала і распалася на некалькі княстваў, якія ўвайшлі ў склад калан. уладанняў Бельгіі, Вялікабрытаніі і Партугаліі.

т. 9, с. 368

ЛУ́НДКВІСТ ((Lundkvist) Артур Нільс) (3.3.1906, Удэр’юнга, Швецыя — 1991),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1968). У ранніх зборніках паэзіі («Спёка», 1928; «Масты ночы», 1936), рамане «Рэкі цякуць да мора» (1934) моцныя ўплывы сюррэалізму ў спалучэнні з элементамі псіхааналізу і прымітывізму. Паэт. зб. «Жыццё як трава» (1954), зб. вершаў у прозе «Дрэва, якое гаворыць» (1960), раманы «Вальс у Віндынгу» (1956), «Камедыя ў Хегерскугу» (1959) вызначаюцца яснасцю формы і сац.-крытычнымі матывамі. У аповесці «Малінга» (1952), гіст. раманах «Жыццё і смерць вольнага стралка», «Воля неба» (абодва 1970) рэаліст. і мадэрнісцкія тэндэнцыі. Аўтар кн. «Макі з Ташкента» (1952), дарожных нататкаў («Вулканічны кантынент», 1957, і інш.), літ.знаўчых прац («Развагі пра замежную літаратуру», 1959, і інш.).

Тв.:

Рус. пер.: — Жизнь и смерть вольного стрелка. М., 1972;

Избранное. М., 1988.

Л.П.Баршчэўскі.

А.Лундквіст.

т. 9, с. 369

ЛУ́НДСТРЭ́М (Алег Леанідавіч) (н. 2.4. 1916, г. Чыта, Расія),

расійскі дырыжор, кампазітар. Засл. арт. Расіі (1973). Нар. арт. Расіі (1984). З 1921 у Харбіне. Скончыў Харбінскі муз. тэхнікум (1935), Вышэйшы тэхн. цэнтр у Шанхаі (1944), Казанскую кансерваторыю (1953). Арганізаваў у Харбіне джаз-аркестр (1934), разам з якім пераехаў у Шанхай (1936), потым у Казань (1947). З 1956 у Маскве, маст. кіраўнік і гал. дырыжор эстр. аркестра Расканцэрта (цяпер Канцэртны аркестр джазавай музыкі). Аўтар джазавых кампазіцый і аранжыровак, песень, музыкі да драм. спектакляў.

т. 9, с. 369

ЛУНЕ́Ц (Яўген Фёдаравіч) (29.4.1932, в. Аляксандраўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 18.5.1986),

бел. вучоны ў галіне нейрафізіялогіі. Д-р мед. н. (1973), праф. (1982). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956). З 1977 у БДУ (да 1984 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўстойлівасці галаўнога мозга да кіслароднага галадання.

Тв.:

Молекулярно-системные реакции гипоксического процесса в ткани головного мозга ( у сааўт.) // Актуальные вопросы невропатологии и нейрохирургии. Мн., 1975. Вып. 8.

т. 9, с. 369

ЛУ́НІН,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Лунінец—Пінск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г. Лунінец, 227 км ад Брэста, 2 км ад чыг. ст. Лоўча. 1939 ж., 722 двары (1999). Участак Лунінецкага дрэваапр. камбіната, 2 лясніцтвы. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Барысаглебская царква (1824).

т. 9, с. 369

ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),

расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус. арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.

Тв.:

Письма из Сибири. М., 1987.

Літ.:

Окунь С.Б. Декабрист М.С.Лунин. 2 изд. Л., 1985;

Эйдельман Н.Я. Обреченный отряд. М.,1987.

Н.К.Мазоўка.

М.С.Лунін.

т. 9, с. 369

ЛУНІНЕ́Ц,

горад, цэнтр Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны і аўтадарог. За 240 км на У ад Брэста. 24,9 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 1449 пад назвай Малы Лулін, шляхецкая ўласнасць. У 1471 с. Лулінец маёнтка Ішкалдзь, належаў Неміровічам. У 1552 удава Я.П.Неміровіча Ганна (з Сапегаў) перадала сяло свайму прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу С.С.Давойне. З 1561 сучасная назва. У 1588 сяло Навагрудскага пав., 75 дымоў, царква. У 2-й пал. 16—1-й чвэрці 17 ст. належаў Друцкім-Любецкім, Граўжышскім, Кунцавічам, Долматам і інш. У 1622 К.Долмат падараваў Л. разам з сялянамі Дзятлавіцкаму мужчынскаму манастыру. З 1793 Л. у Рас. імперыі, у Пінскім пав. Мінскай губ. У 1795—624 ж., 75 дамоў. У 1842 маёнткі манастыра перададзены ў казну, жыхары пераведзены ў катэгорыю дзярж. сялян. У 1884—86 праз Л. пракладзены Палескія чыгункі, што паспрыяла хуткаму эканам. развіццю і росту насельніцтва. У 1897—3167 ж., 855 двароў. У канцы 19 ст. заснаваны чыг. рамонтныя майстэрні (239 рабочых у 1900), працавалі 2 млыны, нар. вучылішча, царк.-прыходская школа. 3 пач. 20 ст. дзейнічаў Лунінецкі шпалапрапітны завод. 3 ліст. 1911 да лют. 1912 у Л. жыў і працаваў Я.Колас. 10.11.1917 у Л. абвешчана сав. ўлада. У ліст. 1917 тут адбыўся I з’езд Саветаў Пінскага пав. 18.2.1918 акупіраваны герм. войскамі. У студз. 1919 адноўлена сав. ўлада. 3 лют. 1919 Л. — адзін з важных вузлоў абароны на Зах. фронце ў час сав.-польскай вайны 1919—20. З 1921 у Польшчы, горад, цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяв. З 1939 у БССР, 8,3 тыс. ж. З 15.1.1940 цэнтр Лунінецкага раёна. У Вял.

Айч. вайну з 10.7.1941 да 10.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 16 637 чал., вывезлі на катаржныя работы ў Германію 2319 чал. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1970—14,3 тыс. ж.

Прамысл. прадпрыемствы: лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», рамонтна-мех. з-д, акц. т-вы «Лунінецкі малочны завод» і «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо і інш. 2 ПТВ, 4 сярэднія школы, ліцэй, муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 11 дашкольных устаноў, 2 дамы культуры, 8 б-к, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі краязнаўчы музей, 7 бальнічных устаноў. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры — Крыжаўзвіжанская царква (пач. 20 ст.).

Лунінец. Будынкі на вуліцы Савецкай.

т. 9, с. 369

ЛУНІНЕ́ЦКІ ЗАВО́Д «ПАЛЕССЕЭЛЕКТРАМАШ».

Пабудаваны ў 1975 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. як Лунінецкі з-д электрарухавікоў для сельскай гаспадаркі. З 1979 працуе чыгуналіцейны цэх, з 1990 — цэх каляровага ліцця. Сучасная назва з 1992. Асн. прадукцыя (1999): электрарухавікі трохфазныя асінхронныя і аднафазныя кандэнсатарныя, электраканфоркі для быт. электрапліт, помпы бытавыя цэнтрабежныя, устаноўкі генератарныя.

т. 9, с. 369

ЛУНІНЕ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны ў 1978, адкрыты ў 1986 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 170 м², каля 6,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў рубілы і сякеры каменнага веку з раскопак археал. помнікаў Лунінеччыны, старадрук «Мінеі-чэцці» за жн. 1705, інтэр’ер сял. хаты з кроснамі і інш. прыладамі працы, вышыванкі, самаробныя вопратка і абутак пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 1905, грамадз. вайну, Вял. Айч. вайну (стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху), вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, устаноў культуры і аховы здароўя.

т. 9, с. 370

ЛУНІНЕ́ЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў 1921—39 у Палескім ваяв. Польскай Рэспублікі. Цэнтр — г. Лунінец. У 1921 уключаў гарады Давыд-Гарадок, Столін, мястэчкі Гародна, Лахва і Кажан-Гарадок, падзяляўся на 15 гмін: Бярозаўскую, Дабраслаўскую, Заастравецкую, Кажан-Гарадоцкую, Круговіцкую, Лахвенскую, Ленінскую, Лунінскую, Пагост-Загародскую, Плотніцкую, Столінскую, Церабяжоўскую, Хатыніцкую, Хорскую, Чучавіцкую. Нас. 179 518 чал. (30.9.1921). Бярозаўская, Плотніцкая, Столінская, Церабяжоўская, Хорская гміны 6.12.1922 перададзены ў новаўтвораны Столінскі пав., Дабраслаўская і Пагост-Загародская гміны — у Пінскі пав. З 1939 павет у БССР, 15.1.1940 скасаваны, тэрыторыя падзелена на раёны.

т. 9, с. 370